Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША гатовыя весьці «тактычныя» перамовы з Расеяй


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін

Белы дом паведаміў, што Вашынгтон адкрыты для такіх дыскусій дзеля забесьпячэньня бясьпекі апэрацыяў кааліцыі, якая змагаецца з «Ісламскай дзяржавай».

У ЗША заявілі, што гатовыя пайсьці на абмежаваныя перамовы з Масквой пасьля спрэчнага разьмяшчэньня расейскіх войскаў і цяжкага ўзбраеньня ў Сырыі.

Прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст заявіў, што адміністрацыя прэзыдэнта Барака Абамы гатовая правесьці «тактычныя, практычныя дыскусіі», якія тычацца апэрацыяў у Сырыі і барацьбы з групоўкай «Ісламская дзяржава».

Прынятае рашэньне сьведчыць аб новай гатоўнасьці Вашынгтона да ўзаемадзеяньня з Расеяй пасьля некалькіх месяцаў прахалодных адносінаў да расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў сувязі зь яго дзеяньнямі ва Ўкраіне і Сырыі.

Дыялёг паміж расейскімі і амэрыканскімі вайскоўцамі быў фактычна прыпынены ў 2014 годзе ў адказ на анэксію Масквой украінскага Крыму.

Заходнія дыпляматы кажуць, што Пуцін, магчыма, спрабуе дамагчыся прыхільнага стаўленьня Захаду, гуляючы на яго жаданьні пакласьці канец крывавым канфліктам у Сырыі, якія выклікалі плынь уцекачоў у Эўропу.

Чакаецца, што расейскі прэзыдэнт скарыстаецца сваім выступам на Генэральнай Асамблеі ААН пазьней у гэтым месяцы, каб заклікаць да дыпляматычнага вырашэньня канфлікту, які дазволіць Расеі захаваць яе бастыён ўплыву на Блізкім Усходзе.

Да цяперашняга моманту Белы дом адпрэчваў здагадкі, што Абама можа сустрэцца з Пуціным на палях Генэральнай Асамблеі.

Замест гэтага адміністрацыя заяўляла, што будзе выкарыстоўваць перамовы на больш нізкім узроўні, каб заклікаць Расею сфакусаваць свае дзеяньні ў Сырыі на супрацьдзеяньні групоўцы «Ісламская дзяржава».

«Мы ясна далі зразумець, што ваенныя дзеяньні Расеі ў Сырыі, калі яны выкарыстоўваюцца для падтрымкі рэжыму Асада, будуць дэстабілізуючымі і контрапрадуктыўнымі», — сказаў Эрнэст, якога цытуе «Голас Амэрыкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG