Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: Эўразьвяз рыхтуецца прыпыніць санкцыі супраць Беларусі

абноўлена

Эўрапейскі Зьвяз зь вялікай верагоднасьцю адменіць некаторыя санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку візавую забарону для Аляксандра Лукашэнкі, пасьля таго, як ён у мінулым месяцы вызваліў групу палітычных вязьняў, паведамляе Reuters са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы.

Эмбарга на гандаль зброяй у дачыненьні да Беларусі застанецца ў сіле. Але ў якасьці авансу чалавеку, якога Захад называе «апошнім дыктатарам Эўропы», дыпляматы разглядаюць прыпыненьне візавых санкцый і замарожаньня актываў бальшыні з каля 200 чалавек, якія знаходзяцца пад санкцыямі за парушэньні правоў чалавека.

Чатыры супрацоўнікі Лукашэнкавай службы бясьпекі, падазраваныя ў датычнасьці да зьнікненьня палітычных апанэнтаў, хутчэй за ўсё застануцца пад санкцыямі.

Афіцыйнае рашэньне можа быць прынята на наступным тыдні падчас сустрэчы дыпляматаў краінаў ЭЗ. Магчыма, санкцыі, тэрмін якіх канчаецца 31 кастрычніка, будуць афіцыйна працягнутыя, але іх дзейнасьць будзе прыпыненая на год, паведамляюць крыніцы, блізкія да абмеркаваньня гэтых пытаньняў у ЭЗ.

Аднак, некаторыя дыпляматы лічаць за лепшае пачакаць да прэзыдэнцкіх выбараў 11 кастрычніка. Чакаецца, што на іх пераможа Лукашэнка, які застаецца пры ўладзе ўжо 21 год.

Вызваленьне Лукашэнкам шасьці апазыцыйных палітыкаў у жніўні і яго роля ў арганізацыі мірных перамоваў па Ўкраіне ў лютым умацавалі сярод функцыянэраў ЭЗ уяўленьне, што Беларусь, найбліжэйшы саюзьнік Расеі, паварочваецца да Эўропы.

«Мы хочам адказаць наўпрост тым, хто зрабіў магчымым вызваленьне зьняволеных. Вызваленьне палітвязьняў было адным з нашых галоўных патрабаваньняў», — заявіў Reuters адзін з удзельнікаў абмеркаваньня, які пажадаў застацца неназваным з прычыны далікатнасьці справы.

Адмена санкцый магла б датычыць Лукашэнкі, № 124 ў сьпісе Эўразьвязу, судзьдзяў і іншых палітыкаў блізкіх да прэзыдэнта. Дыскусіі на гэтую тэму паміж дыпляматамі, а таксама міністрамі замежных справаў краінаў ЭЗ адбываліся на нядаўняй сустрэчы ў Люксэмбургу.

Плянуецца таксама зьняць абмежаваньні зь некаторых з 25 беларускіх фірмаў, якія цяпер застаюцца пад санкцыямі, даўшы ім магчымасьць атрымліваць фінансаваньне з Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку. Таксама магло б разглядацца зьняцьце іншых абмежаваньняў, якія не дапускаюць Беларусь да рынкаў эўрапейскага капіталу, страхаваньня крэдыту на экспарт або эўрапейскай тэхнічнай дапамогі.

«Гэта б азначала, што Расея больш ня будзе адзінай крыніцай фінансаваньня для Беларусі», — сказаў яшчэ адзін удзельнік абмеркаваньня.

Аднак, адна фірма, хутчэй за ўсё, застанецца пад санкцыямі — экспартэр вайсковай тэхнікі Белтэхэкспарт.

Адказная за замежную палітыку Эўразьвязу Фэдэрыка Магерыні адмовілася ад камэнтароў, хоць і вітала вызваленьне палітвязьняў 22 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG