Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мельянцоў: Выдадзенае Пуціным распараджэньне не зьяўляецца падпісанай дамовай аб авіябазе


Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

У размове з Радыё Свабода палітоляг Дзяніс Мельянцоў зьвяртае ўвагу, што выдадзенае Пуціным распараджэньне зусім не зьяўляецца падпісанай дамовай аб авіябазе. Гэта толькі даручэньне працягваць працу, прэзыдэнт Расеі даручае міністэрству абароны Расеі правесьці з удзелам расейскага МЗС перамовы зь беларускім бокам.

Мельянцоў: «Дакумэнт ня ўтрымлівае канкрэтных дэталяў авіяцыйнай базы, якую расейскі бок прапаноўвае стварыць на тэрыторыі Беларусі. Там няма ані колькасьці кантынгенту, ані месца дысьлякацыі — можна сказаць, гэта чарнавік.

Той факт, што расейскі бок выкінуў яго ў публічную прастору, — гэта сьведчыць, што няма кансэнсусу паміж Менскам і Масквой. І гэта можна лічыць сродкам ціску — калі да канца ня ўзгоднены дакумэнт укідваецца ў публічную прастору, для грамадзкасьці. Гэта нібы дэманстрацыя — вось пазыцыя расейскага боку, неяк рэагуйце на гэта.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Распараджэньне Пуціна якраз сьведчыць, што перамоўны працэс ня скончаны, ён будзе працягвацца. Прадметам далейшых перамоваў зьяўляецца і колькасны склад гэтай авіябазы — бо дасюль невядома, ці гэта будзе полк, ці іншы кантынгент, колькі яго будзе абслугоўваць людзей.

Відавочна, што ў інтарэсах Беларусі як мага далей зацягваць гэты працэс, бо стварэньне такой базы супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі і таму палітычнаму кантэксту, які склаўся ва ўмовах украінскага крызісу.

Цыганкоў: Калі Крэмль наўмысна выносіць гэты дакумэнт у публічную прастору падчас выбарчай кампаніі — то якія мэты ён ставіць перад сабой?

Мельянцоў: Крэмль ставіць мэту як мага хутчэй даціснуць Менск і прыняць гэта рашэньне. Бо ягоная задача — зрабіць хуткі адказ на крокі НАТО ў рэгіёне, перадысьлякацыю тэхнікі і магчымасьць разгортваньня натаўскіх штабоў у краінах Усходняй Эўропы.

Таму стварэньне гэтай базы варта разглядаць не ў кантэксьце двухбаковых расейска-беларускіх адносінаў, а ў кантэксце новай халоднай вайны паміж Расеяй і Захадам. І тут стварэньне гэтай базы на тэрыторыі Беларусі — гэта расейскі адказ на дзейнасьць НАТО ў рэгіёне. Таму Масква зацікаўленая зрабіць гэта як мага хутчэй».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG