Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 верасьня сябры Васіля Парфянкова, параненага ў зоне АТА тыдзень таму, наведалі яго ў Адэскім вайсковым шпіталі.

Васіль ваяваў у складзе добраахвотніцкага батальёну АУН ад пачатку зімы, а 13 верасьня натрапіў на «расьцяжку» пад Пяскамі. Спачатку яго даставілі ў рэанімацыю Днепрапятроўскай бальніцы, пасьля — у Адэсу. Аскепак ад міны не закрануў артэрыю, але моцна параніў нагу і сьцягно — на лячэньне пойдзе прыкладна месяц. Сёньня Васілю палепшала, валянтэры кормяць яго, дапамагаюць выходзіць на вуліцу. Парфянкоў вельмі ўдзячны валянтэрам, мэдыкам, а таксама беларускім паплечнікам за неабыякавасьць. Мы праехалі з актывістамі зь Менску да поўдня Ўкраіны, каб наведаць Васіля ў шпіталі.

Прыбыўшы на сьвітанку, адразу ідзем у Адэскі вайсковы шпіталь, у аддзяленьне хірургіі і траўматалёгіі. Мэдычныя сёстры паказваюць нам палату, дзе ляжыць Васіль.

Пакуль ідзем па калідоры, бачым іншых параненых байцоў: хтосьці сядзіць, прытуліўшыся да сьцяны, утаропіўшы позірк у бальнічную прастору, хтосьці сунецца на мыліцах, зусім малады хлопец з ампутаванай нагой размаўляе праз тэлефон: «Ты разумееш, калі ты гэта зробіш — ты мне больш ня сябар!..» Столькі розных лёсаў, столькі драмаў у адным памяшканьні.

Васіль Парфянкоў на вуліцы

Васіль Парфянкоў на вуліцы

У сёмай палаце ляжаць двое: Юры — баец Узброеных сіл Украіны — і Васіль Парфянкоў. Ён задаволены, што да яго ўпершыню прыехалі беларусы. На шыі ў Васіля — катэтэр ад кропельніцы і жэтон з пазыўным — «Сябра», з чырвона-чорнай эмблемай АУН.

— Мэдыкі тут вельмі кваліфікаваныя, робяць усё, што трэба, колюць абязбольвальнае, калі спатрэбіцца... Валянтэры штодня прыносяць гарачую ежу, садавіну, салодкае. Дзеткі зь мясцовай школы папрыносілі нам паштоўкі з пажаданьнямі выздараўленьня, — распавядае Васіль.

Васіль Парфянкоў з бацькам

Васіль Парфянкоў з бацькам

У той дзень, 13 верасьня, яны з двума байцамі пайшлі ў выведку. Іх заўважылі сэпаратысты і пачалі страляць з кулямёта, аднаго байца цяжка параніла. Тады яны з другім байцом пачалі цягнуць хлопца назад — і падарваліся на «расьцяжцы».

— «Расьцяжкі» амаль немагчыма ўбачыць, бо трава там па пояс. А мы яшчэ і Шульца (параненага хлопца) цягнулі — ужо часу глядзець пад ногі не было, — тлумачыць Васіль.

— Скажыце, а чаму вы ўступілі менавіта ў АУН? — пытаюся ў Васіля.

— Спачатку, як прыехаў у Кіеў, сустрэўся там зь Вячаславам Сіўчыкам, ён шмат каго ведае... Празь яго выйшаў на Каханіўскага, камандзіра АУН, ды паехаў у раён Пяскоў. Каханіўскі карыстаецца вялікім аўтарытэтам у нашых байцоў, яго паважаюць ня менш за Яраша.

— Ці не сумуеце па Радзіме?

— Так, натуральна. Я люблю Беларусь, у мяне там засталіся сябры, родныя, зь Беларусьсю шмат зьвязана... Пакуль там Лукашэнка, мы ня зможам вярнуцца, бо заведзеныя крымінальныя справы. Але добра, што ў мяне і ў іншых беларусаў, якія ваююць, ёсьць магчымасьць цяпер атрымаць украінскае грамадзянства. Тады будзе ўжо ня так страшна, што могуць дэпартаваць.

Асабістыя рэчы Васіля

Асабістыя рэчы Васіля

— А што вы зьбіраецеся рабіць, калі выйдзеце са шпіталя?

— Колькі тыдняў я пляную правесьці зь сям’ёй, а пасьля — у батальён. Вайна ня скончаная. Маскалі дагэтуль топчуць украінскую зямлю, на што ня маюць ніякага права.

Васіль кажа, што падчас замірэньня баевікі сапраўды пэўны час не стралялі. Напрыклад, 1 верасьня, падчас школьных лінеек, абодва бакі прытрымліваліся рэжыму цішыні.

— Шчыра кажучы, падчас цішыні было сумна. Займаліся ў асноўным зямельнай працай, капалі бліндажы, акопы.

Напрыканцы нашай размовы ў Васіля зазваніў тэлефон — зь ім зьвязалася маці Міхася Жызьнеўскага, беларуса, які загінуў на Майдане. Ніна Васільеўна пыталася пра здароўе Васіля, наказвала берагчы сябе. Дарэчы, Жызьнеўская сябруе з маці Алеся Чаркашына, які загінуў на Данбасе 28 жніўня.

Васіль Парфянкоў каля царквы

Васіль Парфянкоў каля царквы

— ЗСУ (Узброеныя сілы Ўкраіны. — РС) кажа, быццам 1–2 вайскоўцы гінуць, а насамрэч — дзясяткі, — заўважае Васіль Парфянкоў. — Але мірных забіваюць яшчэ болей, калі з ГРАДаў страляюць. А ім што, яны ж ня ведаюць, хто страляе. У Пясках усе каналы тэлебачаньня сэпарскія. Бывае, і па іх праўду гавораць. Праўду, зьмяшаную з хлусьнёю. Людзі ўжо развучыліся адрозьніваць.

Валянтэрка, якая апякуецца Парфянковым ды ўкраінскімі байцамі ў шпіталі, мае пазыўны «Пані Глёрыя», а завуць яе Людміла. Вясёлая і энэргічная, яна вяртае параненым жыцьцёвыя сілы. Кожны абед яна гатуе ня толькі для ўласнай сям’і, але і для іх таксама. Сёньня «Пані Глёрыя» прынесла Васілю велізарны ўкраінскі сьцяг і павесіла над ложкам.

«Пані Глёрыя»

«Пані Глёрыя»

Пані Глёрыя і Васіль

Пані Глёрыя і Васіль

«А дзе мой беларускі сьцяг?» — пытаецца Парфянкоў. Беларускія актывісты, у сваю чаргу, прымацавалі побач бел-чырвона-белую стужку.

У інтэрвію Радыё Свабода Людміла распавядае, што ў валянтэрскай арганізацыі ёсьць афіцыйны офіс і сталы штат супрацоўнікаў. Сама яна намагаецца праводзіць па 4 гадзіны ў дзень з параненымі. Гэта пры тым, што працуе.

— Я запісалася ў актывісты яшчэ да падзеяў 2 траўня ў Адэсе, адчула неабходнасьць паўплываць нейкім чынам на сытуацыю. Пазьней мы пачалі зьбіраць грошы для АТА, людзі адвозілі іх байцам. Таксама куплялі адзеньне, новую форму... З Васілём я пазнаёмілася, калі мне патэлефанаваў Каханіўскі і сказаў, што хлопцы трапілі ў бяду. Вядома, я ўсё кінула і рушыла ў шпіталь.

Да нас падышоў мужчына, назваўся бацькам Шульца. Высьветлілася: менавіта 19-гадовага Ігара Шульца Парфянкоў выцягнуў з-пад абстрэлу. «Для мяне Васіль як сын», — кажа мужчына.

Мы прайшлі ў палату да Ігара. Відаць, што той атрымаў цяжэйшую траўму — у нагу ўстаўленыя жалезныя пруткі. Дактары прагназуюць інваліднасьць, на частковую папраўку пойдзе мінімум год.

Вось што сказаў Ігар Свабодзе:

... Над самым ложкам Васіля Парфянкова вісіць дзіцячы малюнак — паштоўка ад гімназістаў. Буслы на фоне ранішняга сонца і надпіс: «Я за мір!»

...«Пані Глёрыя» прынесла ў шпіталь сьвежы нумар газэты-ўлёткі, прысьвечанай жыцьцю добраахвотнікаў. Словы, надрукаваныя на першай паласе:

«У вялікай сусьветнай драме нашых дзён мы маем выбар: альбо быць творцамі, альбо ахвярамі гісторыі».

Шкада, што так часта творца і ахвяра — тое самае.

Васіль чытае сьвежы нумар газэты-ўлёткі, прынесенай «Пані Глёрыяй»

Васіль чытае сьвежы нумар газэты-ўлёткі, прынесенай «Пані Глёрыяй»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG