Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Малдоўскі журналіст: Удзельнікі пратэстаў, нават масавых, не вызначаюць вынікі выбараў


На пад’ём ці на спад ідуць у Малдове масавыя пратэсты? Як паўплывае на іх адстаўка старшыні Нацбанку? Чаго дамагаюцца пратэстоўцы? Як ставяцца да пратэстаў урадавая кааліцыя і прарасейскія сілы ў Малдове?

На гэтыя пытаньні мы папрасілі адказаць аглядальніка малдоўскай службы радыё Свабода Аляксандру Эфтодэ.

Дракахруст: Якое цяпер становішча з пратэстамі ў Малдове? Адны адзначаюць, што яны ідуць на спад, людзей на плошчы ў Кішынёве робіцца менш, намёты пусьцеюць. Іншыя адзначаюць, што акцыі пратэсту пераносяцца ў рэгіёны, там праводзяцца аўтапратэсты. Якая роўнадзейная гэтых тэндэнцый?

Эфтодэ: Я пачну адказ з навіны сёньняшняга дня — сёньня падаў у адстаўку кіраўнік Нацыянальнага банку. Яго адстаўкі патрабавалі пратэстоўцы. Але ня толькі яго, але і прэзыдэнта Цімофці, і ўсяго ўраду, і новых выбараў парлямэнту. Пратэстоўцы абвінавачвалі яго ў тым, што ён ня здолеў спыніць крадзеж грошай з банкаўскай сыстэмы Малдовы. На працягу пары гадоў зь яе вывелі каля мільярду даляраў.

Адстаўка галоўнага банкіра краіны можа натхніць удзельнікаў пратэстаў, якія крыху пайшлі на спад. Перамога заўсёды натхняе.

Ніхто не чакаў, што 7 верасьня на плошчу выйдзе так шмат людзей — дзясяткі тысячаў.

Але пасьля гэтага ўрад правёў даволі ўдалую мэдыйную кампанію з мэтай разьдзяліць шэраговых удзельнікаў пратэстаў і іх лідэраў.


Гэтыя лідэры вельмі розныя, у іх ёсьць толькі адзін пункт — яны супраць карупцыі і кепскага кіраваньня дзяржавай. Праўрадавыя СМІ даводзілі, што арганізатары пратэстаў імкнуцца да палітычнай ўлады, што за іх сьпіной стаяць бізнэсоўцы, якія зьбеглі з Малдовы пасьля таго, як былі пад крымінальным перасьледам за эканамічныя злачынствы. Грамадзтву даводзілі, што за лідэрамі пратэстаў стаяць такія ж алігархічныя кляны, як і тыя, супраць якіх людзі выйшлі пратэставаць.

Так што пратэсты і сапраўды пайшлі на спад.

Дракахруст: Вы сказалі — лідэраў пратэстаў улада абвінавачвае ў тым, што яны хочуць стварыць партыю, дамагацца ўлады. А што ў гэтым кепскага?

Эфтодэ: Не, з гэтым усё ў парадку. Але ўрад гаворыць народу і пратэстоўцам: лідэры пратэстаў вас выкарыстоўваюць, яны хочуць стварыць партыю, у якой будуць зусім іншыя інтарэсы, чым у вас.

Дракахруст: На кадрах з кішынёўскіх пратэстаў я бачыў плякаты з асуджэньнем як аднаго з лідэраў урадавай кааліцыі Ўлада Філата, гэтак і аднаго зь лідэраў парлямэнцкай апазыцыі камуніста Ўладзімера Вароніна. Атрымліваецца, што кішынёўская плошча — супраць усяго палітычнага істэблішмэнту краіны. Ці не?

Эфтодэ: Людзі выйшлі на плошчу таму, што ўрад 6 гадоў казаў ім, што ён робіць рэформы, каб весьці краіну ў Эўразьвяз. А праз 6 гадоў высьветлілася, што ўсё, што яны зрабілі — гэта скралі мільярд даляраў. Гэта абваліла курс нацыянальнай валюты, выклікала скачок цэнаў. Ніякіх антыкарупцыйных рэформаў яны не рабілі. А камуністы Вароніна на пэўным этапе падтрымлівалі ў парлямэнце гэты ўрад. Можа таму яго імя і прыгадваюць пабач зь імёнамі лідэраў урадавай кааліцыі.

Дракахруст: А якое стаўленьне да гэтых пратэстаў у парлямэнцкай апазыцыі? Пратэсты ўсё ж ня супраць іх ці пераважна ня супраць іх.

Эфтодэ: Пратэстоўцы выразна дыстанцыяваліся ад прарасейскай апазыцыі. Сацыялісты Ігара Дадона і «Наша партыя» Рэната Ўсатага хочуць зьмяніць зьнешнепалітычны курс краіны ў бок Расеі, а пратэстоўцы гавораць, што хочуць працягу эўрапейскай інтэграцыі, але іншым чынам, без карупцыі.

Старшыня Нацбанку Малдовы Дорын Дрэгуцану, які сышоў у адстаўку на тле пратэстаў у краіне

Старшыня Нацбанку Малдовы Дорын Дрэгуцану, які сышоў у адстаўку на тле пратэстаў у краіне

Сацыялісты і «Наша партыя» падтрымліваюць толькі адзін пункт патрабаваньняў пратэстоўцаў — датэрміновыя выбары. Яны хочуць гэтых выбараў.

У пратэстах бяруць удзел дзясяткі тысячаў актыўных людзей, але вынік выбараў вызначаюць тыя, хто сядзяць дома. І гэтыя людзі могуць прагаласаваць за прарасейскія партыі. Гэтыя партыі падтрымліваюць патрабаваньне перавыбараў, але ня ўдзельнічаюць у пратэстах.

А камуністы Вароніна, у якіх застаецца яшчэ каля 20% галасоў, гавораць, што яны падтрымліваюць усё, акрамя датэрміновых выбараў. Ім нявыгадныя выбары, яны губляюць уплыў.


Дракахруст: А ці ідзе ўрад насустрач пратэстоўцам хаця б у некаторых патрабаваньнях?

Эфтодэ: Урад гаворыць: вы патрабуеце ад нас немагчымага — адстаўкі. Мы гэтага рабіць ня будзем. Але сёе-тое зрабіць можам, вось адстаўка старшыні Нацбанку ўжо адбылася. Урад кажа, што пачынае рэформы па барацьбе з карупцыяй, што зьбіраецца правесьці праз парлямэнт праект новага закону аб генпракуратуры, што азначае адстаўку цяперашняга генпракурора, якой таксама патрабуе плошча.

Дракахруст: А эканамічныя патрабаваньні — скажам, супраць росту тарыфаў, як гэта было падчас пратэстаў у Армэніі?

Эфтодэ: А ў малдоўскіх пратэстах няма эканамічных патрабаваньняў. Людзі незадаволеныя тым, што гэтыя спадары скралі шмат грошай. Яны іх скралі ў леях — нацыянальнай валюце, канвэртавалі ў даляры і вывелі з краіны. Гэта на 30% абваліла курс лея і прывяло да скачка цэнаў, бо Малдова вельмі моцна залежыць ад імпарту.

Так шмат людзей выйшла на вуліцу таму, што тарыфы пайшлі ўгару, цэны пайшлі ўгару. Але яны не патрабуюць, каб тарыфы пайшлі ўніз, гэтага не зрабіць. Трэба аздараўляць эканоміку.

Таму патрабаваньні палітычныя — вы гэта зрабілі, мы хочам, каб вы сышлі.

Дракахруст: А як ціск пратэстаў, плошчы ўплывае на ўладную кааліцыю? Расколвае яе паводле прынцыпу «ратуйся, хто можа» ці наадварот — кансалідуе, гуртуе?

Эфтодэ: Напачатку згуртаваў. Бо пратэст быў супраць усіх — і супраць дэмакратычнай партыі, і супраць лібэральнай, і супраць лібэральна-дэмакратычнай. Але найбольш вострым быў пратэст супраць дэмакратычнай партыі, якая кантралюецца самым буйным малдоўскім алігархам — Уладам Плахатнюком. Ён фінансуе гэтую партыю.

Ён для пратэстоўцаў зьяўляецца сымбалем карупцыі і ўсеўладзьдзя алігархаў.

Пакуль урадавая кааліцыя трымаецца разам, але на мінулым тыдні яшчэ адзін чалец лібэральна-дэмакратычнай фракцыі выйшаў зь яе. Пасьля гэтага ўрадавая кааліцыя мае мінімальную большасьць — 51 голас са 101 дэпутата. Сыйдзе яшчэ адзін чалавек — яны згубяць большасьць.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG