Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАСС: Пуцін і Абама сустрэнуцца ў Нью-Ёрку


Пуцін і Абама, Пэкін, лістапад 2014

Пуцін і Абама, Пэкін, лістапад 2014

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і прэзыдэнт ЗША Барак Абама сустрэнуцца ў Нью-Ёрку на наступным тыдні падчас візыту Пуціна ў ААН. Пра гэта ў сераду, 23 верасьня, паведамляе ТАСС са спасылкай на інфармаваную крыніцу.

У Белым доме інфармацыю аб гэтай сустрэчы пакуль пацьвердзіць ня могуць. «Я не магу пацьвердзіць пляны аб сустрэчах (Абамы) падчас Генасамблеі ААН, прэзыдэнцкі графік яшчэ толькі складаецца», — распавёў агенцтву прадстаўнік адміністрацыі Абамы.

У Крамлі пацьвердзіць гэтую інфармацыю таксама пакуль не змаглі. «Пакуль не пацьвярджаю. Працуем», — цытуе РИА Новости прэс-сакратара прэзыдэнта Дзьмітрыя Пяскова.

Раней Пяскоў казаў, што Пуцін сустрэнецца з генэральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам. Адказваючы на пытаньне аб тым, ці заплянаваныя ў Пуціна іншыя сустрэчы, Пяскоў сказаў, што праграма будзе абвешчана па меры гатовасьці.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін будзе ўдзельнічаць у юбілейнай сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Выступ Пуціна заплянаваны на панядзелак, 28 вераснья.

Упершыню аб магчымай сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і ЗША ў сярэдзіне жніўня паведаміў міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, піша Slon.ru. Тады ён заяўляў, што Пуцін разгледзіць прапанову аб сустрэчы, калі ад Абамы паступіць адпаведны сыгнал. Між тым, пазьней кіраўнік адміністрацыі расейскага прэзыдэнта Сяргей Іваноў заявіў, што ў бліжэйшым часе сустрэча Пуціна з Абамам не плянуецца.

У сярэдзіне верасьня на гэтую тэму выказаўся прэс-сакратар Белага дому Джош Эрнэст, які адзначыў, што ў Абамы і Пуціна «такія адносіны, якія дазваляюць ім пагаварыць адзін з адным „бяз дурняў“». Апошні раз прэзыдэнты Расеі і ЗША праводзілі сустрэчу ў Кітаі падчас саміту АТЭС, які прайшоў у лістападзе 2014 году.

XS
SM
MD
LG