Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У акупаваным Данецку прадаюць украінскія вышыванкі


Украінцы ў нацыянальных кашулях на Мегамаршы вышыванак ў Адэсе, 23 траўня 2015 году

Украінцы ў нацыянальных кашулях на Мегамаршы вышыванак ў Адэсе, 23 траўня 2015 году

«Калі мы гэта купім, жывымі адсюль выйдзем?» — жартуюць пакупнікі.

У Данецку, які цяпер пад кантролем сэпаратысцкай «ДНР», вядзецца распродаж украінскіх вышыванак, паведамляе сайт «Остров» са спасылкай на пост мясцовай жыхаркі на Facebook.

Вышыванкі прадаюцца ў гіпэрмаркеце «Галяктыка» (колішні ГЦ «Эпіцэнтар», сетка зь невядомых прычын зьмяніла назву ў жніўні). Сам гіпэрмаркет адмовіўся камэнтаваць Свабодзе продаж вышыванак:

«Аддзел не дае такую інфармацыю, а я ёй не валодаю», — сказала супрацоўніца на інфалініі пасьля некалькіх хвілін кансультацыяў.

Мясцовыя жыхары тым часам цікавяцца вышыванкамі. Як распавядае мясцовая жыхарка на Facebook, жанчына, якая побач зь ёй разглядала вышыванкі, не дала веры, што купіць гэта будзе для яе бясьпечна. Аўтарка паста перадае размову:

Жанчына: «А як вы думаеце, калі мы ГЭТА купім, мы адсюль жывымі выйдзем? А раптам гэта нейкая правакацыя?»

Аўтарка: «Усё будзе добра, маем выйсьці жывымі!»

Прадавачка: «А што здарылася? Сёньня проста нейкі бум, усе купляюць вышыванкі».

Аўтарка: «Дык час ужо».

Пра той жа распродаж распавядае УУН са спасылкай на аповед мясцовых жыхароў карэспандэнту выданьня. Паводле іхніх зьвестак, набыць вышыванкі можна і ў горадзе Макееўцы.

На фота з распродажу, якое апублікавалі мясцовыя жыхары, цэны пазначаныя ў расейскіх рублях.

Як кажуць мясцовыя жыхары, мужчынская вышываная кашуля каштуе 190 расейскіх рублёў (каля 50 тысяч беларускіх), а жаночыя — 230 расейскіх рублёў (61 тысячу беларускіх). У Данецкай вобласьці за грыўню даюць тры расейскія рублі (што блізка да рэальнага курсу), але зарплаты і пэнсіі выплочваюцца з разьліку два расейскія рублі за грыўню.

XS
SM
MD
LG