Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты разбурылі згоду ў Эўразьвязе?


Самі міністраў унутраных справаў ЭЗ у Люксэмбургу. 22 верасьня 2015 году.
Самі міністраў унутраных справаў ЭЗ у Люксэмбургу. 22 верасьня 2015 году.

Старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск заклікаў лідэраў 28 краін-удзельніц Эўразьвязу да згоды адносна вырашэньня крызысу з уцекачамі.

У лісьце, накіраваным усім прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам ЭЗ Туск адзначыў, што існуе «доўгі сьпіс пытаньняў, у якіх мы маглі б абвінаваціць адзін аднаго, але гэта не дапаможа нам у пошуку агульнага рашэньня».

Заклік Туска зьявіўся ў сувязі зь сёньняшнім надзвычайным самітам ЭЗ у Брусэлі, які, як мяркуецца, канчаткова ўхваліць плян перасяленьня 120 тысяч мігрантаў з Грэцыі, Італіі і іншых краін ЭЗ, каб больш раўнамерна разьмеркаваць выдаткі і абавязкі, зьвязаныя з урэгуляваньнем мігранцкага крызысу.

Лідэры ЭЗ на саміце таксама плянуць разгледзець шляхі павышэньня бяспекі на зьнешніх межах ЭЗ і забесьпячэньня таго, каб мігранты, чые просьбы аб атрыманьні прытулку адхілілі, апэратыўна адпраўляліся назад на радзіму.

Лідэры ЭЗ таксама абмяркуюць шляхі скарачэньня патоку мігрантаў у Эўропу шляхам павелічэньня дапамогі Турцыі, у якой цяпер знаходзіцца больш за 2 мільёны сырыйцаў.

Сёньняшні саміт у Брусэлі скліканы пасьля сустрэчы міністраў унутраных справаў ЭЗ 22 верасьня ў Люксэмбургу. Вырашальная большасьць міністраў прагаласавала за двухгадовы плян перасяленьня120 тысяч уцекачоў, якія цяпер знаходзяцца ў Грэцыі і Італіі ды ў 23 іншых дзяржавах-удзельніцах ЭЗ. Кожная з краінаў ЭЗ атрымала квоту мігрантаў, якую яна абавязаная прыняць і пасяліць у сябе.

Плян перасяленьня, які дае прыярытэт уцекачам з Сырыі, Іраку і Эрытрэі, выклікаў глыбокія рознагалосьсі ў ЭЗ. Чэхія, Славаччына, Вугоршчына і Румынія прагаласавалі супраць гэтага пляну, адкідаючы ідэю абавязковых мігранцкіх квотаў.

Прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца заявіў пасьля гэтага галасаваньня:

«Пакуль я буду прэм’ер-міністрам, абавязковыя квоты ня будуць рэалізаваныя на тэрыторыі Славаччыны. Мы будзем прымаць усе неабходныя захады, але людзі, адказныя за гэта бязладзьдзе — гэта тыя, хто вырашыў прасоўваць меркаваньне большасьці такім шляхам. Яны наўмысна і без патрэбы стварылі глыбокі раскол у такім ключавым пытаньні, як міграцыя».

Раскол адбыўся і на рэгіянальным узроўні — Польшча, якая заўсёды ўзгадняла сваю пазыцыю па ключавых пытаньнях Эўразьвязу ў рамках гэтак званай Вышэградзкай групы (разам з Чэхіяй, Славаччынай і Вугоршчынай), гэтым разам пакінула рэгіянальную салідарнасьць і прагаласавала за абавязковымі мігранцкімі квотамі. Квота Польшчы — каля 7 тысяч чалавек.

Тым ня менш, міністар замежных справаў Люксэмбургу Жан Асэльборн, які старшыняваў на сустрэчы міністраў унутраных справаў 21 верасьня, заявіў, што чакае, што нават тыя дзяржавы, якія выступілі супраць квотаў, выканаюць агульную пастанову сустрэчы. Любыя ўрады краінаў ЭЗ, якія адмаўляюцца выконваць зацьверджаныя большасьцю захады, могуць сутыкнуцца з фінансавымі санкцыямі за невыкананьне законаў ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG