Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянт — Някляеву: «Гэтым разам да вас тысяча людзей прыйшла»


Як ацэньваюць вынікі сёньняшняй сустрэчы з выбарцамі на плошчы Свабоды ў Менску палітыкі, якія бралі ў ёй удзел?

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў карэспандэнту Свабоды, што на яго, Мікалая Статкевіча і Уладзімера Някляева супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі. Як Лябедзька ацэньвае рэакцыю ўладаў?

«Яны не могуць не рэагаваць. А рэагаваць палкай — гэта рушыць тое, што яны будуюць у стасунках з Захадам. Яны вымушаныя трымаць дзьверы крыху адчыненымі. А мы мусім гэта выкарыстоўваць. Я думаю, што Коля хоча зьезьдзіць у Эўропу, а старэйшы Лукашэнка хоча атрымаць крэдыты. І гэта ўплывае на тое, што сілавікі перад днём галасаваньня скарыстаюць гэтыя пратаколы, каб на нейкі час нас ізаляваць ад выбарцаў. Я не выключаю такі сцэнар. Але пакуль яго няма, ёсьць проста паперкі, пратаколы. На іх ня варта зьвяртаць асаблівай увагі».

Паводле Лябедзькі, сёньняшняя акцыя была ў два разы большай за папярэднюю.

«Калі сыходзіць з таго, што кропля камень точыць, то ўсё нармальна. Зараз самы лепшы варыянт плошчы і ўціску на ўладу — гэта ігнараваньне гэтай выбарчай мадэлі. Калі ёсьць уціск, то ёсьць шанец, што можна яе зьмяніць».

Уладзімер Някляеў сказаў, што міліцыянты склалі на яго пратакол за правядзеньне сёньняшняй акцыі і ўручылі позву за папярэднюю. Наколькі масавай гэта акцыя была параўнальна з папярэдняй?

«Калі я спытаў у міліцыянтаў, чаго яны мне ажно дзьве паперкі прынесьлі, яны адказалі, што вы, маўляў, заслужылі, гэтым разам да вас тысяча людзей прыйшла. То бок на парадак больш людзей было, чым на першым пікеце. Да мяне падыходзілі людзі і казалі, што яны пераадолелі страх і прыйшлі, і яны шчасьлівыя з гэтага. Гэтае адчуваньне я добра разумею і адчуваў яго на Майдане. Гэта не купіш за грошы. І каб такіх людзей дадавалася, варта гэтым займацца».

Паводле Някляева, такія сустрэчы выбаршчыкаў варта праводзіць, і чарговая плянуецца 4 кастрычніка.

«Я перакананы, што яны даюць значна большы эфэкт, чым гэта відно нават на плошчы. Тут аўра, духоўны пад’ём у людзей. Але гэта разносіцца на значна большую плошчу — па хатах, па прадпрыемствах і вну. Гэта змушае людзей усё ж глыбей думаць пра сёньняшнюю сытуацыю, што ад іх вельмі многае залежыць. Нам галоўнае, каб гэты рэжым не закансэрваваўся яшчэ на доўгія гады. І каб у гэтых доўгіх гадах не зьнікла Беларусь. Я думаю, гэта разуменьне пашыраецца і дапаможа нам выйсьці з гэтай вельмі складанай сытуацыі».

Падчас акцыі Мікола Статкевіч заклікаў людзей прыйсьці на плошчу Свабоды 10 кастрычніка. Сёньня ён падсумаваў гады прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Палітык мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка не прыйшоў на сустрэчу таму, што «простыя выбаршчыкі могуць не толькі непрыемна сказаць, але і зрабіць».

«Мы лічым, што гэты чалавек зьдзейсьніў злачынства, мы ня верым у дэмакратызм і патрыятызм, які нам паказваюць. Мы лічым яго злачынцам, і месца яго — на лаве падсудных», — заявіў палітык.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG