Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жанчын-сябраў выбарчых камісіяў заклікаюць ня ўдзельнічаць у фальсыфікацыях


Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, датэрміновае галасаваньне ў Менску

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, датэрміновае галасаваньне ў Менску

Каля 70 працэнтаў сябраў выбарчых камісіяў у Беларусі — жанчыны.

Удзельніцы ініцыятывы «Жанчыны супраць фальсыфікацыяў» прапануюць ня ўдзельнічаць у фальсыфікацыях на выбарах сябрам выбаркамаў, больш за палову якіх — жанчыны.

Прадстаўніцы беларускіх палітычных партыяў, у тым ліку БНФ, АГП, аргкамітэту па стварэньні партыі БХД і Руху «За свабоду» выступілі са зваротам да сяброў выбарчых камісіяў. Іх просяць ня ўдзельнічаць у магчымых фальсыфікацыях на прэзыдэнцкіх выбарах-2015, распавяла Свабодзе Галіна Скараход, намесьніца старшыні Руху «За Свабоду»:

Галіна Скараход

Галіна Скараход

«Зварот наш да жанчын. Гэта сацыяльная група, адказная за адукацыю і выхаваньне нашых дзяцей, таму яны найбольш востра адчуваюць гэты крызіс, — тлумачыць Скараход. — І таму мы лічым, што якраз гэтыя жанчыны могуць быць нашымі прыхільнікамі.

Сёлета ў склад 6080 участковых выбарчых камісіяў былі ўключаныя 66 941 чалавек, у склад 153 тэрытарыяльных — яшчэ амаль дзьве тысячы чалавек. Зь іх нямала жанчын: паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, у тэрытарыяльных выбаркамах доля жанчын складае 59%, ва ўчастковых можа дасягнуць 70%. Доля апазыцыянэраў значна меншая: ва ўчастковых выбарчых камісіях іх толькі 30 чалавек (0,045 % ад агульнай колькасьці).

Скараход ня лічыць, што няўдзел сяброў камісіяў у фальсыфікацыях пасьля аднога толькі звароту — утапічная мара:

«Яны ведалі (на якую працу ідуць — Свабода) і ў 89-м, і ў 90-я гады, калі пачаліся нейкія зьмены. Але рабілі сваю справу вельмі сур’ёзна і адказна, — кажа яна. — Такія прыклады ў гісторыі Беларусі ўжо былі. Мы спадзяемся, што наступае заўжды нейкі момант, нейкая рыса, за якую ўсе разумеюць, што пераступаць нельга. Таму мы разьлічваем, што такая сытуацыя якраз складаецца ў краіне. І што незадаволеных менавіта сярод сябраў камісіі вельмі многа».

Сябры камісіі разумеюць, што праз адмову ад удзелу ў фальсыфікацыях яны могуць страціць працу і згубіць сацыяльны статус, кажа Скараход. Але, мяркуюць удзельніцы ініцыятывы, калі выбаркамы ня робяць сваю справу сумленна, іх сябры страчваюць больш: сваю будучыню, будучыню дзяцей і цэлай краіны.

Адным зваротам ініцыятыва не абмяжуецца, абяцае Скараход. Цяпер ініцыятыва шукае прыхільнікаў. Разьлічвае сярод іншага на прадстаўніц рэгіянальных жаночых клюбаў. Далейшы плян будзе карэктавацца з улікам акалічнасьцяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG