Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэская журналістка пасьля Сірыі: «Варта чакаць новай хвалі ўцекачоў»


Жыхары Кобані каля свайго разбуранага дома
Жыхары Кобані каля свайго разбуранага дома

Як жывуць і ваююць сірыйскія курды, чаму яны бягуць у Эўропу і насьцярожана глядзяць на расейскую прысутнасьць у Сірыі.

Канфлікт у Сірыі, які цягнецца пяты год, паводле паведамленьняў з гэтай краіны, перарос у свайго роду «вайну ўсіх супраць усіх». Рэжым Башара Асада, супраць якога было першапачаткова накіравана паўстаньне 2011 году, цяпер кантралюе толькі заходнія раёны краіны. За астатнія правінцыі змагаюцца разрозьненыя праціўнікі Асада зь ліку сьвецкай апазыцыі і ісламістаў, тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава», а таксама курдзкія паўстанцы, якія кантралююць поўнач краіны. Чэская журналістка Ленка Кліцпэрава, якая толькі што вярнулася зь сірыйскага Курдыстана, кажа, што курды годна супрацьстаяць наступу «Ісламскай дзяржавы», але атрымліваюць вельмі мала дапамогі ад вонкавага сьвету.

Ленка Кліцпэрава падзялілася сваімі ўражаньнямі з журналістам Радыё Свабода Яраславам Шымавым.

— Як цяпер увогуле можна трапіць у сірыйскі Курдыстан? Колькі часу займае падрыхтоўка такога падарожжа і што для гэтага трэба?

Ленка Кліцпэрава
Ленка Кліцпэрава

— Я зьбіралася туды яшчэ ў мінулым годзе, калі там ішлі баі. Але тады не атрымалася: зь сірыйскага боку раёны, праз якія трэба было праехаць, былі тады занятыя баявікамі групоўкі «Ісламская дзяржава». А праз Турцыю для мяне ехаць было праблематычна, бо турэцкія ўлады ўжо даўно ствараюць праблемы для журналістаў, перш за ўсё для тых, хто займаецца праблемамі турэцка-курдзкіх адносін. Я ведала, што праз турэцкую мяжу мяне, хутчэй за ўсё, ня пусьцяць. Так што да цяперашняй паездкі я рыхтавалася некалькі месяцаў, шукала кантакты, выходзіла на тых, хто мог бы дапамагчы дабрацца да гораду Кабані.

— Чаму менавіта Кабані? З-за таго, што там былі найбольш цяжкія баі з атрадамі «Ісламскай дзяржавы»?

— Так, вядома. Гэта горад, дзе найбольш ярка відаць усе жахі сірыйскай вайны і пакуты мясцовых жыхароў. Для журналіста гэта адно з самых цікавых месцаў у цяперашняй Сірыі.

— Кабані знаходзіцца ў населенай курдамі частцы Сірыі, на поўначы краіны. Каму там цяпер належыць улада? Гэта нешта накшталт самастойнай курдзкай дзяржавы?

— Там усё даволі складана. Сірыйскія курды называюць сваю ўзьніклую цяпер і, вядома ж, нікім не прызнаную дзяржаву Рожава. І яны ваююць ня толькі супраць «Ісламскай дзяржавы», але і супраць ворага нумар два — рэжыму Башара Асада. Яны зьяўляюцца часткай антыасадаўскай кааліцыі сірыйскіх паўстанцаў. Там ёсьць свае органы ўлады, чыноўнікі, хоць няма нейкага адзінага лідэра^; ёсьць рознага роду, як самі курды іх называюць, мясцовыя камітэты, камісіі і іншае. Уся гэтая сыстэма зыходзіць з леварадыкальнай палітычнай філязофіі Абдулы Аджалана (лідэр Курдзкай працоўнай партыі, адбывае пажыцьцёвае зьняволеньне ў Турцыі — РС.)

— Калі сірыйскія курды — частка кааліцыі, якая ваюе ня толькі з Асадам, але і з «Ісламскай дзяржавай», ці можна казаць пра нейкую прысутнасьць там Захаду, які таксама зацікаўлены ў паразе радыкальных ісламістаў, ды й да рэжыму Асада ставіцца адмоўна? Ваенныя інструктары, дарадцы, напрыклад, ці нешта падобнае вам там сустракалася?

