Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біноклі на выбарчых участках забароненыя. Відэазапіс — з дазволу камісіі


Ілюстрацыйнае фота, датэрміновае галасаваньне падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году
Ілюстрацыйнае фота, датэрміновае галасаваньне падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году

Назіральнікам на выбарах застаецца спадзявацца на ласку ўчастковых камісіяў.

Назіральнікі, якія будуць сачыць за падлікам галасоў падчас прэзыдэнцкіх выбараў, змогуць карыстацца фотаапаратурай, відэа- і аўдыёзапісвальнай тэхнікай толькі з дазволу ўчастковых камісіяў.

Карыстацца аптычнымі прыстасаваньнямі забаронена наагул.

Такі адказ дала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына на адпаведны зварот руху «За свабоду», паведаміў Свабодзе першы намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч.

У адказе, напісаным па-беларуску, гаворыцца: «Задавальненьне просьбы наглядальніка (так у арыгінале. — РС) аб вядзеньні фота- і відэаздымкі, а таксама аўдыёзапісу зьяўляецца правам, але не абавязкам выбарчай камісіі». Што тычыцца спэцыяльных аптычных прыбораў, то «іх выкарыстаньне для ажыцьцяўленьня нагляданьня (так у арыгінале. — РС) на ўчастку для галасаваньня выбарчым заканадаўствам не прадугледжана».

Юрась Губарэвіч сказаў, што рух вылучыць на гэтыя выбары больш за 200 назіральнікаў, якія, як паказваюць папярэднія кампаніі, аказваюцца «абсалютна безабароннымі перад старшынямі выбарчых камісіяў»:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Такі запіс мог бы дапамагчы ў разборы кожнай канкрэтнай справы. А таксама шмат якія парушэньні маглі б быць зафіксаваныя пры дапамозе відэа. І гэтыя доказы можна было б пасьля выкарыстоўваць у судах.

Аднак Лідзія Ярмошына фактычна адмовіла назіральнікам у такім праве. Яна патлумачыла, што канчатковае рашэньне аб выкарыстаньні аўдыё- і відэаапаратуры будзе прымаць адпаведная камісія. Але практыка мінулых выбараў паказвае — усё будзе зводзіцца выключна да забароны карыстаньня тэхнічнымі сродкамі.

Таксама Ярмошына патлумачыла, што назіральнікі ня маюць права карыстацца аптычнымі сродкамі, напрыклад, біноклямі, каб пабачыць, што адбываецца падчас падліку бюлетэняў. Можа, камусьці падасца, што гэта несур’ёзна, але, зноў жа, з досьведу мінулых гадоў мы ведаем, што назіральнікі ня маюць магчымасьці прысутнічаць непасрэдна пры падліку галасоў, бо часта іх садзяць за дзясяткі мэтраў ад стала. У такіх умовах няўзброеным вокам мала што можна пабачыць. Таму дадатковыя сродкі для назіраньня ў любым выпадку не зашкодзяць».

«Цэнтральная выбарчая камісія паводзіць сябе непасьлядоўна», — лічыць спэцыяліст у галіне выбарчага права Сяргей Альфер:

Сяргей Альфер
Сяргей Альфер

«З аднаго боку, яна на папярэдніх выбарах прыняла пастанову, якая дазваляе праводзіць аўдыёзапіс. З другога боку, яна цяпер адзначае, што гэтае пытаньне ўваходзіць у паўнамоцтвы ўчастковай камісіі. Аднак такія паўнамоцтвы ўчастковых камісіяў абсалютна нідзе ў выбарчым заканадаўстве не прапісаныя. А калі нешта не прапісанае, то ў ЦВК ёсьць дзьве магчымасьці. Альбо самой прыняць пастанову, якая рэглямэнтуе гэтае пытаньне. Альбо перадаць вырашэньне пытаньня ніжэйстаячым выбарчым камісіям. Калі гэта афіцыйна перададуць участковым камісіям, то абсалютна зразумела, што атрымаць ад іх дазвол ніколі не атрымаецца. Яны ж не зацікаўленыя наагул хоць у якой галоснасьці.

Што тычыцца бінокля, то гэта выглядае нібыта як анэкдот. Але ж выкарыстоўваць яго не забаронена. А мы дзейнічаем паводле прынцыпу — грамадзянін мае права выкарыстоўваць усё, што не забаронена законам. І таму тлумачэньне Ярмошынай некарэктнае з пункту гледжаньня права. Таму, калі нейкі назіральнік, які сядзіць далёка ад стала, будзе выкарыстоўваць бінокль, то ён, з майго пункту гледжаньня, не парушае заканадаўства. Гэта не зьяўляецца ўмяшаньнем у дзеяньні выбарчай камісіі. І на гэтай падставе яго немагчыма, не парушаючы Выбарчы кодэкс, выдаліць з памяшканьня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG