Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты да Адзінага Прэзыдэнта: Усіх пасадзіць на яйкі!


Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсіяў. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна не хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.

Здаравенькі булы, наш даражэнькі і адзіны!

Усюды крызіс, а ў нас спакой і цішыня, але трэба думаць пра заўтрашні дзень, бо есьці захочацца. І вось што прыйшло ў галаву, як усё ўзяць і палепшыць. І пачаць трэба ab ovo, як казалі ў старажытнасьці, гэта значыць — ад яйка. Па-нашаму — ад начальства.

Бацюшка ў царкве кажа, што любое начальства зьверху. Яно так, але ж не для цябе, бо ты яшчэ вышэй. Таму просім цябе ўзяцца за яйкі, гэта значыць за начальства, як ты некалі абяцаў. Самыя прыўкрасныя душы тваёй парывы і высакародныя думкі ў зародышы начальнік збаёдае і задушыць. А сам будзе цукрам-мядовічам пасьміхацца. Ты так і знай! Гэта такая зараза, зь якой бароцца няма мочы — хіба толькі пасадзіць. Ты іх, канечне, саджаеш — але прабач, скажу прама — ня так і не туды.

Зараз растлумачу даходчывай мовай.

Успомні незабвеннае лета, калі ты стаў адзіным! Ты сам абяцаў нам на мітынгу ў сваю падтрымку, што чыноўнікам, братка, паадсякаеш рукі, каб ня бралі чужога, потам здабытага простым народам. Успомні свае словы!

Што ён дае, той чыноўнік-бюракрат, каб памацаць? Які прадукт? Дзіру ад абаранка! Толькі штаны працірае. І вось мая галоўная думка — паглядзі на гэтыя штаны зь дзіркамі, за тое, што за імі хаваецца, з таго месца, з якога глядзім мы, гэта значыць зьнізу. І такое пабачыш, такое адкрыецца, што ні словам сказаць, ні пяром апісаць.

Дупы як у дыназаўра, ялозяць на крэслах — і ўсё на вецер. Колькі цяпла прападае! Кілакалорыі так паветра грэюць, што аж трава пасохла і канавы абмялелі. Прапанова мая, дарагі адзіны, такая: пасадзіць іх на яйкі. Няхай куранят выседжваюць! Завалім курыным мясам русакоў нашых братоў. Натурпрадукт! Не дакажуць ножкі Буша!

Ты сам калісьці гаварыў вельмі хораша і правільна: што ты рот разяваеш вечна? Як з галоднага краю! Ня зьеш ты яйцо лішняе, адкладзі, палучы зь яго кураня-піскляня, яно табе яшчэ яец наробіць! Не адно будзе, а дзесяць, сто! Трэба ж хітрэйшым быць, мысьліць па-гасударственаму.

Простая арыфметыка, братка, паказвае, што толькі выканкам абласны з прыданымі канторамі дасьць нам ня менш за тысячу азадкаў. А плюс колькі раённыя яшчэ? А ўзяць іншых працірак штаноў? Акадэмікаў, якія золата ніяк ня знойдуць, спарцменаў, якія па медалях не справіліся, вярхоўны савет і гэта далей. Суды можна не чапаць — яны і так сядзяць, ім проста трэба яйкі падносіць, можна канвеерам.

Даць кожнаму напачатку па дзесяць яек і строгае заданьне ператварыць цеплавую энэргію ў жыцьцёвую. Вось табе першы мільён гатовых куранят! Ёсьць канечне, небясьпека, што могуць адразу яечню зрабіць ці сырымі выпіць, бо халява. Вось тут нашым людзям ў пагонах, міліцыі, арміі і іншаму спэцназу і прымяненьне знойдзецца: стаяць на варце і сачыць, каб рукі пад дупы не запускалі і яйка ў рот ня цягнулі.

Канечне, і за імі вока трэба — можна стварыць у кожнай вобласьці абласныя камітэты, ў раёнах раённыя, нават адзін вярхоўны, каб вопыт перанімаць. Ну, а калі спрэчкі якія — заснаваць спэцыяльныя суды. Можна і навуку падключыць, гэтых яйкагаловых. Можа, што талковае вылупіцца. І ў спорце можна чэмпіянат яйкавы чэмпіянат праводзіць, першы ў сьвеце. Можна падумаць, як выкарыстоўваць сапсаваныя яйкі дзеля абароны і наступленьня, але гэта справа заўтрашняга дня.

Галоўнае зараз — як пачаць, бо як пачнеш, так і скончыш. І цяпер самы падхадзячы гістарычны момант — выбары цябе адзінага. І першае, што трэба — выбары памяняць з пустога голасу на поўнае яйка. Ну што гэта за дзела, голас аддаў і прэзыдэнта выбраў. Голас, як кажуць, рукой не памацаеш, у кошык не пакладзеш. Не, ты давай яйка, сваім уласным яйкам дакажы, што сапраўды дбаеш дзеля працьвітаньня. Хочаш прагаласаваць — нясі яйка.

Так у нас адразу будуць ня толькі выбары, але і стратэгічны запас для пачатку новай эры яйкакратыі, якой усе будуць зайздросьціць.

Канечне, ёсьць рызыка, што тады масла прападзе. Але пра гэта мы ў наступныя выбары падумаем. А пакуль — няхай нясуць яйкі, як гаварыцца.

І ня мне цябе вучыць як лічыць!

XS
SM
MD
LG