Башара Асада сірыйскія курды лічаць ворагам.

— Няма, няма. Нічога падобнага. Увогуле курдзкія тэрыторыі ў Сірыі неаднастайныя. Там ёсьць і месцы, дзе захавалася ўлада Башара Асада. Напрыклад, калі вы едзеце праз горад Эль-Камышлы, гэта, з аднаго боку, адзін з галоўных гарадоў Рожавы, а з другога — там ёсьць раёны, у якіх дзейнічае асадаўская ўлада, і блёкпосты, дзе стаяць салдаты, верныя яго рэжыму. У гэтых месцах паміж асадаўцамі і курдамі заключана фактычнае перамір’е, яны адзін на аднаго не нападаюць. Цяпер барацьба ідзе перш за ўсё з «Ісламскай дзяржавай», хоць Башара Асада, паўтаруся, сірыйскія курды лічаць ворагам. Што тычыцца заходніх войскаў, то іх там няма, хоць фармальна заходнія дзяржавы і сірыйскія курды — саюзьнікі ў вайне супраць «Ісламскай дзяржавы». Але на практыцы гэта хаўрусьніцтва зводзіцца да авіяўдараў заходняй авіяцыі па цэлях, якія вызначаюць курды.

Разбураны Кабані
Разбураны Кабані

— Што кажуць на поўначы Сірыі аб дзеяньнях баевікоў Ісламскай дзяржавы? Яны сапраўды адрозьніваюцца нейкай асаблівай жорсткасьцю, якая раней не сустракалася нават сярод тэрарыстаў?

— Так, такіх гісторый вельмі шмат. Яны сапраўды робяць неверагодныя зьверствы. Я размаўляла, напрыклад, з двума жанчынамі-езідкамі, якія правялі 8 месяцаў у палоне ў баевікоў «Ісламскай дзяржавы». Іх кожны дзень гвалтавалі і мучылі. Яны выжылі дзякуючы чыстай выпадковасьці, але фактычна абедзьве сталі інвалідкамі. У канцы чэрвеня тэрарысты зноў атакавалі Кабані, пры гэтым забіваючы направа і налева, не шкадавалі ні дзяцей, ні жанчын, ні пажылых людзей. Мякка кажучы, гэта не сумленная вайна з захаваньнем Жэнэўскай канвэнцыі.

— Хто ваюе ў шэрагах «Ісламскай дзяржавы»? Гэта мясцовыя жыхары або баевікі зь іншых краін?

Чачэнцы там карыстаюцца асаблівай вядомасьцю як бясстрашныя і жорсткія байцы

— Там хапае і мясцовых, але найбольш баяздольнае ядро арміі «Ісламскай дзяржавы» складаюць замежнікі — перш за ўсё з Паўночнай Афрыкі, Аўганістану, Чачні. Чачэнцы, дарэчы, там карыстаюцца асаблівай вядомасьцю як бясстрашныя і адначасова жорсткія байцы. Што тычыцца зьверстваў тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы», дык нармальным розумам гэта, па-мойму, наогул зразумець і растлумачыць немагчыма. Вядома, ім трэба сеяць страх на тэрыторыі, якую яны спрабуюць захапіць, так што з пункту гледжаньня лёгікі гэта можа быць прычынай, але да канца зразумець гэта цяжка.

— А як ваююць сірыйскія курды? У іх дастаткова ўзбраеньняў? Ці пастаўляюць ім зброю іншыя краіны?

— Няма. Яны адчуваюць катастрафічны недахоп зброі. Уласна, усе курдзкія байцы, зь якімі мы з калегам там размаўлялі, казалі пра тое, што зброю яны часта забіраюць у забітых баевікоў «Ісламскай дзяржавы». У саміх курдаў ўзбраеньне няважнае — старыя аўтаматы Калашнікава яшчэ савецкай і ўсходнеэўрапейскай вытворчасьці. Адзін з найлепшых курдзкіх снайпэраў, які 10 месяцаў ваяваў у Кабані, распавядаў нам, што, калі ён пайшоў добраахвотнікам, яму далі Калашнікаў вытворчасьці 1965 году і гранату настолькі састарэлага ўзору, што ён баяўся сам на ёй падарвацца ў першым жа баі. Па словах гэтага снайпэра, нармальную зброю ён прыдбаў, калі забіў сваіх першых баевікоў «Ісламскай дзяржавы». У тых ўзбраеньне куды лепшае, сучасьнейшае, у асноўным амэрыканскай і эўрапейскай вытворчасьці. Акрамя таго, у тэрарыстаў ёсьць цяжкія ўзбраеньні, якія ў курдаў амаль адсутнічаюць. Таму для курдаў так важная падтрымка з паветра.

