Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка Чэ Гевары не захацела слухаць Папу Рымскага ў Гаване


Алейда Гевара

Алейда Гевара

Дачка лацінаамэрыканскага рэвалюцыянэра Эрнэста Чэ Гевары адмовілася пайсьці на імшу Папы Рымскага, якую той адслужыў у нядзелю, 20 верасьня, у Гаване.

Паводле Алейды Гевары, гэтае заданьне, якое ёй дала Кампартыя Кубы, яна лічыць праявай крывадушнасьці, перадае Yahoo News.

«Што я там буду рабіць, стоячы на працягу некалькіх гадзін?», — зьдзіўляецца Гевара, якая лічыцца адной з найважнейшых фігур у кубінскай кампартыі. Яшчэ да прыезду пантыфіка на Востраў Свабоды яна выказвала сумнеў у тым, што пойдзе на службу, апэлюючы да свабоды веравызнаньня і свабоды прытрымлівацца атэістычных перакананьняў.

Паслухаць пантыфіка на плошчы Рэвалюцыі ў Гаване сабраліся некалькі тысяч чалавек. На імшы таксама прысутнічаў кубінскі лідэр Рауль Кастра.

Рауль Кастра і папа Францішак на сустрэчыў Ватыкане, травень 2015

Рауль Кастра і папа Францішак на сустрэчыў Ватыкане, травень 2015

Папа Францішак адазваўся пра кубінцаў як пра аматараў весялосьці, сяброўства і прыгожых рэчаў. Кіраўнік рымска-каталіцкай царквы заклікаў людзей служыць адны адным, а не якой-небудзь ідэалёгіі. Кубінскі народ пантыфік назваў «сьвятым і адданым Богу».

Падчас імшы былі арыштаваныя некалькі чалавек.

Плошча Рэвалюцыі ў Гаване - традыцыйнае месца мітынгаў кубінскіх камуністаў.

Папа Рымскі Францішак пачаў апостальскі візыт на Кубу 19 верасьня. Усяго на востраве ён правядзе пяць дзён і, у прыватнасьці, сустрэнецца зь лідэрам кубінскай рэвалюцыі 89-гадовым Фідэлем Кастрам.

Затым папа выправіцца ў ЗША, дзе наведае Вашынгтон, Нью-Ёрк і Філадэльфію. У сталіцы Злучаных Штатаў ён правядзе прыватную сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам і стане першым пантыфікам, які будзе прысутнічаць на супольным паседжаньні Палаты прадстаўнікоў і Сэнату Кангрэсу ЗША.

XS
SM
MD
LG