Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Дзяніс Марціновіч


Дзяніс Марціновіч.
Дзяніс Марціновіч.

Дзяніс Марціновіч — гісторык, крытык, журналіст. Нарадзіўся ў 1986 у Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ, магістратуру і асьпірантуру пры ім. Кандыдат гістарычных навук (дысэртацыя прысьвечана станаўленьню савецкай вышэйшай школы пасьля рэвалюцыі 1917). Працаваў аглядальнікам газэты «Літаратура і мастацтва». Цяпер супрацоўнічае з шэрагам айчынных СМІ. Аўтар кніг «„Донжуанскі сьпіс“ Караткевіча» (Менск, 2012) і «Жанчыны ў жыцьці Ўладзімера Караткевіча» (Менск, 2014). Апошняя кніга ўвайшла ў лонг-ліст прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў (2015) і была адзначана І-й Нацыянальнай літаратурнай прэміяй ў намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» (2015).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Чалавек, якому цікавая тэма або асоба, пра якія я пішу. У розны час гэта можа быць прэм’ера спэктаклю, новая кніга, адкрыцьцё футбольнага стадыёна, размова зь цікавым чалавекам або біяграфія Караткевіча.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

У любым месцы, дзе ёсьць працоўны стол і кампутар. Добра пішацца днём (раніцай, днём, бліжэй да вечара). Галоўнае, каб не перашкаджалі. А вось ноччу — зусім ня тое.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

У кожнага чалавека — свой лёс. Таму прэтэндаваць на чужое аўтарства ня варта. Лепш думаць пра сваё.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ня ведаю.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Уладзімер Караткевіч

6. Што вы цяпер чытаеце?

«Жыцьцё і лёс» Гросмана. Калісьці ўжо пачынаў чытаць гэты раман, потым адклаў у бок. Але неўзабаве на фэстывалі ТЕАРТ пакажуць аднайменны спэктакль, што паставіў Леў Додзін. Таму хачу падрыхтавацца.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

У тэорыі магу чытаць па-нямецку са слоўнікам, а таксама надзвычай марудна па-ўкраінску і па-польску. Але паколькі ніякай асалоды ад такога чытаньня не адчуваю, амаль не карыстаюся гэтымі магчымасьцямі.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Пакуль у мяне ўсяго дзьве кнігі — «„Донжуанскі спіс“ Караткевіча» і «Жанчыны ў жыцьці Уладзімера Караткевіча». Выберу другую, бо яна больш адпавядае маім уяўленьням пра нон-фікшн. А таксама больш дакладная і большая па аб’ёму, чым яе папярэдніца.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Поўную біяграфію Уладзімера Караткевіча.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі вандрую ў Беларусі ці па сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG