Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прайшла палова месяца, адведзенага на агітацыйную кампанію. Надрукаваныя перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў, адбыліся іх першыя выступы па ТБ. І хоць сапраўднымі выбарамі цяперашнюю кампанію назваць нельга, для дасьледчыка ўяўляе цікавасьць сам ход дыскусіі ў грамадзтве паміж палітычнымі апанэнтамі. Які галоўны мэсыдж пасылаюць кандыдаты электарату? Якую асноўную тэму яны прапануюць для абмеркаваньня? Усё гэта вельмі шмат кажа пра стан масавай сьвядомасьці ў краіне, пра здольнасьць грамадзтва і эліты адэкватна ацэньваць гістарычныя рэаліі, усьведамляць праблемы і знаходзіць іх рашэньні.

Цалкам зразумела, што Аляксандар Лукашэнка і два ягоныя спарынг-партнэры, апэлюючы да ўкраінскіх падзеяў, імкнуцца навязаць грамадзтву дылему: мір ці вайна? Парадак, стабільнасьць — або беспарадак і дэстабілізацыя? Маўляў, выбірайце з гэтых дзьвюх альтэрнатываў. Але ва ўмовах глыбокага сыстэмнага крызісу ідэя захаваньня статус-кво — гэта курс на застой.

Лёгіка гістарычнага працэсу дыктуе паставіць на парадак дня цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі іншую дылему: захаваньне статус-кво (стабільнасьці, парадку) або разьвіцьцё? Вось у процівагу згаданым кандыдатам Тацяна Караткевіч прапануе ідэю «мірных пераменаў». Але ці чуе яе грамадзтва? Пакуль гэтая тэма ня стала галоўнай падчас кампаніі.

У незалежных мэдыях, блогасфэры, на інтэрнэт-форумах, у апазыцыйным асяродзьдзі галоўнай тэмай стала чыста тактычнае пытаньне: ці трэба апазыцыйнаму кандыдату ўдзельнічаць у гэтых «выбарах»? Вакол гэтага бушуюць жарсьці, ломяцца дзіды, сыплюцца абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з КДБ і інш.

На мой погляд, гэтае тактычнае пытаньне ўвогуле ня мае вялікага значэньня. Праблема ў тым, што ўплыў апазыцыі на грамадзка-палітычнае жыцьцё Беларусі невялікі. І фармат удзелу (ці няўдзелу) апазыцыйных арганізацыяў і палітыкаў у гэтай кампаніі не адаб’ецца прыкметна на яе выніках.

Асабіста я сам, хутчэй за ўсё, не пайду на выбары. Бо трэба ехаць у другі раён гораду, шкада часу. Але мяне моцна дзівіць спадзеў на цудадзейны эфэкт байкоту, пра які разважаюць палітыкі і форумныя актывісты. Тут узьнікае некалькі пытаньняў.

Пачнём з таго, што, агітуючы за «няўдзел» у выбарах, апазыцыя дэманструе, сама меней, непасьлядоўнасьць. Бо цэлыя два гады дасюль пра байкот казалі толькі палітыкі-эмігранты. Апазыцыйныя лідэры абмяркоўвалі фармат менавіта ўдзелу ў кампаніі, спрабавалі выбраць адзінага кандыдата. Або тады яны ня ведалі, што ў краіне няма выбараў, і толькі цяпер даведаліся?

І потым, паўнавартаснага байкоту ўжо ня выйдзе, бо тры кандыдаты апазыцыі ўдзельнічалі ў выбарах, двое не сабралі неабходныя 100 тысяч подпісаў. І ўва ўладаў будзе жалезны контраргумэнт на гэты конт.

Для самой апазыцыі ўдзел больш карысны, чым байкот. Бо калі ты ня ўдзельнічаеш, то цябе няма

Кажуць, што з дапамогай байкоту апазыцыя прынясе больш шкоды ўладзе. Магчыма, хоць я і ня ўпэўнены. Але тут узьнікае іншае пытаньне: ці больш карысны байкот самой апазыцыі? Ці тут дзейнічае аўтаматызм: што на шкоду рэжыму, тое абавязкова на карысьць апазыцыі? Лічу, што для самой апазыцыі ўдзел больш карысны, чым байкот. Бо калі ты ня ўдзельнічаеш, то цябе няма.

Вось як тлумачыць наступствы байкоту Анатоль Лябедзька: «Калі мы ўсе ігнаруем фарс, то гэта падштурхоўвае, прымушае ўладу мяняць збанкрутаваную выбарчую мадэль» («Народная Воля», 15.09.2015). То бок усяго толькі пасядзім дома ў дзень галасаваньня, і рэжым пачне дэмакратызацыю! Без камэнтароў.

Апошнім часам акцэнт робіцца на тое, што байкот перашкодзіць міжнароднай легітымізацыі выбараў. Справа ў тым, што з геапалітычных матываў Захад ужо прыняў стратэгічнае рашэньне пачаць нармалізацыю адносін з афіцыйным Менскам. І вынікі выбараў на гэта мала паўплываюць. Вось жа, зьявілася інфармацыя, што ЭЗ гатовы зьняць санкцыі з Лукашэнкі і ягонага атачэньня. А да выбараў яшчэ два з паловай тыдні.

Драма апазыцыі і трагедыя краіны ў тым, што і тактыка ўдзелу, і тактыка байкоту аднолькава малаэфэктыўныя. Апанэнтам рэжыму нават не ўдаецца навязаць уладам свой парадак дня. Ну вось хоць бы прымусіць іх неяк рэагаваць на інфармацыю пра расейскую вайсковую базу. Замест гэтага апазыцыйныя актывісты цяпер зацята ваююць паміж сабой.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG