Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі нядаўна рэканструяваную набярэжную раскапалі нанова ФОТА


У Гомелі да дня горада, які адсьвяткавалі 12 верасьня, мясцовыя ўлады ўрачыста адкрылі рэканструяваную набярэжную ракі Сож — яна стала даўжэйшай на 548 мэтраў. Каля двухсот будаўнікоў усё сьпякотнае лета закоўвалі раку ў бэтонную кашулю, укладвалі ходнікі, парадкавалі газоны.

Пэрлінай фантазіі архітэктараў стала пры канцы набярэжнай кампазыцыя «Маяк» — 48 разнавысокіх асьвятляльнікаў, замацаваных на гранітным пастамэнце.

Гамельчукі, вядома, радыя, што на месцы лазьняку зьявілася новае прывабнае месца для шпацыру.

Архітэктурнае пераўтварэньне зазнала ня толькі вузкая паласа пры самым беразе ракі. На дадатак уздоўж набярэжнай зроблена 15 тысяч квадратных мэтраў азеляненьня — газонаў і дэкаратыўных насаджэньняў.

І вось незадача. Як толькі адгрымелі фанфары ўрачыстасьці, на набярэжную прыгналі тэхніку, каб рыць траншэю. Ходнікі, праўда, не разьбіралі, але паўтары сотні мэтраў газонаў ужо раскапалі.

Дзіцячы гарадок на набярэжнай

Дзіцячы гарадок на набярэжнай

Гарадзкое камунальнае прадпрыемства «Гомельводаканал» замовіла будтрэсту № 14 рэканструкцыю электразабесьпячэньня вадазабору «Цэнтральны». Будаўнікі й разрылі нядаўна азеленыя газоны.

Гараджанка Ірына, якая сёньня прагульвалася з дачкою па набярэжнай, так рэагуе на падобную «гаспадарлівасьць» мясцовых уладаў:

«Шкада, што з-за нейкіх камунікацый... І так заробкі нізкія, а тут яшчэ грошы будуць выдаткоўваць два разы на адное і тое ж. Трэба было адразу рабіць, каб ужо не псаваць прыгажосьць такую».

Сьвежыя акопы на набярэжнай

Сьвежыя акопы на набярэжнай

Спадарыня Тамара схільная апраўдваць улады: маўляў, не пасьпявалі:

«Гэта дабудоўваюць ужо, пракладваюць новыя камунікацыі. Гуртам тут схапіліся, і ўжо ў апошнія дні нават дзіцячы гарадок дабудоўвалі. І каля клюбу „Нэма“ цудоўную пляцоўку зрабілі. А тут, відаць, не пасьпелі. І што ўжо не пасьпелі, тое цяпер дарабляюць».

У пашпарце аб’екту сказана, што рэканструкцыя электразабесьпячэньня вадазабору каштуе два з паловай мільярды рублёў. Яе пачалі ў ліпені, а газоны, як зазвычай, падгадалі рыць акурат пасьля афіцыйнага завяршэньня будаўніцтва набярэжнай.

Драўляную халупу з выхадам на адноўленую набярэжную закрылі белым плотам з мэталёвага профілю і фатаграфічнай выявай скульптурнай кампазыцыі першаму пасяленцу Гомеля.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG