Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выбары» ў ДНР і ЛНР ня стануць кнотам у вайне на Данбасе,— Калачоў


Кіраўнік ЛНР Ігар Платніцкі і кіраўнік ДНР Аляксандар Захарчанка (зьлева направа) падчас прэс-канфэрэнцыі, 8 ліпеня 2015 году

Кіраўнік ЛНР Ігар Платніцкі і кіраўнік ДНР Аляксандар Захарчанка (зьлева направа) падчас прэс-канфэрэнцыі, 8 ліпеня 2015 году

У Крамлі па-ранейшаму разьлічваюць на прыход да ўлады ва Ўкраіне прарасейскіх палітыкаў, — перакананы маскоўскі экспэрт Канстанцін Калачоў.

Псэўдавыбары ў так званых ДНР і ЛНР не павінны справакаваць новы віток канфлікту, чарговай хвалі ваеннага супрацьстаяньня на Данбасе на дадзены момант чакаць ня трэба.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.

Канстанцін Калачоў

Канстанцін Калачоў

«Для таго каб ДНР і ЛНР пачалі ваенныя дзеяньні, ім трэба ўзгадніць гэта з Расеяй — яны наўрад ці наважацца гэта зрабіць самастойна. А Расея цяпер відавочна не гатовая іх у гэтым заахвочваць.

Што ж тычыцца Кіева, то спробы вырашыць лёс ДНР і ЛНР, грунтуючыся на досьведзе харватаў (маецца на ўвазе ліквідацыя харвацкімі войскамі ў 1995 годзе сэпаратысцкай Рэспублікі Сэрбская Краіна. — РС), наўрад ці завершацца посьпехам, бо Расея ў такім выпадку акажа дапамогу непрызнаным рэспублікам. У прынцыпе, з улікам таго, як перамыкаецца ўвага расейцаў на сытуацыю ў Сырыі, з улікам таго, як перамыкаецца ўвага расейцаў на барацьбу з карупцыяй, цалкам відавочна, што Крэмль вырашае гэтую тэму трохі замарозіць. А Кіеў наўрад ці наважыцца на шырокамаштабны наступ, які для Ўкраіны, магчыма, сытуацыю не палепшыць, а пагоршыць», — кажа ён.

Між тым, на думку экспэрта, прызначэньне кіраўніцтвам сэпаратыстаў мясцовых выбараў асобна ад выбараў агульнаўкраінскіх сьведчыць пра тое, што кампраміс паміж Кіевам і сэпаратыстамі сёньня таксама немагчымы.

«У Кіеве, вядома, тыя выбары, якія пройдуць у ДНР і ЛНР, не прызнаюць», — кажа Калачоў.

«Усё ідзе да таго, пра што я казаў ад самага пачатку канфлікту: сытуацыя будзе разьвівацца паводле прыднястроўскага сцэнару — вядома, са сваімі асаблівасьцямі, бо ў Прыднястроўя няма агульнай мяжы з Расеяй. Але, у прынцыпе, усё ідзе да таго, што канфлікт будзе замарожаны, бакі застануцца пры сваіх. Пакуль інтэграцыя ДНР і ЛНР ва Ўкраіну немагчымая — прычым з прычыны нежаданьня абодвух бакоў», — лічыць палітоляг.

Безумоўна, прыднястроўскі сцэнар ня надта задавальняе Маскву, кажа Калачоў.

«Для Масквы было б лепш, калі б адбылася рэінтэграцыя (ДНР і ЛНР ва Ўкраіну. — РС) на расейскіх умовах. Зразумела, што Масква зацікаўленая ў тым, каб Кіеў зьняў свае прэтэнзіі на Крым, каб Украіна была нэўтральная і каб ня рваліся эканамічныя сувязі, якія існуюць цяпер. А гэта ўсё магчымае толькі пры існаваньні ва Ўкраіне двух цэнтраў сілы — Кіева і адпаведна Данецку і Луганску. Аднак гэтага не адбылося», — кажа ён.

Цяпер у Крамлі разьлічваюць, што ўлада ва Ўкраіне зьменіцца на прарасейскую.

«У Крамлі па-ранейшаму разьлічваюць на зьмяненьне грамадзкіх настрояў ва Ўкраіне і прыход да ўлады ва Ўкраіне прарасейскіх палітыкаў. Але тут ня ўлічваецца настрой саміх украінцаў, таму што зразумела: калі ўжо столькі крыві праліта, то гэта яшчэ вельмі і вельмі ня хутка забудзецца. Гэта значыць, фактычна сытуацыя патавая, і тут застаецца толькі чакаць. Нейкіх рашучых дзеяньняў я не прагназую, тым больш што неўзабаве пачнецца зіма», — адзначае палітоляг.

Сэпаратысты ДНР і ЛНР прызначылі даты правядзеньня выбараў у мясцовыя органы ўлады (гарадзкія і раённыя адміністрацыі).

Як паведамляюць сайты сэпаратыстаў, выбары ў ЛНР прызначаныя на 1 лістапада, выбары ў ДНР — на 18 кастрычніка.

Раней прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што выбары на Данбасе павінны прайсьці ў рамках украінскага заканадаўства. Мясцовыя выбары ва Ўкраіне прызначаныя на 25 кастрычніка.

«Мы — за выбары паводле ўкраінскага заканадаўства ў адпаведнасьці зь Менскам. Выбары 18-га чысла — гэта дакладны аналяг выбараў 2 лістапада мінулага году, якія разбурылі менскі працэс і за якімі наступілі, на жаль, шматлікія ахвяры, эскаляцыя канфлікту і фактычнае разбурэньне менскіх дамоўленасьцяў», — цытуе Парашэнку ЛІГАБізнесІнформ.

Парашэнка дадаў, што Ўкраіна будзе рабіць усё магчымае, каб не дапусьціць правядзеньня фэйкавых выбараў на акупаваных тэрыторыях Данбасу.

XS
SM
MD
LG