Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дакумэнтальны фільм «Шво. Псыхоляг на вайне» пра фізычныя і псыхалягічныя траўмы ўкраінскіх вайскоўцаў, удзельнікаў баявых дзеяньняў супраць прарасейскіх сэпаратыстаў у Данбасе. Галоўныя героі карціны — украінскі вайсковы псыхоляг і афіцэр-выведнік, тройчы паранены ў зоне вайсковай апэрацыі

У жніўні 2015 году разам з украінскімі калегамі я здымаў у Харкаве фільм пра вайсковых псыхолягаў і іх працу. Псыхолягаў мы знайшлі, іх падапечныя — тройчы паранены выведнік, былы ваеннапалонны і данбаская перасяленка — пагадзіліся гаварыць на камэру пра свае праблемы. Заставалася толькі зьняць хоць бы дзьве-тры хвіліны атмасфэры прыфрантавога гораду.

Харкаў жыве паралельнымі жыцьцямі: летнім легкадумным і ледзь прыкметным ваенным. Больш за сто тысяч уцекачоў стараюцца ня кідацца ў вочы, хоць чэргі па дапамогу бачныя голым вокам. Вайсковы шпіталь за год зь лішнім «прапусьціў» больш за дзесяць тысяч салдат, і многія зь іх вярнуліся не дадому або на перадавую, а на могілкі сваіх сёлаў і гарадоў. Гэтую зону бяды, фізычнай пакуты, трывогі за сьценамі казармаў і ваенкаматаў здымаць забаронена. Разам з рэжысёрам фільму Лідзіяй Старадубцавай мы прыйшлі ў лякарню з маленькай камэрай, каб наведаць параненага байца. Інакш нас не пусьцілі б. Так, мы прынесьлі байцу садавіну і ваду, але ўпотай, парушыўшы правілы, зьнялі тузін самотных мыліц, пустыя інвалідныя крэслы-вазочкі ў калідоры, постаці хворых, што кураць у двары.

Культура на вайне — гэта збоку прыпёку. Яна зладзеявата запускае руку ў чужыя раны. Адзін з афіцэраў, вайсковы лекар, распавёў, як ехаў са сваёй ротай у грузавіку і як яны патрапілі пад абстрэл. Справа была зімою. Апавядальніку пашанцавала: яго нават не параніла. Але галава яго і ногі так зьмерзлі, што ён стукаў зубамі. Раптам ён адчуў, што грудзі ў яго зрабіліся гарачыя. Ён паглядзеў на бушлат і ўбачыў, што яму горача ад крыві забітага таварыша. Гэты расказ апёк маю памяць. Я ўспомніў вершы савецкага паэта-франтавіка Ёны Дэгена, напісаныя ў 1944 годзе:

Мой товарищ, в смертельной агонии Не зови понапрасну друзей. Дай-ка лучше согрею ладони я Над дымящейся кровью твоей.

Падчас вайны культура мімаволі грэе рукі над чужой бядой. Але ў яе ёсьць апраўданьне. Вобразы сьмерці, адчаю, смутку, перададзеныя паэтам, кампазытарам, мастаком, могуць адкласьці новыя бойні, так, адкласьці, але не прадухіліць. Якое ўсё ж мізэрнае суцяшэньне!

«Шво. Псыхоляг на вайне» (дакумэнтальны фільм)

XS
SM
MD
LG