Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Катэдж замест турмы: раўбіцкая альтэрнатыва кіргіскага «казнакрада»


Вёска Раўбічы пад Менскам стала сымбалем ня толькі посьпехаў беларускага біятлёну ды канцэнтрацыі элітнай забудовы. Сёньня яна набывае яшчэ адну характэрную адметнасьць: тут усё часьцей можна сустрэць асобаў з разнастайных «чорных сьпісаў».

У пятніцу Свабода расказала пра самага заможнага жыхара ня толькі Раўбічаў, але і ўсёй Беларусі — мільярдэра-алігарха Ўладзімера Пефціева. Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году ён трапіў у «чорны сьпіс» Эўразьвязу за фінансаваньне рэжыму Лукашэнкі, які жорстка абыходзіцца са сваімі апанэнтамі. Атрымаўшы вымушаную паўзу, бізнэсовец пераключыўся на вырашэньне жыльлёвага пытаньня і ня так даўно справіў улазіны ў доме прэміюм-клясы на ўскрайку Раўбічаў.

А на першай (калі лічыць ад трасы на аэрапорт) лініі катэджнага пасёлку, які паступова паглынае колішнюю вёску, абжываецца ў новых апартамэнтах фігурант іншага сьпісу — інтэрполаўскага. Гэта 45-гадовы Марат Бакіеў, старэйшы сын колішняга прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, зрынутага ў выніку народных хваляваньняў у красавіку 2010 году. На радзіме былы супрацоўнік кіргіскіх спэцслужбаў завочна асуджаны на 20 гадоў калёніі.

Тэрыторыя даглядаецца і зь «нічыйнага» боку

Тэрыторыя даглядаецца і зь «нічыйнага» боку

У Беларусі Марат Курманбекавіч з жонкай і сынам зьявіўся пяць гадоў таму ў суправаджэньні бацькі, дзядзькі ды іншых асобаў, набліжаных да колішняга кіраўніка Кіргізстану. Пасьля пратэстаў 2010-га супраць кланавасьці і карумпаванасьці дзяржаўнай улады Генпракуратура Кіргістану ўключыла Марата Бакіева пад № 4 у афіцыйны сьпіс асобаў, прыцягнутых да крымінальнай адказнасьці паводле абвінавачаньня ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў і забойстве мітынгоўцаў на плошчы Ала-Тоо ў Бішкеку. Падчас сілавога разгону ён быў адным з кіраўнікоў Рады нацыянальнай бясьпекі краіны (аналяг беларускага КДБ).

Гатэль «Плаўна», прэзыдэнцкія апартамэнты на 2-м паверсе

Гатэль «Плаўна», прэзыдэнцкія апартамэнты на 2-м паверсе

Спачатку Бакіевы жылі на тэрыторыі Бярэзінскага біясфэрнага запаведніка: у адным з жылых карпусоў тут абсталяваныя прэзыдэнцкія апартамэнты, якія займаюць увесь другі паверх элітнага гатэля «Плаўна». Але пасьля таго як у жніўні таго ж году Аляксандар Лукашэнка фактычна «падарыў» грамадзянства сямейству ўцекачоў, бакіеўскі клан узяўся за вырашэньне жыльлёвага пытаньня. Галава роду атрымаў пляц у «прэзыдэнцкім раёне» Вясьнінка, дзе атабарыліся практычна ўсе вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі. Дзеці захацелі жыць асобна, пагадзіўшыся на больш сьціплы варыянт у Раўбічах.

Адзін з майстроў рамонтнай брыгады апавёў, што замова на поўнае пераабсталяваньне дому ў Раўбічах прыйшла з пазнакай «тэрмінова». Пры тым, што на той момант будынак быў зусім новы і яшчэ літаральна пах фарбай. У колькі абышоўся набытак — можна хіба здагадвацца, але папярэдні гаспадар толькі за зямельны пляц заплаціў 50 тысяч даляраў. Само сабой, гэтая сума была ўкладзена ў кошт.

Унутраны дворык схаваны за глухім плотам

Унутраны дворык схаваны за глухім плотам

Суразмоўца расказвае, што працавалі амаль безь перакураў, і праз тры месяцы ад першапачатковага варыянту мала што засталося. Пры гэтым заказчык ніводнага разу не прамарудзіў з аплатай, даваў грошы наперад, апэратыўна разьвязваючы ўсе бягучыя праблемы будаўнікоў. Ужо ў «апгрэйджаным» доме нарадзіўся другі сын (старэйшаму — гадоў 20). Для малога ва ўнутраным двары абсталяваная дзіцячая пляцоўка з разнастайнымі забавамі. Тэрыторыю, нават па-за плотам, старанна даглядаюць.

Асобныя элемэнты запазычаныя зь нямецкай архітэктуры

Асобныя элемэнты запазычаныя зь нямецкай архітэктуры

Мясцовыя кажуць, што да Марата часьцяком наведваюцца сваякі, якія асабліва ня «сьвецяцца», а сьпяшаюцца праскочыць у аўтаматычныя вароты. Сярод іх пазнаюць бацьку Курманбека з другой жонкай і малымі дзецьмі ды дзядзьку Жаныбека. Акурат пры мне з брамы выкаціла люксавая «Аўдзі», але ідэнтыфікаваць кагосьці з пасажыраў не ўдалося.

Кідаецца ў вочы чырвоная дахоўка

Кідаецца ў вочы чырвоная дахоўка

Ужо ў Беларусі колішні «кадэбіст» Марат Бакіеў вымушана зьмяніў род заняткаў. Паводле кіргіскіх мэдыяў, праз кіпрскую кампанію сваёй жонкі ён стаў саўладальнікам загараднага клюбу пад Менскам. Здабыткам галоснасьці стаў здымак Марата з сынам на руках у забаўляльным цэнтры. Таксама Бакіеў мае дачыненьне да паставак беларускага цукру ў Кіргізстан. Ёсьць у навасьпечанага бізнэсоўца і ўласны офіс, які месьціцца ў будынку канцэрну «Белдзяржхарчпрам».

Марат Бакіеў з малодшым сынам у Менску

Марат Бакіеў з малодшым сынам у Менску

Разам з бацькам-прэзыдэнтам, дзядзькам Жаныбекам і малодшым братам Максімам Марат Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу. Усе завочна абвінавачаныя па шэрагу крымінальных артыкулаў за саўдзел у масавых забойствах. Падчас сьледзтва пачалі ўсплываць і іншыя факты злоўжываньня ўладай. Апроч падзеяў у красавіку 2010-га, за якія Курманбека Бакіева завочна асудзілі на 25 гадоў турмы, у 2013-м ён атрымаў яшчэ 24 гады — за арганізацыю заказных палітычных забойстваў. Ягоны брат Жаныбек, экс-намесьнік старшыні службы Нацыянальнай бясьпекі, мае ажно два пажыцьцёвыя тэрміны — за забойства маніфэстантаў і за арганізацыю ўзброеных фармаваньняў.

Беларуская альтэрнатыва кіргіскай турме

Беларуская альтэрнатыва кіргіскай турме

Двойчы пажыцьцёва і з канфіскацыяй маёмасьці асуджаны Максім Бакіеў — некалі адзін з найбагацейшых людзей Кіргізстану, экс-кіраўнік Цэнтральнага агенцтва па разьвіцьці, інвэстыцыях і інавацыях. Апанэнты Бакіева сьцьвярджаюць, што ніводзін бізнэс-праект нельга было распачаць без асабістага ўхваленьня з боку Максіма Курманбекавіча. Суд абвінаваціў яго ў незаконнай прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці на дзясяткі мільёнаў даляраў. Ад пакараньня ён хаваецца ў Вялікай Брытаніі, дзе атрымаў статус уцекача.

На гэтым тле колішні супрацоўнік кіргіскіх спэцслужбаў Марат Бакіеў абышоўся лёгкім спалохам — усяго 20 гадоў калёніі. Але ў любым выпадку катэдж пад Менскам — непараўнальна лепшая замена турме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG