Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: Расейская вайсковая база — пагроза незалежнасьці Беларусі


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Дазваляючы стварэньне расейскай авіяцыйнай базы на тэрыторыі Беларусі, афіцыйныя ўлады спрыяюць падвышэньню наступальнага патэнцыялу пуцінскай Расеi, супрацьпастаўляючы Беларусь іншым краінам нашага рэгіёну і эўраатлянтычнай супольнасьцi ў цэлым.

З такой заявай выступіла Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рада БНР падкрэсьлівае, што зьяўленьне расейскай вайсковай базы будзе перашкодай для пераадоленьня міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

У заяве адзначаецца, што акалічнасьці незаконнай расейскай анэксіі ўкраінскага Крыму дэманструюць гатовасьць Крамля выкарыстоўваць свае замежныя вайсковыя базы супраць краінаў, якія дапусьцілі зьяўленьне гэткіх базаў на сваёй тэрыторыі. У сувязі з гэтым Рада БНР канстатуе, што стварэньне расейскай вайсковай базы істотна падвысіла б пагрозу для незалежнасьці Беларусі і дало б пуцінскаму рэжыму важны рычаг узьдзеяньня на Беларусь.

На дадатак да вышэйсказанага Рада БНР падкрэсьлівае, што, ня будучы легітымным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь ад 1996 году, Аляксандар Лукашэнка ня мае юрыдычнага права прымаць рашэньні ад імя Рэспублікі Беларусь, як ня мае гэтага права і сфармаваны насуперак закону і дэмакратычным нормам так званы «Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь».

Рада БНР зьвяртае ўвагу на тое, што стварэньне замежнай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі наўпрост супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якой замацаванае імкненьне да нэўтральнага статусу нашае краіны.

Рада БНР канстатуе, што міжнародная палітыка цяперашніх афіцыйных уладаў Рэспублікі Беларусь, якая працягвае грунтавацца на гандлі беларускім сувэрэнітэтам узамен на эканамічнае і палітычнае спонсарства з боку Крамля, чарговы раз дэманструе сваю беспасярэднюю небясьпеку для беларускай дзяржаўнасьці і прамую супярэчнасьць інтарэсам беларускага народу, а таксама інтарэсам міжнароднай бясьпекі.

Рада БНР зьвяртаецца да падпісантаў Віленскага мэмарандуму, а таксама да іншых беларускіх палітычных дзеячаў, якія стаяць на пазыцыях дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі, з заклікам усімі сіламі супрацьстаяць стварэньню замежнай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі.

Рада БНР заклікае ўрады ўсіх прыязных Беларусі краінаў аказаць дыпляматычны ціск на цяперашнія афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь, каб прадухіліць стварэньне базы вайскова-паветраных сілаў пуцінскай Расеі на тэрыторыі Беларусі, якое б ставіла пад дадатковую пагрозу мір і бясьпеку ў Эўропе.

Рада БНР — адна з ключавых палітычных арганізацыяў беларускае дыяспары. Яна захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з Радай Першага Ўсебеларускага кангрэсу 1917 году і па стане на 2015 год зьяўляецца самым старым у сьвеце ўрадам у выгнаньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG