Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква пагражае адказаць на разьмяшчэньне амэрыканскай атамнай зброі ў Нямеччыне


Новыя бомбы адаптаваныя для выкарыстаньня зь нямецкіх зьнішчальнікаў-бамбавікоў Tornado

Новыя бомбы адаптаваныя для выкарыстаньня зь нямецкіх зьнішчальнікаў-бамбавікоў Tornado

РФ адрэагуе на разьмяшчэньне атамнай зброі ЗША ў Нямеччыне. Паводле прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі, рэалізацыя плянаў Вашынгтону тоіць у сабе «парушэньне стратэгічных балянсаў ў Эўропе».

Расея мае намер ужыць захады ў адказ у сувязі з плянамі ЗША разьмясьціць новыя тактычныя ядзерныя бомбы ў Нямеччыне, паведаміла 23 верасьня агенцтва «Інтэрфакс». «Гэта можа прывесьці да парушэньня стратэгічных балянсаў ў Эўропе. Таму, безумоўна, гэта запатрабуе ад Расеі прыняцьця адпаведных контракрокаў, контразахадаў для аднаўленьня стратэгічнага балянсу і парытэту, — заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў. — Безумоўна, гэта ня крок у бок умацаваньня стабільнасьці і павышэньня ўзроўню даверу і ў бок забесьпячэньня бясьпекі ў Эўропе».

Прэс-сакратар ня стаў канкрэтызаваць захады Масквы ў адказ, адзначае інтэрнэт-партал агенцтва ТАСС. «Гэта тыя крокі, якія спатрэбяцца для забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі Расеі і аднаўленьня стратэгічнага парытэту», — сказаў Пяскоў.

Напярэдадні стала вядома, што ЗША прыступаюць да разьмяшчэньня новага віду ядзернай зброі на авіябазе бундэсвэру «Бюхель» ў фэдэральнай зямлі Рэйнлянд-Пфальц. Пра гэта паведаміў, у прыватнасьці, нямецкі тэлеканал ZDF са спасылкай на, амэрыканскія бюджэтныя пляны, якія трапілі ў яго распараджэньне.

XS
SM
MD
LG