«Гэта быў мой дом»
«Гэта быў мой дом»

— Як выглядае жыцьцё звычайных людзей на поўначы Сірыі? Можна наагул у гэтых умовах казаць пра нейкае нармальнае паўсядзённае жыцьцё?

Людзі жывуць у пастаянным страху, таму што «Ісламская дзяржава» зусім побач.

— Па большай частцы няма. Вайна, вядома ж, уплывае на ўсё. Вялікія праблемы з электрычнасьцю. І трэба ўлічваць, вядома, тое, што людзі жывуць у пастаянным страху, таму што тэрыторыя, кантраляваная & «Ісламскай дзяржавай», зусім побач — недзе 25 кілямэтраў, на іншых участках яшчэ бліжэй. Людзі баяцца іх вяртаньня, хоць усё і кажуць, што вераць камандзірам курдзкіх атрадаў, што тыя іх абароняць, але гэты падсьвядомы страх адчуваецца ўсюды. Да таго ж «Ісламская дзяржава» засылае на тэрыторыю Рожавы сьмяротнікаў, якія робяць выбухі, а 25 чэрвеня ў Кабані праніклі дзесьці 70 баевікоў, за тры дні баёў яны забілі 370 жыхароў гораду.

Дзеці Кабані
Дзеці Кабані

— Ну а калі ўзяць самыя звычайныя жыцьцёвыя рэчы: вада там цячэ? Мабільная сувязь ёсьць?

— З вадой частыя перабоі. З тэлефонамі таксама ўсё ня так проста: у большасьці жыхароў гэтай прымежнай вобласьці турэцкія сім-карты, і якасьць паслуг мабільнай сувязі стала горшай пасьля таго, як чарговы раз абвастрыліся адносіны паміж Турцыяй і курдамі. Акрамя таго, трэба ўлічыць, што для камэрцыйных грузаў турэцка-сірыйская мяжа на гэтым участку цяпер зачынена, усе тавары альбо правозяць нелегальна з Турцыі, або іх вязуць з іракскага Курдыстану. Так што на звычайнае жыцьцё там уплывае канфлікт ня толькі з «Ісламскай дзяржавай», але і напружаныя адносіны з Турцыяй.

— А як зьмяняецца цяпер абстаноўка на тамтэйшым фронце — калі можна казаць пра нейкі ўстойлівы фронт? Хто наступае, хто абараняецца?

Сірыйскія курды цяпер поўныя надзей на тое, што ім удасца адстаяць сваю тэрыторыю.

— У апошнія месяцы курдзкім атрадам удалося дамагчыся вялікіх посьпехаў. Кабані абаранілі ад баевікоў, у чэрвені занялі Тала-Абьяд, важны апорны пункт «Ісламскай дзяржавы» проста на турэцкай мяжы. Праз гэты горад «Ісламская дзяржава» вяла кантрабандныя пастаўкі нафты ў Турцыю. Пасьля гэтага баевікі вымушаныя былі перавесьці гэтыя апэрацыі за раку Эўфрат. Так што сірыйскія курды цяпер поўныя надзей на тое, што ім удасца адстаяць сваю тэрыторыю. Іншае пытаньне, ці рыхтуе «Ісламская дзяржава» контранаступленьне, і ці хопіць у курдаў сіл, каб зноў яго спыніць, калі гэта здарыцца.

— Расея рэзка актывавалася ў Сірыі, падтрымлівае рэжым Башара Асада і прапануе стварыць кааліцыю ўсіх сірыйскіх груповак супраць «Ісламскай дзяржавы». Для сірыйскіх курдаў гэтая прапанова гучыць рэалістычна? Яны гатовыя супрацоўнічаць з Асадам?

— Тыя прадстаўнікі Рожавы, зь якімі я размаўляла, рэзка адмоўна ставяцца да нейкага ўдзелу Асада ў пасьляваенным уладкаваньні Сірыі. Гэта абумоўлена гістарычна. Рэжым Асада прыгнятаў курдаў, іх тэрыторыі не разьвіваліся, забаранялася публічнае ўжываньне курдзкай мовы, ім было складана зрабіць кар’еру, паступіць ва ўнівэрсытэт і г. д. Ужо зыходзячы з гэтага яны лічаць Асада сваім праціўнікам.

— Нават ва ўмовах, калі ёсьць гэткі жахлівы агульны вораг, як «Ісламская дзяржава»?

— Так. Асад для іх — дыктатар, яны ня хочуць ні яго, ні «Ісламскай дзяржавы».

Курды каля памежнага пункту на турэцка-сірыйскай мяжы.
Курды каля памежнага пункту на турэцка-сірыйскай мяжы.

— Што кажуць сірыйскія курды аб расейскай прысутнасьці ў Сірыі?

Умяшаньне Расеі можа зьмяніць расстаноўку сіл у гэтым канфлікце.

— Гэта для іх важная тэма, таму што ўмяшаньне Расеі можа зьмяніць расстаноўку сіл у гэтым канфлікце. Але пакуль над расейскім удзелам у гэтай вайне хутчэй стаіць вялікі пытальнік, усе чакаюць, як будзе разьвівацца сытуацыя. Але гэта пытаньні бясьпекі, у Рожаве пра іх паводле зразумелых прычынаў ня вельмі любяць гутарыць. Натуральна, замежніку ніхто не раскажа, куды яны маюць намер павярнуць фронт і якія будуць ваенныя прыярытэты ў найбліжэйшай будучыні, у тым ліку і ў сувязі з ваеннай прысутнасьцю Расеі ў Сірыі.

— Цяперашні крызіс з уцекачамі ў Эўропе зьвязаны найперш зь сірыйскімі бежанцамі. З курдзкіх раёнаў Сірыі людзі таксама бягуць у Эўропу? Паводле вашых уражаньняў, варта чакаць новай хвалі бежанцаў?

Баюся, што так. З Рожавы таксама выяжджае мноства людзей, многія рыхтуюцца за імі рушыць усьлед. Шчыра кажучы, мы не сустрэлі там ніводнай сям’і, у якой хтосьці ўжо не знаходзіўся б у Эўропе, перш за ўсё ў Германіі. Так што лёгка прадказаць далейшы адток насельніцтва з гэтых абласьцей. Цікавае выключэньне — Кабані. Горад цалкам разбураны, 95 працэнтаў у руінах, там нічога не працуе, і вось туды людзі вяртаюцца зь лягераў бежанцаў у Турцыі. І нікуды не хочуць зьяжджаць, хочуць дадому. Мараць зноў адбудаваць свой горад. Цяпер там 30 тысяч чалавек — да вайны было 150 тысяч.

«Гэта мой горад»
«Гэта мой горад»

— А ў чым прычына: адусюль ў Сірыі бягуць, а ў Кабані вяртаюцца?

— Гэта трошкі дзіўна выглядае, так. Жыхары Кабані трошкі асаблівыя. Яны вельмі ганарацца сваім горадам і яго абаронцамі, якія адбілі атаку «Ісламскай дзяржавы». Я б сказала, што там ёсьць нейкі свой «геній месца». І людзі ў Кабані неяк яшчэ больш гасьцінныя, чым у астатнім Курдыстане, хоць там наогул вельмі гасьцінны народ.

— Ці маюць рацыю тыя, хто лічыць, што ў выніку цяперашняй грамадзянскай вайны Сірыя фактычна перастала існаваць як адзіная дзяржава?

Пра тое, каб раздрабніць Сірыю на асобныя дзяржавы, курды гаворкі не вядуць.

— Гэта цікавае пытаньне. Я задавала яго ў Рожаве, і адказ быў практычна адзін: незалежнай дзяржавы сірыйскія курды ня хочуць, іх цалкам задавальняе Сірыя ў тых межах, у якіх яна была да вайны. Галоўнае іх патрабаваньне — гэта павінна быць Сірыя без Асада, зладжаная, мабыць, як нейкая канфэдэрацыя, у якой Роджава карысталася б аўтаноміяй. Але пра тое, каб раздрабніць Сірыю на асобныя дзяржавы, курды гаворкі не вядуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG