Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея перастала кпіць з «правінцыйнага маразму» Беларусі і зь ейнага прэзыдэнта-калгасьніка, — Гозман


Леанід Гозман

Леанід Гозман

Сябра палітрады Саюзу правых сіл Расеі, былы старшыня партыі «Правое дело» Леанід Гозман у інтэрвію Свабодзе сказаў, што ў пытаньні стаўленьня да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі давярае пазыцыі Анатоля Лябедзькі.

«Што да фармату ўдзелу ў выбарах, то я тут давяраю пазыцыі аднаго беларускага апазыцыйнага палітыка — Анатоля Лябедзькі. Ён, хоць і не кандыдат, бярэ актыўны ўдзел у кампаніі, ладзіць пікеты, на якіх гаворыць пра тое, што выбараў няма, фактычна заклікае ігнараваць сам працэс галасаваньня ў дзень выбараў», — сказаў Гозман.

Леанід Гозман адзначыў, што ўдзел у кампаніі апазыцыйных палітыкаў быў вельмі пазытыўны і годны:

«Яны паказалі сваю пазыцыю, заявілі пра тупіковасьць шляху, па якім ня першы год вядзе Аляксандар Лукашэнка. Гэта было вельмі важна».

Разважаючы пра стаўленьне расейцаў да Беларусі, палітык сказаў, што цяпер у Расеі глядзяць з зайздрасьцю на беларускага «калгасьніка-прэзыдэнта»:

«У Расеі вельмі моцна зьмянілася стаўленьне да ўсяго, што адбываецца ў Беларусі. Можа, беларусы гэтага і не адчуваюць. Але любую сытуацыю ацэньваюць ня толькі з улікам яе самой, але і таго, што адбываецца навокал.

Мы доўгі час кпілі і сьмяяліся зь Беларусі, з Аляксандра Лукашэнкі і з пагардай глядзелі на беларускую сытуацыю, лічачы, што да такога ўзроўню правінцыйнага маразму ў нас ня дойдзе. Мы ведалі, што ў нас ёсьць праблемы, але не да такой ступені, як у Беларусі. Мы гаварылі, што наш прэзыдэнт больш-менш цывілізаваны. А Лукашэнку лічылі „бацькам“, „калгасьнікам“.

Але пасьля працэсу „ўставаньня з кален“ і „вызваленьня“ Крыму раптам высьветлілася, што мы ня толькі дагналі, але і моцна апярэдзілі братэрскую дзяржаву, і што ў нас цяпер гэтага правінцыйнага маразму нашмат болей.

І цяпер Аляксандар Лукашэнка ня можа прэтэндаваць на тытул апошняга дыктатара Эўропы, таму што ёсьць больш моцны кандыдат — Уладзімер Пуцін.

Цяпер на ўсё, што адбываецца ў Беларусі, з Масквы глядзяць з пачуцьцём зайздрасьці. Маўляў, вось як там у людзей па-людзку ўсё.

Таму тут толькі можна захапляцца тым, як умела Аляксандар Лукашэнка скарыстаўся сытуацыяй у нашым рэгіёне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG