Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя сацыёлягі: на выбары хочуць пайсьці 86,2% беларусаў


72% пэўна зьбіраюцца, яшчэ 14,2% хутчэй пойдуць, а 3,3% беларусаў ня ведаюць пра выбары, сьцьвярджаюць аўтары дасьледаваньня.

Інфармацыйна-аналітычны цэнтар і Інстытут сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук апублікавалі вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня, паводле якіх больш за 86% беларусаў зьбіраюцца пайсьці на прэзыдэнцкія выбары.

У прыватнасьці, паводле дасьледаваньня, 72% беларусаў пэўна зьбіраюцца пайсьці на выбары, яшчэ 14,2% адказалі на пытаньне пра ўдзел у выбарах «хутчэй так». Гараджане больш актыўныя: на выбары зьбіраюцца пайсьці 91,2% гарадзкіх жыхароў і 84,1% сельскіх. Больш на выбары хочуць старэйшыя: ва ўзросьце 18–29 год на выбары зьбіраюцца ісьці 79,8% беларусаў, 30–59 год — 87,5%, 60 год і больш — 91,2%. Пра тое, што выбары пройдуць 11 кастрычніка, ня ведаюць 3,3% насельніцтва.

Гэтым вынікам ня раіць верыць палітоляг Павал Вусаў:

«Іншай лічбы я не чакаў ад прадзяржаўных сацыёлягаў, — кажа Вусаў. — На працягу ўсіх гэтых гадоў калі даваліся дадзеныя з боку афіцыйных сацыялягічных цэнтраў, заўсёды яўка складала каля 90%, ніколі не было меней. Па-першае, улады намагаюцца легітымізаваць сам працэс выбараў, да якога вельмі вялікі скепсіс з боку розных удзельнікаў гэтай кампаніі, у тым ліку з боку грамадзтва. Каб усяліць у грамадзтва думку, што яно зьбіраецца браць удзел у выбарах, даюць такія лічбы.

Кампанія байкоту, якую распачала частка апазыцыі, можа паўплываць на сытуацыю, панізіць яўку. Не да значнай меншасьці, бо частка беларусаў усё роўна брала б удзел у выбарах. Але да не такой колькасьці, якую хочуць паказаць улады. Чакаць, што беларускія ўлады зьменшаць „свой“ адсотак, было б памылкова».

У чэрвені НІСЭПД рабіў дасьледаваньне, паводле якога 71,7% беларусаў пэўна зьбіраліся ці хутчэй зьбіраліся пайсьці на выбары. Больш сьвежых зьвестак ад НІСЭПД няма. Ці можна верыць у 71,7%, пытаем у Паўла Вусава:

Павал Вусаў

Павал Вусаў

«Цяжка ўвогуле нешта аб’ектыўна казаць адносна сацыялягічных дасьледаваньняў у Беларусі. Шмат прэтэнзіяў было і да лічбаў, якія падае Манаеў (сузаснавальнік НІСЭДП. — РС). Я думаю, што на выбары былі б гатовыя пайсьці трошкі больш за 50%. Але пытаньне для ўладаў ня ў тым, каб выбары адбыліся, каб на іх прыйшлі 50 плюс 1 адсотак, а каб атрымаць абсалютны максымум падтрымкі ад гэтых выбараў. А для гэтага трэба, каб 90% грамадзян прыйшлі на выбары.

Амаль усе аўтарытарныя рэжымы на постсавецкай прасторы выкарыстоўваюць такія лічбы. На выбары прыходзіць 90%, за дзейнага прэзыдэнта галасуюць каля 90%. За Лукашэнку будзе 80%, як заўсёды.

Але пра нейкі навуковы падыход да таго, што адбываецца ў Беларусі, казаць немагчыма. Па-першае, у нас забароненыя сацыялягічныя дасьледаваньні, калі няма дазволу з боку ўладаў. Па-другое, чакаць, што праўладныя цэнтры будуць праводзіць нейкія аб’ектыўныя дасьледаваньні, памылкова».

Паводле афіцыйных зьвестак, на беларускіх выбарах-2010 яўка склала 90,65% выбарцаў, Лукашэнка набраў 79,65% галасоў.

На апошніх на сёньня выбарах у Расеі ў 2012 годзе Пуціну далі 71,31% галасоў (яўка 65,34%), ва Ўкраіне ў 2014-м за Парашэнку прагаласавалі 54,7% (яўка 60,29%), а ў Польшчы ў 2015-м за пераможцу, Анджэя Дуду, у другім туры прагаласавалі 51,55% выбарцаў (яўка 55,34%).

У 2012 годзе на выбарах у Туркмэністане дзейны прэзыдэнт Бэрдымухамэдаў набраў 97,14% галасоў (яўка 96,28%), на выбарах у Казахстане, якія прайшлі ў 2015 годзе, Назарбаеў, паводле афіцыйных зьвестак, набраў 97,75% (яўка 95,22%), на выбарах-2015 ва Ўзбэкістане Карымаў набраў 90,76% (яўка 91,08%).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG