Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская база як момант ісьціны для грамадзтва


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Яўген Батура: «Сёньня на працы ў калектыве канструктараў мяне ледзь не разарвалі на кавалкі. Усе, УСЕ ДА АДНАГО за разьмяшчэньне ваенных баз. Кажуць, хутка Захад распачне вайну – толькі ў складзе Расеі мы здолеем выстаяць. Лепш быць на баку мацнейшага. І гэта кажуць людзі з вышэйшай адукацыяй».

На мой погляд, справа ня толькі ў ірацыянальнай захадафобіі. І не ў незразумелай веры ў непераможнасьць Расеі (магчыма, аўтаматычна асацыююць РФ з СССР, які сапраўды ў вайсковай моцы пачуваўся самаўпэўнена).

Савецкі чалавек нутром адчувае, што супраць Захаду – добра, супраць Расеі – кепска. Савецкі чалавек разумее, куды дзьме вецер партыі. Таму дазваляе сабе гарлапаніць на працы пра палітку. Ды што там, былі выпадкі, калі беларусы на баку тэрарыстаў на Данбасе адкрыта казалі, што ваююць у імя Лукашэнкі і Пуціна, хоць іх учынкі цягнулі не на адзін год зьняволеньня.

А цяпер уявіце, што хтосьці піша: «У мяне на працы ўсе сто чалавек калектыву супраць расейскіх баз!» Чытай – супраць Лукашэнкі. Таварышчы з органаў імгненна мусяць заняцца калектывам. Калі ты прымаў прысягу ля помніку Дзяржынскаму, інакш зрэагаваць ты ня можаш. Бо панятак атысавецкасьці нікуды не зьнікаў.

Таму і чуваць вакол гучныя крыкі адной, чытай – праўладнай, пазыцыі. З чаго б гэта ў краіне, дзе даўно не прынята гаварыць «пра палітыку», раптам з усіх бакоў чуюцца падобныя гісторыі? Я, прынамсі, ужо зь дзясятак такіх чуў і чытаў ад самых розных людзей.

Гэта не салідарнасьць. Ва ўмовах небясьпекі атрымаць непрыемнасьці за ўласныя думкі, своечасова пракрычаць пазыцыю падтрымкі «партыі і ўраду» – гэта падсьцяліць сабе саломкі.

Таму мы і чуем гучныя галасы «за савецкую ўладу!» І нам здаецца, што гэта адзінае распаўсюджанае меркаваньне.

А людзі аддаляюцца адзін ад аднаго на цывілізацыйным узроўні. Дваццаць гадоў безь ніякай ідэалёгіі, апроч старой савецкай, і не ўсім ужо зразумелай. Дваццаць гадоў імітацыі ўраўнілаўкі (усе аднолькавыя, архітэктар атрымлівае менш за грузчыка). Дваццаць гадоў з расейскімі сэрыяламі і сатырыкамі, дваццаць гадоў дэнацыяналізацыі і культурнага хлуду.

Хтосьці працягваў забіваць сабе галаву інфармацыйным сьмецьцем, хтосьці скарыстаўся з магчымасьці адкрываць новае, езьдзіць, глядзець сьвет, пампаваць зь сеціва ня толькі забаўлялава.

Alexander Karalevich: «Такое адчуваньне, што Савецкі Саюз распадаецца толькі цяпер». Па вялікім рахунку так і ёсьць, мэнтальна і структурна мы яшчэ ў БССР пад патранажам Масквы.

Як і перад распадам СССР, у сучаснай Беларусі большасьць дэкляруюць прыхільнасьць прарасейскасьці, чытай – прасавецкасьці, бо сталыя людзі збольшага не адрозьніваюць адно ад другога. Як і ў выпадку з СССР меркаваньне большасьці нічога не вырашае. Вырашаюць законы прыроды (тое, што мусіць разваліцца – разваліцца, што нарадзіцца – народзіцца) і актыўная частка грамадзтва.

У кожным разе, пытаньне расейскай авіябазы ў Беларусі набліжае момант ісьціны – грамадзкая думка мусіць дааформіцца і сфармулявацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG