Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея настойвае на «наўпростым дыялёгу» Кіева з сэпаратыстамі Данбасу


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў

Расея лічыць часткай менскіх пагадненьняў сваё патрабаваньне наўпростых перамоваў паміж украінскай уладай і прарасейскімі баевікамі з груповак «ДНР» і «ЛНР», прызнаных ва Ўкраіне тэрарыстычнымі.

Аб гэтым сказаў 21 верасьня на брыфінгу пасьля сустрэчы ў Маскве з японскім калегам Фуміа Кішыдай міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

«З улікам вядомай пазыцыі Японіі ў сувязі з украінскім крызісам мы далі падрабязныя тлумачэньні нашых дзеяньняў, якія абапіраюцца на трывалую аснову менскіх пагадненьняў, якім няма альтэрнатывы і выкананьне якіх залежыць перш за ўсё ад здольнасьці Кіева наладзіць наўпросты дыялёг з Данецкам і Луганскам», — падкрэсьліў Лаўроў.

Украінская ўлада не гатовая да наўпростых перамоваў з кіраўнікамі ўзброеных груповак «ДНР» і «ЛНР», якіх ня лічыць легітымнымі прадстаўнікамі Данбасу. У той жа час у Кіеве кажуць, што абавязаныя будуць весьці дыялёг з новай мясцовай уладай, абранай у адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам.

Падпісаныя ў Менску 12 лютага гэтага году дамоўленасьці прадугледжваюць, што да канца 2015 году ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей павінны адбыцца мясцовыя выбары паводле ўкраінскага заканадаўства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG