Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уілсан: Шмат будзе залежаць ад таго, што Караткевіч скажа ў дзень выбараў


Эндру Ўілсан

Эндру Ўілсан

Эндру Ўілсан, дасьледнік Эўрапейскай рады па міжнародных адносінах, кажа пра вялікую імавернасьць таго, што Эўразьвяз зьмякчыць санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва.

Уілсан: Палітычныя вязьні вызваленыя, і выглядае, што Захад схільны паблажліва паставіцца да дзеяньняў Лукашэнкі на выбарах у кастрычніку, калі не адбудзецца сур’ёзнага гвалту і новых зьняволеньняў, што цяпер выглядае малаверагодным. Лукашэнка спадзяецца, што санкцыі будуць зьнятыя, а не ўзмоцненыя. Я думаю, што будзе рух у бок зьмяншэньня і зьняцьця некаторых санкцыяў — магчыма яшчэ да выбараў, але больш імаверна, што пасьля іх.

РС: У якой ступені стаўленьне заходніх урадаў і арганізацый да кіраўніцтва Беларусі будзе залежаць ад высноваў, якія агучаць наконт цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў назіральнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ?

Уілсан: БДІПЧ АБСЭ мае шэраг структурных і мэтадалягічных праблемаў. Расея мае фактычнае вэта ў АБСЭ. З другога боку БДІПЧ спрабуе распрацаваць больш дасканалую мэтадалёгію, каб ацэньваць выбары, дзе фальсыфікацыі не такія відавочныя. Праблемы ў Беларусі ў значнай ступені адбываюцца да і пасьля галасаваньня — масавае датэрміновае галасаваньне, вельмі непразрысты працэс падліку галасоў. Насамрэч, невядома ці ёсьць увогуле падлік галасоў, ці проста агучваюць зададзеныя лічбы. Агулам я лічу, што АБСЭ недастаткова крытыкуе большасьць выбараў у постсавецкіх краінах.

РС: На сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Казахстане Нурсултан Назарбаеў атрымаў фантастычныя 97.7 працэнта галасоў. Як бы вы параўналі легітымнасьць Назарбаева і Лукашэнкі ў вачах заходніх палітыкаў?

Уілсан: Калі б я быў кіраўніком АБСЭ, я б зэканоміў шмат грошай, бо там адразу відаць, што гэта выбары толькі паводле фасаду, і іх увогуле ня варта ацэньваць побач са зьмястоўнымі выбарамі. На жаль, мы ведаем, што да краінаў, якія маюць радовішчы энэрганосьбітаў — ня толькі да Казахстану, але да таго ж Азэрбайджану, напрыклад — ставяцца больш паблажліва. У Азэрбайджане і раней было нашмат больш палітычных вязьняў, чым у Беларусі. Таму калі адказваць на пытаньне, ці ёсьць тут падвойныя стандарты, дык адказ будзе «так».

РС: Шэраг беларускіх урадавых чыноўнікаў, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, знаходзяцца пад візавымі санкцыямі Эўразьвязу. Калі назіральнікі АБСЭ заявяць пра нейкі прагрэс на выбарах, ці можна чакаць, што гэтыя візавыя забароны будуць зьнятыя?

Уілсан: Я думаю, што і ў гэтым месяцы, падчас ключавых сустрэчаў прадстаўнікоў Эўразьвязу, і пасьля выбараў 11 кастрычніка будзе спакуса паслабіць санкцыі. Здольнасьць Лукашэнкі маніпуляваць Захадам часам пераацэньваюць — часам ён робіць дурныя памылкі. Але відавочна, што Захад настроены зьменшыць санкцыі. Паглядзім, як далёка яны пойдуць.

РС: Наколькі пытаньне легітымнасьці ці нелегітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі ў вачах заходніх палітыкаў залежыць ад удзелу ці байкоту выбараў з боку апазыцыі?

Уілсан: Калі б спадарыня Караткевіч ня ўдзельнічала ў працэсе, дык ён бы выглядаў цалкам па-іншаму — калі б яна зьнялася з выбараў — бо астатнія два «альтэрнатыўныя кандыдаты» гэта проста прарэжымныя марыянэнткі. Але нават калі спадарыня Караткевіч застанецца ў гэтым працэсе, калі яна потым апынецца ў турме, як здарылася з кандыдатамі на мінулых выбарах, дык відавочна гэта будзе праблемай. І, відавочна, шмат будзе залежаць ад таго, што яна скажа ў дзень выбараў. Так што ніякім чынам нельга казаць што ўсё перадвырашана.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG