Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдуць на акцыю, якую абвясьціў Статкевіч, кандыдаты ў прэзыдэнты


Кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч не далучыцца да сустрэчы выбаршчыкаў, якую 23 верасьня ў Менску на плошчы Свабоды мае намер правесьці былы палітвязень, кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч.

«Мая стратэгія — гэта мірныя перамены. У мяне ёсьць свой плян на заўтрашні дзень, ён вельмі і вельмі шчыльны, таму што ў мяне і пікеты, і запісы, і сустрэчы зь людзьмі», — заявіла журналістам Караткевіч 22 верасьня.

Яна падкрэсьліла, што Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, якія праводзяць недазволеныя акцыі на фоне прэзыдэнцкіх выбараў, «выбралі свой шлях».


«Няхай яны сустракаюцца зь людзьмі і працуюць. Я ў цэлым падтрымліваю сёньня любых палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў, якія не сядзяць на канапе, а ідуць і даносяць да людзей сваё меркаваньне, шукаюць аднадумцаў», — цытуе БелаПАН Караткевіч.


Кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Улаховіч на пытаньне Свабоды пра акцыю Статкевіча адказаў: «Без камэнтароў».

Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч сказаў, што і ня ведаў пра сустрэчу выбаршчыкаў, якую праводзіць Статкевіч:

«Першы раз пра гэта чую, напэўна ніхто і ня ведае, што ён праводзіць. Я думаю, што ніхто ня прыйдзе. На маю сустрэчу ў дзясяткі разоў больш прыходзіць людзей, чым прыйдуць туды. Я праводжу прэзыдэнцкую кампанію і людзі з задавальненьнем прыходзяць на пікеты і ўсё астатняе. Што праводзіць Мікалай — я ня маю паняцьця».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў, што пойдзе на гэтую сустрэчу выбаршчыкаў. Але ці пачуюць улады патрабаваньні выбарцаў?

«Улады ўжо пачулі, бо вельмі нэрвова рэагуюць на тыя праявы дзейнасьці, якія ня ўпісваюцца ў іх сцэнар. У іх пляне лагодная, мяккая кампанія, дзе ўсе нібыта задаволеныя. То бок, усё ў межах пабудаваных муроў. Тое, што робіць АГП і Статкевіч, ня ўпісваецца ў сцэнар улады і выклікае нэрвовую рэакцыю. Мы бачым кампаніі па дыскрэдытацыі ў сацсетках, гэтыя позвы ў суд і судовыя працэсы без прысутнасьці фігурантаў гэтых спраў. Так што, калі ёсьць такая рэакцыя ўлады, то гэта самы лепшы індыкатар ацэнкі дзейнасьці».

Аб сустрэчы выбаршчыкаў, прысьвечанай 21 году прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, Мікалай Статкевіч абвясьціў на сумесным з Уладзімерам Някляевым і Анатолем Лябедзькам пікеце 10 верасьня ў Менску. На гэта мерапрыемства былы палітвязень запрасіў і дзейнага кіраўніка дзяржавы. Палітык сфармавуляваў пяць пытаньняў, якія ён хацеў бы задаць Лукашэнку.

Сутнасьць першага: як доўга яшчэ Лукашэнка зьбіраецца ўтрымліваць уладу? Другое тычыцца выкраданьня былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і былога кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара. Трэцяе — ці гатовы Лукашэнка ахвяраваць дзяржаўнасьцю. Чацьвёртае — аб пагаршэньні ўзроўню жыцьця. Пятае — аб наўмыснай русыфікацыі беларусаў і зьнішчэньні нацыянальных атрыбутаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG