Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сваёй перадвыбарчай праграме Аляксандар Лукашэнка парушыў фундамэнтальны прынцып, на якім, паводле традыцыі, звычаяў і правілаў паліттэхналёгіяў, павінны грунтавацца дакумэнты падобнага тыпу. У любой краіне і ва ўсе эпохі выбаршчык ацэньвае палітыка не за былыя заслугі. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі электарат адмаўляў у даверы выбітным дзяржаўным дзеячам. Напрыклад, ангельскія кансэрватары на чале з Уінстанам Чэрчылем, пад кіраўніцтвам якога Вялікая Брытанія атрымала перамогу ў найцяжэйшай вайне з фашыстоўскай Нямеччынай, пацярпелі паразу на першых пасьляваенных выбарах. Перадвыбарная праграма — гэта абавязкова абяцаньне будучага, праект на заўтра.

А вось асноўны мэсыдж праграмы Лукашэнкі — захаваць тое, што ёсьць. То бок — захаваць незалежнасьць, мір і парадак. Ключавы, мусіць, тэзіс дакумэнта сфармуляваны так: «Што маем — не хаваем, як страцім — то плачам», — так кажа народная мудрасьць». Яшчэ з пачатку году Лукашэнка пачаў будаваць сваё перадвыбарчае пасланьне, апэлюючы да ўкраінскай трагедыі. Наведваючы летам завод колавых цягачоў, ён даводзіў рабочым, што заробак — не галоўнае. І вось гэтая ідэя пакладзена ў аснову перадвыбарчай праграмы. Акрамя незалежнасьці, міру і парадку, Лукашэнка яшчэ абяцае захаваньне прадпрыемстваў і працоўных месцаў. Не стварэньне новых (вось Лябедзька казаў пра мільён новых працоўных месцаў), не разьвіцьцё эканомікі, а менавіта захаваньне таго, што ёсьць.

Упершыню за час кіраваньня Лукашэнка робіць такі акцэнт на незалежнасьць. Пры тым, што сацыялягічныя апытаньні не фіксуюць павелічэньня ў беларускім грамадзтве адчуваньня нейкай небясьпекі незалежнаму існаваньню Беларусі. Здаецца, гэта жэст у бок апазыцыйнага электарату, які напужаны дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне.

Прычым у праграме незалежнасьць трактуецца як найвялікшае дасягненьне беларускага народу, да якога ён ішоў стагодзьдзямі. Хачу нагадаць, што яшчэ зусім нядаўна Лукашэнка называў распад СССР, у выніку якога зьявілася незалежная Беларусь, велізарнай катастрофай, трагедыяй, няшчасьцем, і людзей кшталту Шушкевіча, якія спрычыніліся да гэтай бяды, абвяшчаў здраднікамі і злачынцамі.

Яшчэ адзін цікавы тэзіс праграмы: «Два дзесяцігодзьдзі таму мы пачалі будаваць новую краіну — першую ў гісторыі незалежную беларускую дзяржаву». Калі быць дакладным, то незалежная Беларусь узьнікла 24 гады таму. А два дзесяцігодзьдзі — гэта трохі іншая дата. Менавіта столькі гадоў (дакладна — 21 год) кіруе краінай Лукашэнка. То бок так прыхавана ён абвяшчае сябе айцом-заснавальнікам беларускай незалежнасьці.

Калі падыходзіць да праграмы Лукашэнкі скрупулёзна, то там фармальна ёсьць абяцаньні на бліжэйшыя пяць гадоў. Але яны сфармуляваныя агульнымі словамі, казённай, бюракратычнай мовай, амаль без канкрэтыкі, як неабходны для такога дакумэнту рытуал. Кшталту — павысіць, паглыбіць, пашырыць і палепшыць. Яны зусім не кранаюць.

Праўда, ёсьць некалькі і канкрэтных пунктаў. Але ўсе яны выглядаюць нерэалістычнымі. Вось напрыклад, Лукашэнка абяцае «скарачэньне зьнешняга дзяржаўнага доўгу». Цяпер ён толькі нарастае. Прычым тэмпы гэтага росту ўражваюць. Бліжэйшыя гады Беларусь будзе атрымліваць асноўныя грошы расейскага крэдыту на будаўніцтва АЭС (усяго — 10 млрд даляраў). Плюс абяцаныя вялізныя кітайскія зьвязаныя крэдыты. Якое скарачэньне?!

Ці вось яшчэ. «Забарона на павышэньне старых і ўвядзеньне новых падаткаў на працягу пяці гадоў. Любыя зьмены падаткаў — толькі ў бок зьмяншэньня і спрашчэньня». Хачу нагадаць, што ў праекце бюджэту на наступны год, які падрыхтаваў урад, прадугледжаны цэлы шэраг новых падаткаў і плацяжоў. Ці то Лукашэнка пра гэта ня ведае, ці то левая рука ня ведае, што робіць правая.

Ёсьць дзьве прапановы, якія варта вітаць. Гэта пляны пашырыць паўнамоцтвы парлямэнту і мясцовых органаў кіраваньня і самакіраваньня. І абяцаньне свабоднай куплі-продажу акцыяў прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці. Няўжо ў Беларусі зьявіцца паўнавартасны фондавы рынак? Неяк слаба верыцца.

Увогуле, складаецца ўражаньне, што зьяўленьне перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі — гэта неахвотнае выкананьне нейкага абавязковага рытуалу. Уласна, як і самі прэзыдэнцкія выбары. Маўляў, калі ўжо вам трэба тыя выбары і тая праграма, то вось маеце. Можна было б абысьціся і бязь іх — але рытуал вымагае.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG