Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому расейскаму разьведчыку за рэзюмэ ў швэдзкую кампанію далі 14 гадоў


Генадзь Краўцоў з жонкай Алай
Генадзь Краўцоў з жонкай Алай

Былы супрацоўнік расейскай вайсковай выведкі (ГРУ) Генадзь Краўцоў прызнаны вінаватым у здрадзе за спробу знайсьці працу ў замежнай кампаніі.

Маскоўскі гарадзкі суд прысудзіў да 14 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму былога супрацоўніка разьведкі радыёінжынэра Генадзя Краўцова — яго прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, былы супрацоўнік Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Расеі Краўцоў перадаў сакрэтныя зьвесткі за мяжу, калі адправіў рэзюмэ ў адну са швэдзкіх кампаній.

Генадзя Краўцова арыштавалі ў 2014 годзе — да таго моманту ён ужо 8 гадоў не працаваў у ГРУ і меў на руках замежны пашпарт. Справа Краўцова разглядалася пад грыфам «сакрэтна», у закрытым рэжыме. Паводле вэрсіі пракуратуры, Краўцоў ў перапісцы з магчымым працадаўцам падаў зьвесткі, якія зьмяшчаюць дзяржаўную таямніцу. Паводле некаторых крыніц інфармацыі, яго абвінавацілі ў перадачы зьвестак аб касьмічным апараце «Цаліна-2», аднак у тэксьце судовага рашэньня назва апарата не прагучала.

Супрацоўнікі пракуратуры адмовіліся камэнтаваць, якія з перададзеных Краўцовым зьвестак складалі дзяржаўную таямніцу. Абарона неаднаразова патрабавала доступу да засакрэчаных нарматыўна-прававых актаў, на выкарыстаньні якіх пабудавана абвінавачаньне. Аднак, як кажа адвакат Іван Паўлаў, які прадстаўляе інтарэсы Краўцова, хадайніцтвы абароны ў працэсе былі адхіленыя.

Адвакат Іван Паўлаў
Адвакат Іван Паўлаў

Іван Паўлаў: Справа праходзіць за зачыненымі дзьвярыма, абстаноўка, якая панавала ў зале пасяджэньняў, не прадугледжвала зычлівага стаўленьня суду да баку абароны. У суду была магчымасьць забясьпечыць аўдыёзапіс, паколькі Масгарсуд абсталяваны адпаведнымі прыладамі запісу гуку і нават выяваў — гэта значыць, маглі здымаць і відэа. Але нам у задавальненьні і гэтага хадайніцтва было адмоўлена. Ні пра тое, як ішоў працэс, ні пра тое, як рэагаваў суд на выступы удзельнікаў працэсу, на жаль, цяпер ніхто не даведаецца. Засталіся сьляды толькі ў выглядзе нашых хадайніцтваў, якія мы заяўлялі.

РС: Пратаколы судовага пасяджэньня, як я разумею, захоўваюцца ў Масгарсудзе?

Нам у працэсе не заўсёды нават давалі магчымасьць скончыць фармуляваць пытаньне.

Іван Паўлаў: Так, але пратакол ня цалкам адлюстроўвае ход працэсу. Прывяду адзін прыклад. Ідзе допыт сьведкі. Мы, абаронцы, фармулюем пытаньне да сьведкі. У выпадку, калі старшыня лічыць, што гэтае пытаньне не адносіцца да справы або пытаньне навадное, ён мае магчымасьць адхіліць гэтае пытаньне. Але яно павінна быць зададзенае, яго фармулёўка абавязкова павінна патрапіць у пратакол. У пратаколе павінен быць запіс: як фармулёўка самага пытаньня, так і рашэньне старшыні адхіліць пытаньне, зьняць яго. Дык вось, нам у працэсе не заўсёды нават давалі магчымасьць скончыць фармуляваць пытаньне. Калі нам не давалі скончыць фармулёўку пытаньня, як тады яна можа трапіць у пратакол судовага паседжаньня?

РС: Сьведкі абароны былі заслуханыя?

Іван Паўлаў: Мы заявілі восем сьведкаў, якіх хацелі выклікаць на судовае пасяджэньне, у тым ліку і жонку падсуднага, і старэйшага сына жонкі падсуднага. Але суд нам таксама адмовіў у задавальненьні хадайніцтва аб выкліку гэтых сьведкаў. Мы былі вымушаныя верыць у станоўчы зыход гэтай справы, але наша вера не сьляпая. Калі ўваходзілі ў гэтую справу — лічылі, што станоўчы зыход можа быць і не дасягнуты ў судзе першай інстанцыі. Мы гатовыя да таго, каб прайсьці ўсе устаноўленыя законам судовыя інстанцыі. Ёсьць мноства падставаў для таго, каб зьвярнуцца і ў Канстытуцыйны суд Расеі, які павінен вырашыць пытаньне — наколькі наогул канстытуцыйна абмяжоўваць права абароны ў справах, зьвязаных з дзяржаўнай таямніцай? Настолькі, што абарона проста зьвязаная па руках і нагах?

Яго абвінавачваюць у парушэньні нарматыўных прававых актаў, якія выдадзены пасьля таго, як Краўцоў звольніўся з вайсковай службы.

Нам жа нават не далі азнаёміцца з сакрэтным заканадаўствам, у парушэньні якога абвінавачвалі падабароннага, спасылаючыся на сакрэтнасьць. Але, між іншым, мы далі падпіску пра неразгалошваньне. Мы нясем крымінальную адказнасьць, урэшце, за разгалашэньне таямніцы сьледзтва. Чаму нам не даюць азнаёміцца з тым заканадаўствам? Калі ўжо абвінавачваюць чалавека, дык давайце гуляць па правілах — азнаёмце нас. Нават сам абвінавачаны не азнаёмлены з гэтымі нарматыўнымі прававымі актамі. Яго абвінавачваюць у парушэньні нарматыўных прававых актаў, якія выдадзены пасьля таго, як Краўцоў звольніўся з вайсковай службы.

РС: Вы плянуеце абскардзіць вынесены прысуд?

Іван Паўлаў: Мы, вядома, аспрэчым прысуд. На працягу працэсу мы расставілі некалькі юрыдычных пастак, у якія трапіўся суд. Адкрыта дарога ў Канстытуцыйны суд — адна скарга ўжо там, другая амаль гатовая. Яшчэ дзьве скаргі мы пададзім, як толькі прысуд уступіць у законную сілу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG