Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыдзька: «Прэзыдэнт адарве галаву без усялякай паперкі!»


«У нас не парушаюцца правы чалавека», «дайце мне свой тэлефон — я вам дапамагу» і «калі ласка, яшчэ пытаньні» — паўгадзінная сустрэча Генадзя Давыдзькі з выбарцамі нагадвала прымусовы партыйны сход з савецкага фільму.

Сустрэча Генадзя Давыдзькі, даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі, з грамадзянамі адбылася ў актавай залі школы № 197 ва Ўруччы.

Поўная заля людзей сабралася абмеркаваць выбарчую праграму дзейнага кіраўніка дзяржавы літаральна празь некалькі гадзінаў пасьля яе апублікаваньня.

Шчырую актыўнасьць праявіў толькі адзін малады чалавек, які сам прызнаўся, што піша дысэртацыю па праблеме інстытута амбудсмэна. Генадзь Давыдзька ў сваю чаргу прызнаўся, што ня ведае, што гэта такое.

Уедлівы хлапец пачаў здалёк. Нібыта яшчэ ў 2001 годзе ў праграме прэзыдэнта быў пункт пра стварэньне інстытута амбудсмэна. А нічога ня зроблена.

«А чым займаецца гэтая структура і якія ў яе паўнамоцтвы?» — Давыдзька спрабаваў дэманстраваць зацікаўленасьць.

«Першая задача — удасканаленьне заканадаўства, якое датычыцца правоў чалавека», — пакуль неабыякавы грамадзянін удаваўся ў тлумачэньні, заля загаманіла, амаль перакрываючы ягоныя словы ў мікрафон.

«Вось жа чалавеку дахаты ня трэба», — сказала маладая дзяўчына з бліжняга да мяне шэрагу.

— А хто фінансуе такія струкутры? — пытаецца Давыдзька.

— Кожная дзяржава асобным радком бюджэта прапісвае...

— У нас падобныя структуры фінансаваліся з замежжа, — заяўляе Давыдзька, які, можа, і не ўдае зь сябе чалавека, што пачуў пра інстытут амбудсэна ўпершыню.

— У нас такіх структураў няма! Вось у Расеі ёсьць Павал Астахаў, — спрабуе ўсё ж паўзьдзейнічаць на давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты грамадзянін. — А можна трэцяе пытаньне?

Заля ўголас рагоча.

— Са мной канвэнцыя пра правы дзіцяці, — распачынае хлапец. — Беларусь яе ратыфікавала ў пачатку 90-х гадоў, — ён спрабуе патлумачыць, што Беларусі патрэбны Інстытут нацыянальнага мэханізма па абароне правоў дзіцяці, пасада ўпаўнаважанага па правах дзіцяці, і апэлюе да досьведу суседняй краіны — Вось у Расеі ёсьць Павал Астахаў!

— Прывядзіце мне дзіця, правы якога парушаныя! Я практык. Вам трэба паперка?! — Давыдзьку ўедлівы грамадзянін ужо, відаць, раздражняе, або ён хоча ад яго пазбавіцца.

— Мне трэба эфэктыўны інстытут, які працуе, — малады чалавек выглядае яўна разгубленым.

— А мне ня трэба гэты інстытут, калі правы дзіцяці абароненыя ў Рэспубліцы Беларусь. Прычым вельмі добра абароненыя, — Давыдзька перайшоў у наступ. У маладога чалавека не засталсоя шанцаў.

— Калі зьявіцца Інстытут па правах дзіцяці, ён будзе прадстаўляць штогадовую справаздачу ў палату Нацыянальнага сходу. І вы пабачыце, што ён ня будзе пісаць, што ўсё добра. Ён будзе паказваць на недахопы, — яшчэ не здаецца хлапец.

— Давайце ня будзем яго ствараць, навошта ён нам патрэбны? — Давыдзька «ўключае» свойскія ноткі. — За праблемы з правамі дзіцяці, калі ўзьнікне такое на тэрыторыі Белрусі, наш прэзыдэнт дзейны адарве галаву проста так без усялякай паперкі...

Урэшце маладому чалавеку, які так непакоіцца пра выкананьне правоў чалавека, прапануюць накіраваць запыт. Праўда, не зусім зразумела, куды.

Сталая жанчына ўстае і доўга скардзіцца на тое, што бедныя пэнсіянэры і інваліды ня могуць карыстацца паслугамі юрыстаў бясплатна. А сама яна судзілася з сынам і былой нявесткай, бо яны, жывучы разам зь ёю, адмаўляюцца плаціць за кватэру. Ёй таксама абяцаюць даць «тэлефон Давыдзькі» і разабрацца.

У наступнай жанчыны нешта змухлявалі з капітальным рамонтам, але яна гаворыць ціха, ненастойліва і незразумела, таму яе выступ хуценька згарнулі.

«Калі ласка, яшчэ пытаньні па праграме», — бадзёра пытаецца Генадзь Давыдзька ці не на 30-й хвіліне сустрэчы. Заля маўчыць.

«Калі пытаньняў няма, то давайце іншыя пытаньні», — не здаецца Давыдзька. Заля маўчыць.

«Добра, тады паколькі мы ўжо амаль 40 хвілінаў камунікуем, давайце будзем разьвітвацца», — яшчэ больш бадзёра заключае Генадзь Давыдзька.

«Канечне!» — раздаецца ўздых з залі, і яна пусьцее менш чым за хвіліну.

Пасьля сустрэчы старшыня Белтэлерадыёкампаніі адказвае на пытаньне Радыё Свабода, ці будзе яшчэ весьці на тэлебачаньні праграму «Клюб рэдактараў». Апошні скандал вакол гэтай перадачы зьвязаны з абурэньнем беларускіх фанатаў, якіх Генадзь Давыдзька спачатку назваў «нацыстамі», а пасьля паабяцаў выбачыцца.

Паводле 46-га артыкула Выбарчага кодэкса журналісты ня маюць права весьці тэле- і радыёпраграмы ці асьвятляць выбарчы працэс у СМІ, калі маюць статус кандыдата ў прэзыдэнты ці яго даверанай асобы.

«Ня буду пакуль. На ўвесь выбарчы пэрыяд. У адпаведнасьці з заканадаўствам», — сказаў Генадзь Давыдзька і паведаміў, што наступная сустрэчы з выбарцамі адбудзецца ўжо заўтра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG