Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам бы такога елбасы» — казахскага дэпутата выключылі з партыі за захапленьне Лукашэнкам


Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў на сустрэчы лідэраў СНД у Менску 10 кастрычніка 2014 году.

Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў на сустрэчы лідэраў СНД у Менску 10 кастрычніка 2014 году.

За подпіс пад відэа з заявай Аляксандра Лукашэнкі дэпутат гарадзкога масьліхату (мясцовага прадстаўнічага органу ў Казахстане) Шымкенту Жамбыл Калаваў выключаны з кіраўнічай партыі. Цяпер гэтай справай можа заняцца служба бясьпекі, бо аднапартыйцы палічылі, што Калаваў зьняважыў лідэра партыі, прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева. Сам Калаваў кажа, што нічога не пісаў.

Дэпутат гарадзкога масьліхату Шымкенту, аднаго з найбуйнейшых гадоў Казахстану, Жамбыл Калаваў нібыта падзяліўся ў інтэрнэце відэаролікам са словамі Лукашэнкі, што той не дапусьціць падвышэньня коштаў на бэнзін, суправадзіўшы відэа подпісам: «Вось бацька — прыгажунчык, нам бы такога елбасы». [Елбасы — па-казахску «лідэр нацыі»]

Умірзак Мельдэханаў

Умірзак Мельдэханаў

Як заявіў Радыё Свабода старшыні філіялу партыі «Нур Атан» гораду Шымкенту Умірзак Мелдэханаў, «на пашыраным пасяджэньні бюро палітычнай рады філіялу партыі Аль-Фарабійскага раёну Шымкенту было прынята рашэньне аб выключэньні яго з шэрагаў партыі».

У рашэньні бюро палітычнай рады гаворыцца, што Калаваў выключаны за дзеяньні, якія «дыскрэдытуюць партыю і якія наносяць шкоду інтарэсам партыі», а менавіта за невыкананьне нормаў партыйнай этыкі, выказваньні ў адрас старшыні партыі «Нур Атан» Нурсултана Назарбаева і распаўсюджваньне ў Інтэрнэце незадаволенасьці прэзыдэнцкай уладай. Таксама сцьвярджаецца, што дзеяньні Жамбыла Калавава могуць унесьці разлад у краіне і адбіцца на бясьпецы, таму справа перадаецца на разгляд дэпартамэнту камітэту нацыянальнай бясьпекі па Паўднёва-Казахстанскай вобласьці.

Карэспандэнт Радыё Свабода зьвярнуўся па камэнтар да самога Калавава. Ён, спаслаўшыся на занятасьць, даў кароткі адказ:

«Я ня чуў пра тое, што мяне выключылі з шэрагаў партыі, не ведаю нічога пра гэта. А словы, якія атрымалі распаўсюд у Інтэрнэце, пісаў не я».

Юрыст Абзал Куспан мяркуе, што дзеяньні членаў партыйнага філіялу ў справе Калавава незаконныя.

«Гэта ня толькі беззаконьне, гэта яскравы прыклад прававога нігілізму. Гэта не ўкладваецца ў галаве. Дэпутат выказаў сымпатыю прэзыдэнту іншай краіны. Грамадзянін Казахстану абаронены Канстытуцыяй. Дэпутат таксама грамадзянін гэтай краіны. Свабода думкі, гарантаваная грамадзянам Канстытуцыяй, ня можа быць абмежаваная „Нур Атан“. Гэта ўжо перагібы. Дэпутат не зрабіў шкоды ні гонару, ні годнасьці прэзыдэнта», — лічыць Абзал Куспан.

Офіс партыі «Нур Атан» у Астане.

Офіс партыі «Нур Атан» у Астане.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG