Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча кантактнай групы ў Менску завяршылася ўльтыматумам


Прэзыдэнт-гатэль у Менску

Прэзыдэнт-гатэль у Менску

Удзельнікі Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе завяршылі працу ў Менску, паведаміла Дар’я Аліфер — прэс-сакратарка прадстаўніка Ўкраіны на перамовах Леаніда Кучмы.

Яна таксама дадала, што падгрупа ў палітычных пытаньнях працягне пасяджэньне ў сераду, а ў пятніцу адбудзецца відэаканфэрэнцыя кантактнай групы з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР».

«На парадку дня — увесь спэктар Менскіх пагадненьняў, у прыватнасьці, пытаньне бясьпекі — спыненьне вядзеньня агню», — напісала Дар’я Аліфер ў сябе на Facebook.

Між тым прадстаўнік Украіны ў палітычнай падгрупе Трохбаковай кантактнай групы Раман Бясьсьмертны заявіў у інтэрвію «Украінскай праўдзе», што прадстаўнікі груповак «ЛНР» і «ДНР» выставілі Ўкраіне ультыматум.

«Падчас працы падгрупы па палітычных пытаньнях прадстаўнікамі нашых візаві быў прапанаваны дакумэнт, які б я назваў ультыматумам. Ён так і быў успрыняты прадстаўніком АБСЭ, як ультыматум», — сказаў Бясьсьмертны. Ён зазначыў, што мова ідзе пра мясцовыя выбары, якія зьбіраюцца праводзіць у «ЛНР» і «ДНР» 18 кастрычніка і 1 лістапада, паводле сваіх правілаў, а не базуючыся на заканадаўстве Ўкраіны. А ад афіцыйнага Кіеву, сэпаратысты, у сваю чаргу, патрабуюць увядзеньня закону пра асаблівы парадак мясцовага самакіраваньня, прыняцьця схемы выбараў у рэдакцыі «ДНР» і «ЛНР», увядзеньня амністыі і перагаласаваньня Канстытуцыі.

Прадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік, які прысутнічаў на перамовах, адзначыў, што першапачаткова ў палітычнай падгрупе плянавалася абмеркаваць пытаньні адносна правядзеньня мясцовых выбараў 21 лютага, аднак у ходзе абмеркаваньня высьветлілася, што выбары ў ДНР і ЛНР адбудуцца 18 кастрычніка і 1 лістапада.

«Гэты факт супярэчыць менскім дамоўленасьцям і ня можа ня выклікаць расчараваньне», - зазначыў Сайдзік.


Тэмай сёньняшніх перамоваў у Менску зноў павінна было быць пагадненьне аб адводзе ад лініі судакрананьня ўзбраеньня калібру менш за 100 мілімэтраў, а таксама танкаў. Над дакумэнтам пачалі працаваць на пасяджэньні кантактнай групы яшчэ ў пачатку жніўня, але дасягнуць канчатковай дамоўленасьці так і не ўдалося.

Пасяджэньне кантактнай групы адбываецца ў «Прэзыдэнт-гатэлі» ў закрытым ад прэсы рэжыме.

XS
SM
MD
LG