Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні на плошчы Тызэнгаўза хочуць адкрыць музэй ВКЛ


Былы палац віцэ-адміністратара ХVІІІ стагодзьдзя, дзе прапануецца стварыць музэй Вялікага княства Літоўскага
Былы палац віцэ-адміністратара ХVІІІ стагодзьдзя, дзе прапануецца стварыць музэй Вялікага княства Літоўскага

Пад новы музэй прапануюць перадаць помнік архітэктуры ХVІІІ стагодзьдзя, будынак віцэ-адміністратара часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Былы палац віцэ-адміністратара каралеўскіх часоў у Горадні сёньня пустуе. Гістарычны архіў зь яго вывезены ў новы будынак. Старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой агучыў магчымы варыянт далейшага выкарыстаньня помніка архітэктуры ХVІІІ стагодзьдзя: разьмясьціць на другім паверсе новы музэй Вялікага княства Літоўскага, а таксама адкрыць кавярню, залю для прыёмаў, выставачную залю, магчыма, ЗАГС, а ў сутарэньнях — кіназалю.

Былы палац відзён з вокнаў і гарадзкога начальства, і абласнога. Заднім фасадам ён выходзіць на плошчу Леніна, зробленую за савецкім часам. А сам стаіць на плошчы Антонія Тызэнгаўза каралеўскіх часоў. Тызэнгаўз быў вядомым гарадзенскім рэфарматарам, кіраўніком каралеўскай эканоміі, стварыў прадмесьце Гарадніца з мануфактурамі і палацамі.

Абмеркаваньне на гарадзкім сайце выявіла пэўныя спрэчкі вакол праекту. Па-першае, гісторыя ВКЛ выкладзеная ў Старым і Новым замках, дзе разьмяшчаецца гісторыка-археалягічны музэй. Тым больш пачынаецца рэканструкцыя першага зь іх, маральна састарэлая экспазыцыя, якой 50-60 год, будзе дэмантаваная і створана новая, на ўзор сучасных, як у Мірскім і Нясвіскім замках. Па-другое, іншыя кажуць, што больш мэтазгодна было б заснаваць музэй гісторыі Горадні. А для гэтага адбудаваць ратушу на цяперашнім Савецкім пляцы. Тым больш прыклады ёсьць: разбураныя ратушы адноўленыя ў Менску, Магілёве, Шклове.

Мы зьвярнуліся да гарадзенскіх гісторыкаў: як яны ставяцца да задумы стварыць у горадзе музэй Вялікага княства Літоўскага?

Спэцыяліст па ВКЛ доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч лічыць, што сама ідэя зрабіць там музэй, а ня офісы ці проста рэстаран — прыгожая. Іншая рэч, што для яго патрэбная экспазыцыя, матэрыялы. «Можа, варта ствараць музэй новага тыпу, інтэрактыўны? — разважае гісторык. — Такі цэнтар штудыяў Вялікага княства Літоўскага? Запрашаць рыцарскія клюбы, рабіць рэканструкцыі, канцэрты сярэднявечнай музыкі, а ня проста пакласьці нейкія экспанаты-муляжы і і вадзіць туды экскурсіі».

Але трэба ідэю прапрацоўваць, дадае Алесь Краўцэвіч:

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

«Гэты цэнтар магла б утрымліваць і прыватная фірма, якой даць магчымасьць там зрабіць кавярню з гістарычнымі інтэр’ерамі. Напрыклад, няхай прывязуць туды школьнікаў з Мастоў ці Шчучына, і каб яны маглі патрымаць у руках лук, надзець адзеньне тагачаснае шляхты (дзіцячы памер) і сфатаграфавацца, паглядзець фільм пра рыцараў».

Са свайго боку доктар гістарычных навук Краўцэвіч прыводзіць канкрэтны прыклад:

«Я два гады раблю ў горадзе з дапамогаю турфірмы „Дон-Кіхот“ анімацыйныя экскурсіі пад назваю „Брацтва сьвятога Губэрта“ (патрона Горадні). Школьнікам даюць магчымасьць пастраляць з лука. Бывае, што і бацькі просяць, ім таксама цікава. Завяршаецца такая экскурсія ў Калоскім парку абрадам выпрабаваньня, ініцыяцыі сьвятога Губэрта».

Іншы гісторык Андрэй Вашкевіч працуе ў гісторыка-археалягічным музэі. Як ён ацэньвае пакуль пляны наконт музэю ВКЛ у былым палацы?

Андрэй Вашкевіч
Андрэй Вашкевіч

«Гістарычная камяніца, у якой быў архіў, сапраўды выдатная. Ідэя, канечне, цяжкая, але гэта файна, што гарадзкія ўлады яе маюць. Яе варта падтрымаць, каб стварыць музэйны цэнтар новага тыпу», — зазначае гісторык.

Любая ідэя аб зьяўленьні новай культурнай установы ў горадзе — гэта добра, лічыць ён. Але самае галоўнае — яе рэалізаваць. Сам Андрэй Вашкевіч схільны больш да іншага варыянту: на сёньняшні дзень не хапае музэю гісторыі самой Горадні, ён мяркуе, што такі музэй павінен паўстаць у першую чаргу.

І яшчэ заўвага з боку гісторыка Вашкевіча:

«Тызэнгаўз зрабіў у горадзе першы кафэнхаўс. У плянах было таксама агучана — адкрыць кавярню. І сапраўды: трэба зрабіць добрую, у стылі той, што была пры Тызэнгаўзе. Нават у Паставах ужо ёсьць кавярня „У Антонія“, там спрабуюць працягваць яго традыцыі».

Кавярня Тызэнгаўза існавала да 1781 году і была першай у Беларусі.

Гісторык раіў бы прадстаўнічыя пакоі для гарадзкіх уладаў, якія плянуецца зрабіць, таксама аформіць у стылі ХVІІІ стагодзьдзя. Варта было б таксама перанесьці туды і гарадзкі цэнтар турызму. Ён знаходзіцца ня ў самым цэнтры і не ў гістарычным будынку.

Андрэй Вашкевіч выказвае пажаданьне:

«Няхай бы адкрылі напачатку хоць невялікі музэй, я думаю, што ён усё роўна ператварыўся б з часам менавіта ў музэй гораду. У ім можна было б паказаць гісторыю гарадзкога самакіраваньня, вынікі раскопак, большасьць знаходак сёньня магчымасьці паказаць няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG