Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС і Мінабароны Беларусі не камэнтуюць пляны разьмясьціць авіябазу ў Бабруйску


Мяркуецца, што на расейскай базе ў Беларусі будуць разьмешчаныя зьнішчальнікі Су-27
Мяркуецца, што на расейскай базе ў Беларусі будуць разьмешчаныя зьнішчальнікі Су-27

Як Аляксандар Лукашэнка адрэагуе на распараджэньне Ўладзімера Пуціна стварыць расейскую авіябазу ў Беларусі?

19 верасьня на сайце Крамля зьявілася афіцыйнае паведамленьне пра распараджэньне прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, якое тычыцца авіябазы ў Беларусі. «Прыняць прапанову ўраду Расеі аб падпісаньні пагадненьня паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — сказана на сайце прэзыдэнта Расеі.

У МЗС Беларусі і Мінабароны Беларусі ня сталі камэнтаваць гэтае паведамленьне. На пытаньне, дзе разьмесьціцца расейская авіябаза, у Баранавічах ці Бабруйску, у Мінабароны адказалі: «Без камэнтароў». Пакуль не ўдалося зьвязацца і з прэсавым сакратаром Аляксандра Лукашэнкі, каб высьветліць, ці не даваў якіх загадаў кіраўнік дзяржавы адносна разьмяшчэньня расейскай авіябазы ў Беларусі. Тэлефон прэсавага сакратара Лукашэнкі — Натальлі Эйсмант цягам дня на званкі карэспандэнта «Свабоды» не адказваў.

«Беларускі бок маўчыць наўмысна, быццам і няма такой важнай тэмы, і будзе маўчаць сама меней да выбараў», — мяркуе незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін. У тым, што расейская авіябаза ў Беларусі зьявіцца і гэта адбудзецца неўзабаве пасьля выбараў, Аляксандар Алесін перакананы.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

— Размовы пра расейскую авіябазу, гэтая інфармацыйная бомба, якраз у гэты момант, напярэдадні выбараў, вельмі непажаданыя для беларускіх уладаў. Пагадзіцеся, ня так шмат козыраў у беларускай апазыцыі, але база — гэта якраз тое, што можа сур’ёзна ўскладніць пазыцыі ўладаў.

Бо ня толькі радыкальныя нацыяналісты і «пятая калёна» ня хочуць гэтага, але і насельніцтва ня вельмі рада, што зьявіцца аб’ект, які не палепшыць нашы адносіны з Захадам. Акрамя таго, гэта патэнцыйная цэль у выпадку ваеннага канфлікту, прычым нават першачарговая.

Нашы мірныя людзі інстынктыўна супроць гэтага. Ніхто зь беларусаў, нягледзячы на прапаганду, не адчувае такой пагрозы з боку НАТО, што нібыта заўтра можа пачацца вайна. І таму ў людзей такая рэакцыя, што ня трэба іх дражніць, ня трэба разьмяшчаць тут гэтую базу.

Вось чаму ўлады, як я мяркую, і не стараюцца гэтую тэму закранаць. Нездарма ў афіцыйных мэдыях яна практычна не прадстаўленая.

Разьлік на тое, што значная маса пэнсіянэраў і людзей старэйшага ўзросту інтэрнэтам не карыстаюцца, «варожых галасоў» ня чуюць і ня будуць засяроджваць увагу на такой падзеі, як зьяўленьне расейскай авіябазы. Ну, а тыя, хто ў апазыцыі, яны як былі супроць, гэтак і застануцца.

— Такім чынам, вы мяркуеце, што беларуская ўлада наўмысна робіць выгляд, што нічога не адбываецца. Ці азначае гэта, што зь беларускага боку і рашэньне адносна базы адкладаецца наўмысна?

— Не, прынцыповае рашэньне прынятае яшчэ ў 2013 годзе. Але што да дэталяў, тут зьявіліся праблемы.

Спачатку вызначалі месца, дзе быць гэтай базе, потым спрачаліся наконт колькасьці самалётаў.

Цяпер зьявіўся праект дакумэнту, яго ў сябе разьмясьціў расейскі бок. Гэты праект Пуцін даручыў падчас перамоваў узгадніць зь беларускім бокам і падпісаць. Але ня факт, што ў працэсе ўзгадненьня ня ўзьнікнуць якія-небудзь узаемныя пытаньні.

Калі Расея на сваім урадавым сайце апублікавала гэты праект, значыць, яны задаволеныя тэкстам, але пакуль няма рэакцыі беларускага боку.

У тым, што першапачаткова, так бы мовіць, «чарнавік» праекту ўзгоднены, я не сумняюся, інакш праект пагадненьня не прасунуўся б на такі высокі ўзровень.

У тым, што першапачаткова, так бы мовіць, «чарнавік» праекту ўзгоднены, я не сумняюся, інакш праект пагадненьня не прасунуўся б на такі высокі ўзровень.

Але відавочна, што яшчэ нейкія дадатковыя перамовы спатрэбіліся.

— Але вы мяркуеце, што нікуды ня дзенецца беларускі бок, падпіша?

— Канечне. Менш як месяц застаўся да выбараў, а там увогуле ня будзе магчымасьці гэта неяк абмяркоўваць. Падпішуць і паставяць беларусаў перад фактам, што база будзе. Тады правядуць адпаведную ідэалягічную апрацоўку, патлумачаць, чаму база — гэта добра.

Мяркую, што апошняе ўзгадненьне адбылося ў Сочы, дзе Пуцін сустракаўся з Лукашэнкам. Дамовіліся, што Беларусь пагаджаецца на базу, а Расея аблягчае доступ беларускіх прамысловых тавараў на свой рынак.

Бо дагэтуль дзейнічаюць сотні розных перашкод, а цяпер Расея ўзяла на сябе абавязкі іх прыбраць. Асабліва ў галіне дзяржаўных і муніцыпальных заказаў.

Мяркую, адбылася зьдзелка паводле альгарытму, які даўно дзейнічае паміж Беларусьсю і Расеяй.

— Як вы можаце адказаць на пытаньне, навошта з вайсковага пункту гледжаньня Расеі гэтая база ў Бабруйску? Ад яго да расейскай мяжы якія 150 кілямэтраў. Для сучасных баявых самалётаў — гэта ж не адлегласьць. Пабудавалі б у сябе дзе пад Смаленскам такую самую базу і карысталіся б ёй — навошта лезьці ў іншую краіну, каб потым за яе чымсьці разьлічвацца?

— Справа ў тым, што яны, канечне, хочуць, і гэтага не хаваюць, распаўсюдзіць свой ваенны ўплыў, узмацніць тут вайсковую прысутнасьць Расеі, прывязаць Беларусь да Расеі.

Ну, і Бабруйск і Смаленск — гэта ўсё ж не адно і тое ж, для зьнішчальнікаў некалькі соцень кілямэтраў — гэта істотна.

Гэта перадавы рубеж. Яны б хацелі сустракаць ворага не на сваёй тэрыторыі, каб часткова аслабіць удар НАТО.

Але галоўнае — што гэта перадавы рубеж. Яны б хацелі сустракаць ворага не на сваёй тэрыторыі, каб часткова аслабіць удар НАТО. І адначасова ўзяць самім пад прыцэл аб’екты, якія зьяўляюцца ў краінах НАТО: склады, штабы, авіябазы, аб’екты супрацьпаветранай абароны. І тут ужо кожная сотня кілямэтраў мае значэньне: чым бліжэй, тым ім лепш.

Яны, вядома, і ў Баранавічах, і ў Лідзе хацелі б. Але тады вялікая рызыка, што пацярпяць ад папераджальнага ўдару з таго боку. Як паказвае досьвед Другой сусьветнай вайны, калі савецкія зьнішчальнікі і бамбавозы, якія разьмясьцілі каля мяжы, былі адразу зьнішчаныя. Таму цяпер абіраюць аптымальную адлегласьць — Бабруйск.

Да таго ж у савецкі час гэта была вельмі вялікая авіябаза, там базаваліся ў тым ліку цяжкія бамбавозы. Таму можна меркаваць, што, акрамя зьнішчальнікаў, там зьявяцца і машыны іншых клясаў, больш магутныя.

— Некаторыя параўноўваюць базу ў Бабруйску зь Севастопалем, а ваенна-стратэгічнае становішча Беларусі — з Крымам. Ня думаеце, што база ў Бабруйску калісьці можа быць выкарыстана для захопу ўсёй краіны, як адбылося зь Севастопалем?

— Ня стаў бы такія паралелі рабіць. Усё ж пры Чарнаморскім флёце Расеі базаваліся брыгады марской пяхоты, сілы спэцназу, яны налічвалі каля 10 тысяч чалавек. У авіяцыйнай базе ніколі ня можа быць столькі пэрсаналу.

І Беларусь усё ж ня Крым, а самалёты без наземнага забесьпячэньня і ва ўмовах моцнай супрацьпаветранай абароны тут проста ўзьляцець ня змогуць — калі будуць дзейнічаць супроць інтарэсаў краіны.

Але, канечне, нам гэта сувэрэнітэту не дадае.

Падзеі паводле ўкраінскага варыянту тут наўрад ці будуць разыграныя найперш таму, што яшчэ адну "Ўкраіну" – Украіну і Беларусь – Расея не пацягне. Занадта вялікія для яе страты.

А падзеі паводле ўкраінскага варыянту тут наўрад ці будуць разыграныя найперш таму, што яшчэ адну "Ўкраіну" – Украіну і Беларусь – Расея не пацягне. Занадта вялікія для яе страты.

Самае для яе лепшае — гэта заключыць зьдзелку з Лукашэнкам, улічваючы наша складанае эканамічнае становішча і асабліва тое, што нам так і не ўдалося знайсьці альтэрнатыўныя рынкі збыту прадукцыі нашага машынабудаваньня.

Таму, мяркую, бакі знайшлі паразуменьне, якое палягае ў тым, што Расея тут ускосна будзе кантраляваць стратэгічную сытуацыю, мець тут вайсковы аб’ект.

А ў выпадку, калі на тым баку, у Польшчы, як заклікае новы польскі прэзыдэнт, разьмесьцяцца новыя базы, тады сытуацыя можа яшчэ ўскладніцца. Дзеяньне роўнае супрацьдзеяньню. Можам чакаць тут зьяўленьня расейскіх «Іскандэраў». Плюс на авіябазе могуць зьявіцца ня толькі зьнішчальнікі, але і цяжкія бамбавозы, якія змогуць пагражаць ужо ня толькі Польшчы і краінам Балтыі, але і Нямеччыне.

Для простых беларусаў гэта яшчэ больш небясьпечна, бо Беларусь канчаткова ператворыцца ў краіну-закладніцу адносін Расеі з Захадам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG