Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аэрафлот», «Банк Масквы», НТВ і «Лябараторыя Касьперскага» трапілі пад украінскія санкцыі


Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка

Улады Ўкраіны ўвялі новы пакет санкцыяў супраць фізычных асобаў і кампаніяў Расеі за анэксію Крыму і вайну на Данбасе. У сьпіс нечакана патрапілі і заходнія журналісты.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўвёў новыя санкцыі супраць Расеі.

«Прэзыдэнт падпісаў указ «Аб рашэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ад 2 верасьня 2015 году „Аб прымяненьні пэрсанальных спэцыяльных эканамічных і іншых абмежавальных захадаў (санкцыяў)“. Згодна з рашэньнем, санкцыі ўводзяцца тэрмінам на год», — гаворыцца ў паведамленьні адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, апублікаваным увечары ў сераду, 16 верасьня.

Раней Пятро Парашэнка заявіў пра неабходнасьць узмацненьня таксама міжнародных санкцыяў з-за дзеяньняў сэпаратыстаў на акупаваных тэрыторыях Данбасу.

2 верасьня Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны пашырыла пералік юрыдычных і фізычных асобаў Расеі, у дачыненьні да якіх прымяняюцца санкцыі, зацьвердзіўшы санкцыі супраць больш за 400 фізычных і 90 юрыдычных асобаў, адказных за агрэсію супраць Украіны.

У верасьні 2014 году ўрад Украіны прыняў першае распараджэньне аб увядзеньні санкцыяў, у прыватнасьці, забароны тычыліся ўезду на тэрыторыю Ўкраіны некаторым асобам, вываду капіталу за межы Ўкраіны, удзелу ў прыватызацыі, забароны экспарту ў Расею тавараў ваеннага прызначэньня і двайнога выкарыстаньня.

У цэлым двума распараджэньнямі ураду Ўкраіны ўхваленыя санкцыі ў дачыненьні да 1124 фізычных і 156 юрыдычных асобаў.

Сярод расейскіх афіцыйных асобаў, згаданых у сьпісе, — міністар абароны Сяргей Шайгу, начальнік Генштаба генэрал Валеры Герасімаў, камандуючы ПДВ Уладзімер Шаманаў, старшыня Дзярждумы Сяргей Нарышкін, старшыня Канстытуцыйнага суда Валеры Зоркін, эканаміст Сяргей Глазьеў, сьпявак Ёсіф Кабзон.

Сярод кампаній, якія трапілі пад санкцыі, — «Трансаэра» і «Аэрафлот», «Банк Масквы», банк «Расея», тэлекампаніі НТВ, «Першы канал», тэлеканалы РТР-Планета і Расея-24, «Лябараторыя Касьперскага».

У сьпіс таксама трапілі замежныя журналісты, сярод якіх Стыў Розэнбэрг і Эма Ўотсан зь Бі-бі-сі. За што ўведзеныя санкцыі супраць іх, у сьпісе не паведамляецца, насупраць прозьвішчаў Розэнбэрга і Ўотсан толькі згадка пра тое, што яны ўваходзяць у «крамлёўскі пул» журналістаў.

З крытыкай рашэньня ўкраінскіх уладаў выступіў Камітэт абароны журналістаў. У паведамленьні на сайце арганізацыі прыводзяцца словы каардынатара камітэта па краінах Эўропы і Сярэдняй Азіі Ніны Агнянавай пра тое, што санкцыі супраць прадстаўнікоў СМІ «падрываюць інтарэсы самой Украіны».

Кампанія Бі-бі-сі ўжо выпусьціла заяву, у якой асудзіла ўкраінскія ўлады за ўнясеньне сваіх журналістаў у санкцыйны сьпіс.

Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае, заяўляючы, што на Данбасе няма расейскіх вайскоўцаў, але ёсьць «добраахвотнікі».

XS
SM
MD
LG