Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казіно, цыгары, прыгожыя жанчыны, — такі імідж Менску хоча пашырыць брытанскі бізнэсовец


Брытанскі бізнэсовец, уладальнік цыгарнага брэнду Bespoke Джэрэмі Касдаглі
Брытанскі бізнэсовец, уладальнік цыгарнага брэнду Bespoke Джэрэмі Касдаглі

У Беларусь прыходзіць сусьветны цыгарны брэнд «Bespoke», які бачыць краіну як ціхае месца ў цэнтры Эўропы.

Сёлета ў лістападзе ў Менску, на краі Верхняга гораду, побач з Палацам Рэспублікі адкрыецца першы ў краіне цыгарны салён.

Салён зойме трохпавярховы будынак. Заснавальнік цэнтру — брытанскі бізнэсовец, уладальнік цыгарнага брэнду Bespoke Джэрэмі Касдаглі (Jeremy Casdagli).

Ягоныя клюбы існуюць у розных краінах сьвету, у тым ліку і ў балтыйскіх рэспубліках, Расеі, Украіне. Разьлічаныя яны на самых заможных.

Швайцарскае выданьне www.cigar.ch, якое паведамляе чытачам пра будучую падзею, распавядае пра краіну, куды прыходзіць гэты люксавы брэнд:

«Апошнія два гады Беларусь выступае як нэўтральная пляцоўка для бакоў канфлікту ва Ўкраіне. Але ў сталіцы ня лішне трывожацца наконт палітыкі. Эліта краіны заклапочана тым, каб зарабіць болей грошай».

Ціхае месца ў цэнтры Эўропы швайцарскі журналіст параўноўвае з «вокам цыклёна». Акрамя палацаў савецкага часу (будынак КДБ, ГУМ, Галоўпаштамт), ён заўважае тут мноства казіно (якія ў Расеі збольшага пад забаронай), шыкоўныя рэстараны, бясьпечныя вуліцы... «Поруч з самымі рознымі бізнэсоўцамі тут льга сустрэць авантурыстаў, інвэстараў ды прыгожых жанчын».

Як тлумачыць мэнэджэр «Bespoke», сёлета гадавая інфляцыя ў Беларусі чакаецца каля 20%, але ў пэўных галінах бізнэсу «прыбытак можа быць вышэйшы».

Свой бізнэс у Беларусі Касдаглі распачаў у 2012-м.

«На той час тут ведалі толькі сухія кубінскія цыгары. І ніхто не разумеў, што для добрага тытуню патрэбны х’юмідэр» (скрыня, дзе падтрымліваецца неабходная для цыгараў вільготнасьць 65–70%).

«Менск стаў сапраўдным палігонам для маіх цыгар», — кажа брытанскі бізнэсовец.

На першым часе ён сам хадзіў па рэстарацыях ды навучаў супрацоўнікаў, як правільна абыходзіцца з цыгарамі.

Прадстаўнікі цыгарнай кампаніі кажуць: «Беларусь іншая, чым Украіна і Расея, тут ня трэба нікога падкупляць, каб рабіць бізнэс, тут трэба проста ведаць правілы гульні».

«Правілы ж дыктуе ніхто іншы, як прэзыдэнт краіны. 70 адсоткаў усёй нерухомасьці — крамаў, гатэляў і г.д. — належаць тут дзяржаве. І добрыя кантакты з кланам № 1 — гэта заўсёды пэўная перавага», — піша швайцарскае інтэрнэт-выданьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG