Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 19 верасьня: гадавіна прыняцьця «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга


ФОТА ДНЯ: Вілейскае вадасховішча. Юры Кутузаў

ФОТА ДНЯ: Вілейскае вадасховішча. Юры Кутузаў

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

У 19:00 у вашых тэлевізарах — прэм’ера абноўленай перадачы «Зона Свабоды» на тэлеканале Белсат. Журналісты Радыё Свабода Юры Дракахруст, Аляксандра Дынько і дырэктар украінскай службы Радыё Свабода Марьяна Драч спрачаюцца пра тое, ці можа жанчына стаць прэзыдэнтам Беларусі. Вядзе гутарку дырэктар Беларускай службы Аляксандар Лукашук.

У Менску старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына мае намер сустрэцца з кіраўніком місіі назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Жакам Форам.

На пляцоўцы каля менскага ГУМу плянуецца пікет з удзелам кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Гайдукевіча. Пачатак у 12.00.

У Моладзевым тэатры эстрады ў Менску кабарэ-бэнд «Серебряная Свадьба» выступіць з прэзэнтацыяй альбому і новай музычна-тэатральнай праграмы «Музыка — всё!». Пачатак канцэртаў ў 13:00 і 16:00!

У Лідзе напярэдадні 140-годзьдзя заводу «Лідскае піва» адбудзецца гарадзкое сьвята «ЛІДБІР. Фэстываль хмелю, соладу і вады». Пачатак заплянаваны на 9.00. Завершыць гэты дзень маляўнічы фэервэрк у 22.00.

У Горадні ў рамках сьвяткаваньня Дня гораду адбудзецца традыцыйны Этна-фэст з удзелам гуртоў: Шума, Dzivasil, Скудрынка, Вочы, дуэту Т.Салаўёвай і А.Блахіна. Пачатак у 18-00 у парку Жылібэра.

У ГІСТОРЫІ

1794 — падчас паўстаньня 1794 году расейскія войскі разьбілі пад Берасьцем атрады Рэчы Паспалітай.

1883 — у пасёлку Бярозаўка Лідзкага раёну заснаваны шклозавод «Нёман».

1888 — у Бэльгіі на курорце Спа прайшоў першы ў гісторыі конкурс прыгажосьці.

1939 — Чырвоная армія заняла Вільню.

1946 — адбыўся выступ Уінстана Чэрчыля ў Цюрыхскім унівэрсытэце, які паслужыў пунктам адліку ў стварэньні Рады Эўропы.

1980 — Васілю Быкаву прысвоена званьне народнага пісьменьніка Беларусі.

1991 — На патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ, Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову аб зьмене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. Дзяржаўным гербам была зацьверджаная «Пагоня», а дзяржаўным сьцягам — бела-чырвона-белы сьцяг.

У гэты дзень нарадзіліся:

1797 — Януар Сухадольскі, беларускі мастак-баталіст.

1802 — Лаяш Кошут, вугорскі дзяржаўны дзяяч, рэвалюцыянэр, прэм’ер-міністар Вугоршчыны ў пэрыяд Вугорскай рэвалюцыі 1848-1849 гадоў.

У гэты дзень памерлі:

1938 — Браніслаў Туронак, беларускі нацыянальны дзяяч.

2003 — Анатоль Багатыроў, заснавальнік сучаснай беларускай кампазытарскай школы, народны артыст Беларусі.

2004 — Мікола Купрэеў, беларускі паэт, пісьменьнік.

2004 — Рыгор Рэлес, беларускі габрэйскі пісьменьнік і паэт.

ЦЫТАТА

У рамках нашых асноўных намаганьняў па ўмацаваньні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый мы абавязаны па-новаму аб’яднаць народы Эўропы ў рэгіянальнай арганізацыі, якую можна было б назваць Злучанымі Штатамі Эўропы. Дамо Эўропе шанец адрадзіцца!

З Цурыхскай прамовы Ўінстана Чэрчыля

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG