Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч: Лукашэнка стаміўся, яму трэба адпачыць


Асноўныя тэзы выступу Тацяны Караткевіч на тэлеканале «Беларусь-1».

Выступ кандыдатка ў прэзыдэнты пачала па-беларуску словамі: «Сябры, добры вечар!».

«Нам сёньня трэба згода ў грамадзтве», — падкрэсьліла Караткевіч і заявіла, што ідзе ў прэзыдэнты, бо ўпэўненая, што Беларусі «патрэбныя мірныя перамены, каб забясьпечыць упэўненую будучыню». Паводле яе слоў, «разам мы зможам іх дамагчыся».

«Спачатку была стабільнасьць, потым застой. Сёньня ня трэба быць прафэсарам эканомікі, каб разумець: наша краіна ў крызісе, — адзначыла Караткевіч.

«Заробкі падаюць, працы ўсё меней, магчымасьці скарачаюцца, дзяржава нас не паважае. Мадэрнізацыя правалілася, улада бязьдзейнічае, прымушае нас плаціць за свае памылкі і толькі шукае сабе апраўданьня, а краіне новыя даўгі. Яшчэ пяць гадоў такіх дзеяньняў паставяць нас на мяжу выжываньня».

Людзей Караткевіч называе «галоўнай каштоўнасьцю і лякаматывам нашага разьвіцьця», якім ўлада павінна дапамагаць, ставіцца да іх з павагай, а таксама забясьпечыць рэалізацыю іх ініцыятыў, патэнцыялу.

Кандыдат у прэзыдэнты заявіла, што прадстаўляе на выбарах дэмакратычную альтэрнатыву.

«Альтэрнатывы няма на тэлебачаньні, у парлямэнце і ў мясцовых саветах. Там пануе аднадушнасьць і бязьдзейнасьць. Там альтэрнатыва нікому не патрэбна, — адзначыла яна. — Трэба яна нам, грамадзтву, якое ня згодна з хамствам міліцыі і чыноўнікаў, ня згоднае з ростам цэнаў, адсутнасьцю магчымасьцяў і працы, пастаянным ціскам і жаданьнем улады кантраляваць усіх і ўся. Прыйшоў час, каб у гэтай альтэрнатывы зьявіўся свой голас, які нельга будзе ігнараваць».

Паводле слоў Тацяна Караткевіч, каб забясьпечыць Беларусі разьвіцьцё, грамадзянам — працу і пэрспэктывы, а дзецям упэўненую будучыню, неабходна «даць свабоду дзелавой ініцыятыве, зьменшыць умяшаньне дзяржавы ў эканоміку, разьвіваць новыя галіны, вывесьці з крызісу прамысловасьць, вярнуць уладу пад кантроль грамадзтва і забясьпечыць сацыяльную абарону тым, хто ў ёй мае патрэбу».

Палітык адзначыла, што за час кампаніі пабывала «ў кожным другім горадзе Беларусі, сустрэлася з тысячамі людзей». «Усе прасілі распавесьці аб іх праблемах, быць іх голасам, бо дзяржава ігнаруе меркаваньне народа, праблемы звычайных грамадзян нікога не хвалююць, дзяржава іх не паважае», — сказала яна.

Караткевіч лічыць, што беларусы ўжо расплачваюцца за адсутнасць рэформаў.

«Апошнія дзевяць месяцаў пакупніцкая здольнасьць заробкаў падае асабліва імкліва, — адзначыла яна. — Больш за 70 тысяч чалавек атрымліваюць іх з затрымкай, на буйных прадпрыемствах скарачэньні склалі каля 15%, людзей даводзяць да канца кантракту і звальняюць. Нядаўна я была ў Бярозаўцы, там разьмешчаны завод „Нёман“, дзе з шасьці тысяч працоўных месцаў засталося паўтары тысячы, з пяці печаў працуе адна. Нас палохалі шокавай тэрапіяй, але ў выніку шок ўжо ёсьць, а вось сіл на тэрапію няма».

Караткевіч зьвярнула ўвагу на тое, што пяць гадоў таму на Усебеларускім сходзе ўлады абяцалі да сёньняшняга дня падняць заробкі да адной тысячы даляраў.

«Але цяпер мы ледзь дацягваем да зарплаты ў 350 даляраў, гэта нават менш, чым было ў момант абяцаньня. Людзі зло іранізуюць: улада зрабіла нас мільянэрамі, жабракамі мільянэрамі», — адзначыла яна.

Па словах Караткевіч, у краіне «грошы абясцэньваюцца, заробкі падаюць, а вось цэны растуць і жыцьцё ўсё даражэй», аднак замест «рэформаў і мірных пераменаў» ўлада выбірае «новыя крэдыты і даўгавую яму». «Чыноўнікі ўсіх узроўняў зьдзяйсьняюць памылку за памылкай, але плаціць за гэта павінны мы з вамі», — падкрэсьліла яна.

Караткевіч адзначыла, што ўлады тлумачаць эканамічныя праблемы наступствам сусьветнага крызісу. «Але ж сусьветны крызіс ва ўсіх, дык чаму толькі ў нас ён такі балючы? Гэта як эпідэмія грыпу: у кагосьці насмарк, а хтосьці валяецца з тэмпэратурай 40 і выходзіць з сур’ёзнымі ўскладненьнямі. Дыягназ аднолькавы, а наступствы розныя. Усё залежыць ад імунітэту і сілы арганізма. Менавіта неэфэктыўнасьць нашай эканомікі і сыстэмы кіраваньня стварае такую сытуацыю, што любы „чых“ у сьвеце ў Беларусі адгукаецца цяжкай хваробай», — заявіла кандыдатка ў прэзыдэнты. Улада вінаваціць усіх вакол, але толькі не сябе, падкрэсьліла Караткевіч.

Паводле Тацяны Караткевіч, Лукашэнка стаміўся, яму трэба адпачыць

«Апошнія пяць гадоў для старой каманды былі яўна лішнімі. За гэты час узровень жыцьця нашых грамадзян істотна зьнізіўся. Яшчэ адзін тэрмін толькі пагоршыць наш стан. Лукашэнка стаміўся, яму трэба адпачыць. Людзі скажуць дзякуй за ўсё тое, што было зроблена. Але нам трэба ісьці наперад з новымі сіламі. Нам трэба новы лідэр, новыя ідэі і новыя мэтады. Толькі так мы будзем разьвівацца, а не стаяць на месцы.

Патрэбная воля да новых пераменаў, толькі так Беларусь зробіць крок наперад (тут Караткевіч выйшла з-за трыбуны). Выйдзе наперад і забясьпечыць эканамічны рост і дабрабыт беларускім сем’ям. Беларусам патрэбны новы кіраўнік дзяржавы, новая каманда. Адзіны спосаб сказаць аб гэтым — прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць за мяне, Тацяну Караткевіч. За мірныя перамены, толькі так, Жыве Беларусь», — рэзюмавала яна.

Паводле БелаПАН і НН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG