Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АБСЭ: Выбарчая кампанія ў Беларусі непрыкметная


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Апублікаваная прамежкавая справаздача назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных стандартах і правах чалавека АБСЭ аб беларускіх выбарах.

У дакумэнце адзначаецца, што некаторыя былыя кандыдаты ў прэзыдэнты «выказалі занепакоенасьць працэсам рэгістрацыі кандыдатаў».

У якасьці пазытыўнага кроку ў дакладзе адзначаецца вызваленьне ў жніўні шасьцярых палітвязьняў, у тым ліку былога кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. «Яшчэ адзін былы кандыдат, які вярнуўся з-за мяжы 8 верасьня (Алесь Міхалевіч), застаецца пад сьледзтвам у сувязі зь яго меркаваным удзелам у пратэстах пасьля выбараў 2010 году», — гаворыцца ў справаздачы, якую цытуе БелаПАН.

Адзначаецца, што дзяржаўныя СМІ «дамінуюць у мэдыяпрасторы» Беларусі, але некаторыя незалежныя крыніцы інфармацыі даступныя ў інтэрнэце.

У дакумэнце адзначаецца, што ў 2012 годзе ў выбарчае заканадаўства Беларусі былі ўнесеныя некаторыя зьмены, якія закранулі ў асноўным СМІ і фінансаваньне кампаніі, але не была ўлічаная ні адна з ключавых рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ, зробленых па выніках назіраньня за папярэднімі прэзыдэнцкімі і парлямэнцкімі выбарчымі кампаніямі.

Сярод недахопаў заканадаўства ў дакладзе называюцца недакладныя правілы фармаваньня выбарчых камісіяў і працэсу праверкі подпісаў, адсутнасьць захадаў па забесьпячэньні бясьпекі пры падліку галасоў, у тым ліку адсутнасьць патрабаваньня аб публікацыі вынікаў галасаваньня ўчастковымі выбарчымі камісіямі.

У справаздачы адзначаецца, што мясцовыя выканаўчыя органы ўлады вызначылі месцы для правядзеньня мерапрыемстваў падчас выбарчай кампаніі. Не атрымліваючы папярэдне дазволу, кандыдаты могуць праводзіць сустрэчы толькі ў спэцыяльна вызначаных месцах, гаворыцца ў дакумэнце.

«Хоць гэта адпавядае беларускаму заканадаўству, гэта супярэчыць міжнародным прынцыпам аб праве на свабоду сходаў», — падкрэсьліваецца ў справаздачы.

У дакумэнце адзначаецца, што «непрапарцыйныя юрыдычныя абмежаваньні асноўных свабодаў» уплываюць на атмасфэру выбарчай кампаніі, а правы грамадзян або грамадзкіх арганізацыяў, якія жадаюць абмяркоўваць пытаньні выбарчай кампаніі на публічных сустрэчах, застаюцца абмежаванымі. Свабода слова абмежаваная шэрагам крымінальных артыкулаў аб паклёпе і абразе, у тым ліку за заклікі да байкоту выбараў.

Гарантаванае Канстытуцыяй права на свабоду слова і свабодны доступ да інфармацыі парушаецца, гаворыцца ў справаздачы назіральнікаў АБСЭ.

XS
SM
MD
LG