Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета: Галіна Дубянецкая


Галіна Дубянецкая
Галіна Дубянецкая

Галіна Дубянецкая — паэт, перакладчык. Нарадзілася 20 жніўня ў Менску. Скончыла Інстытут замежных моваў. Працавала ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук, Скарынаўскім цэнтры, часопісе «Крыніца». Дачка выдаўца і пісьменьніка Міхала Дубянецкага. Вершы і пераклады друкаваліся ў рэспубліканскім ды замежным друку, у альманахах і анталёгіях. У 2008 годзе ў бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў» выдала кнігу паэзіі «Анадыямэна».

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для сябе. Ёсьць прысьвячэньні-віншаванкі, але і гэтыя для сябе ў тым ліку.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Пішацца там, дзе ёсьць добры аловак, папера і гумка. Творыцца — пры хадзе, у горадзе, у парку, на беразе, альбо засяроджана ў любым заканурку, альбо дома туляючыся з кута ў кут.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Назаўжды» Алеся Разанава, «Восень» Тацяны Сапач.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Софі Зільбэр зь «Містыфікацыяй Софі Зільбэр» (жарт).

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Оскар Ўайлд, Поль Вэрлен, Аляксандр Блок, Янка Купала, Фэдэрыка Гарсія Лорка, Уладзімер Жылка, Уладзімер Дубоўка, Міхась Стральцоў, Алесь Разанаў, Алег Мінкін, Тацяна Сапач.

6. Што вы цяпер чытаеце?

«Фаўста» Гётэ ў перакладзе Васіля Сёмухі, паралельна — «Як вада, як агонь» Алега Лойкі пра Купалу.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На ангельскай, польскай, украінскай, не цураюся францускай, гішпанскай, пры нагодзе раблю набегі на італьянскую. Маю слоўнікі і падручнікі лаціны, грэцкай, партугальскай, нямецкай, літоўскай — ды заняцца дыху не стае.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Адзіная, адна — «Анадыямэна».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Геніяльную.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Калі нарэшце знойдзецца патрэбнае слова і смакуеш яго: «Ого! А песенька нішто сабе выходзіць! Дальбог, у тым пустым, нікчэмным сьвеце, дзе кожны з нас сьпявае сам сабою, няма хвіліны даражэй за гэту» (Тацяна Сапач).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG