Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы шалеем, калі апазыцыя пад нас падмазваецца»: інтэрвію зь беларускім фанатам


Беларускія фанаты ў Львове, 4.09.2015

Беларускія фанаты ў Львове, 4.09.2015

Большасьць беларускіх фанатаў выступае за «Пагоню» й бел-чырвона-белы сьцяг. Але гэта ня значыць, што яны падтрымліваюць апазыцыю. 34-гадовы менскі фанат расказаў Свабодзе, як разьвіваўся нацыяналізм у фанацкім асяродзьдзі і чаму фанаты ўсё часьцей зьбіраюцца ў лясах, а не на стадыёнах.

«А калі я за адзіную Расею, я таксама нацыст?»

Генадзь Давыдзька, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі, назваў беларускіх фанатаў, што прыехалі на гульню ў Львоў, юнымі нацыстамі. Фанат менскага «Дынама» Сяргей (сваё сапраўднае імя ён хавае) цікавіцца, ці бачыў Давыдзька трыбуну і як ён вызначыў «юных нацыстаў»?

«Па-першае, туды езьдзілі не падлеткі. У асноўным гэта людзі, каму пад 30, а шмат каму й пад 40 гадоў, — кажа Сяргей. — А па-другое, чаму нельга выказваць салідарнасьць краіне, якая, я лічу, павінна быць адзінай? А калі я за адзіную Расею, я таксама нацыст? Калі за адзіную Беларусь? Вось праз такія выказваньні потым можа зьявіцца „Магілёўская народная рэспубліка“ і іншая бздура».

Сяргею 34 гады. Заўзець за менскае «Дынама» на стадыён ён прыйшоў у 1998 годзе. Ён быў сьведкам таго, як фанаты прайшлі эвалюцыю ад хуліганаў, што вырываюць крэслы на стадыёнах і кідаюць імі ў міліцыянтаў, да арганізаванага руху, калі бойкі між клюбамі сталі праводзіцца толькі на кулаках і толькі ў лясах.

«У канцы 1990-х рух быў вельмі дзікі, — узгадвае Сяргей. — Езьдзіць на выправы ў іншыя гарады сапраўды было небясьпечна. Прыяжджае ў Наваполацак пару аўтобусаў зь Менску, а там ледзь ня ўвесь горад ужо выйшаў на плошчу, каб зьбіць заўзятараў „Дынама“. У ход ішлі і шкляныя бутэлькі, і камяні, і кіі — усё, што было пад рукой. Але было весела».

У той час нармальнай практыкай было прынесьці на бойку армейскія спражкі ці арматуру. Здараліся вельмі сур’ёзныя бойкі, за якія па сёньняшніх законах можна было б атрымаць добры тэрмін у калёніі. Шмат хто з фанатаў цяпер сядзіць у калёніях і СІЗА. Самы вялікі тэрмін — 10 гадоў. Раней за такую бойку далі б толькі пару сутак.

«Мянты таксама рабілі „чарнягу“. Заходзіць у вагон, дзе едуць фанаты-падлеткі, і запужвае пісталетам, кажа, што не застрэліць, але па нагах пастраляе. Ці маглі якога фаната кайданкамі прыкаваць у тамбуры, зьбіць дручкамі і потым туды перцавага газу напусьціць».

Трэніраваўся, каб толькі з украінцамі пабіцца

З пачатку 2000-х адна за адной узьнікаюць фанацкія так званыя «фірмы» — аб’яднаньні футбольных «хуліганаў», аматараў пабіцца зь іншымі футбольнымі фанатамі. Гэта частка фанацкай культуры па ўсім сьвеце.

А калі ў 2005-м беларускія фанаты выправіліся на таварыскі матч у Польшчы, то пабачылі, як арганізаваны тамтэйшы фанацкі рух. Пасьля гэтага дынамаўскія «хуліганскія фірмы» аб’ядналіся ў адну. Яны ўвялі строгую дысцыпліну, рэгулярна займаліся спортам, адпрацоўвалі тактыку боек.

«Большую частку жыцьця я трэніраваўся дзеля таго, каб з Украінай перасекчыся, — кажа Сяргей. — Украінцы яшчэ з савецкіх часоў былі нашымі прынцыповымі ворагамі».

Тым часам міліцыя ставілася да фанатаў усё больш жорстка. Таму яны цяпер менш б’юцца ў горадзе, а ладзяць спарынгі між клюбамі дзесьці ў лесе.

«Гэта як спорт. Ніхто не зьбіраецца нікога забіваць. Максымум — разаб’юць нос. Замест рынгу ў нас лясная паляна, вось і ўсё».

Ужо шмат гадоў ніякіх надзвычайных сытуацыяў і боек на стадыёнах не было. Але міліцыя ўсё адно жорстка ставіцца да фанатаў і звычайных заўзятараў. Таму многія байкатуюць хатнія гульні.

Справа ў тым, што міліцыянты могуць забараніць уваход на стадыён на любой падставе. У майках з «Пагоняй» — нельга. З татуіроўкамі, якіх «яны» не разумеюць ці якія ім не падабаюцца — нельга. Аднойчы Сяргей назіраў, як міліцыянты абмяркоўвалі, ці пускаць хлапца на стадыён у брэндавай майцы, дзе быў намаляваны злы смайлік.

«Яны захрасьлі ў мінулым, думаюць, што фанаты — бамжы й маргіналы. Але сярод нас дарослыя людзі, шмат у каго сем’і, добрая праца. Ёсьць нават дзяржслужбоўцы».

Па словах Сяргея, міліцыя сябе паводзіць настолькі жорстка, наколькі ёй гэта дазваляюць улады. Калі б быў загад зьверху, пасьля пераклічкі ў Барысаве фанацкі сэктар увогуле маглі б закрыць.

«Але ж Лукашэнка ня кажа, што ва Ўкраіне фашысцкі рэжым, Беларусь не прызнае „ДНР“. Каб быў загад, замест фанатаў на стадыён хадзілі б бээрэсэмаўцы. Але ж Беларусь афіцыйна вызнае нэўтральнасьць, а таму міліцыянты ня ведаюць, што з гэтым рабіць».

Зь літоўцамі будзем біцца, з расейцамі — не

На матч зборнай у Львове прыехала да дзьвюх тысяч беларусаў. Праз тыдзень быў наступны матч зборнай — зь Люксэмбургам у Барысаве. На яго прыйшлі толькі тры тысячы заўзятараў.

«Я зарокся не хадзіць на зборную дома, — кажа Сяргей. — Я не магу быць на стадыёне з гуртком БРСМ і п’янымі барысаўскімі заўзятарамі, якія будуць размахваць чырвона-зялёным сьцягам».

Ён кажа, што самая шчырая падтрымка адбываецца менавіта на гасьцявых матчах, куды даяжджаюць толькі адданыя заўзятары.

«Там я магу нармальна вывесіць свой сьцяг, выдатная атмасфэра, мне ніхто нічога ня скажа, я магу нармальна пазаўзець. За свой сьцяг я не атрымаю 15 сутак».

Самыя масавыя выправы ў беларускіх фанатаў былі менавіта ва Ўкраіну. Ня толькі праз палітычныя акалічнасьці, але й таму, што гэта блізка, і каб туды паехаць, не патрэбныя візы.

«Мог бы быць масавым выезд і ў Вільню. Але пераклічак, як з украінцамі, там чакаць ня трэба. Я ўпэўнены, зь літоўцамі ў нас былі б масавыя бойкі».

Што цікава, па словах Сяргея, да расейскіх фанатаў у яго няма ніякай перадузятасьці. Шмат хто зь беларускіх фанатаў мае сяброўскія стасункі з расейцамі, а таму канфлікту з расейскімі фанатамі, ён лічыць, не павінна ўзьнікнуць.

«Насамрэч, іхнія фанаты — збольшага адэкватныя людзі. Хай сабе нехта скруціў галаву на імпэрцы, гэта іхняя справа, у іх свая гісторыя. Калі нічога не нагнятаць, мы застанемся нэўтральнымі да іх, як і яны да нас».

Для нас «Пагоня» й бел-чырвона-белы сьцяг — гэта не палітыка, а сымбалі краіны

Фанаты могуць мець тыя ці іншыя палітычныя погляды, але найперш яны вызнаюць сябе як патрыётаў. Праўда, у канцы 1990-х — на пачатку 2000-х сярод іх было шмат скінхэдаў, нехта выступаў за саюз з Расеяй, нехта — за трыадзінства Беларусі, Украіны і Расеі.

Фанаты сябе заўжды стараюцца пазыцыянаваць як нэўтральны рух, не выступаючы ні за якую канкрэтную партыю.

«Гэта вельмі моцны і ідэйны рух, і мы ведалі, што нас заўжды хочуць пераманіць на свой бок і апазыцыя, і ўлада. Але мы апалітычныя. Мы ня робім заяў ні ў чыю падтрымку».

А тое, што фанаты выходзяць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, не азначае, што яны падтрымліваюць апазыцыю. Наадварот, фанатаў вельмі раздражняе, калі іх адносяць да апазыцыянэраў.

«Для кагосьці бел-чырвона-белы сьцяг і „Пагоня“ — гэта палітыка. Для фанатаў — гэта ўсяго толькі сьцяг і герб. Мы абіраем гэтыя сымбалі. Апазыцыя і раней спрабавала прымазацца да нас, і мы заўжды ад гэтага шалелі».

У процівагу, Сяргей кажа, многія фанаты не падзяляюць дэмакратычных каштоўнасьцяў, пра якія гавораць у апазыцыі.

«Мы не талерантныя да гей-прапаганды, мы даволі жорсткія да мігрантаў, празь якіх расьце крымінал у Беларусі. Ці падзяляе такія погляды апазыцыя, якая залічвае нас у свае шэрагі?»

Але найперш, кажа Сяргей, фанаты — патрыёты сваёй краіны, нягледзячы на розныя палітычныя погляды. Шмат хто зь іх быў на Плошчы ў 2010-м. Але не пад сьцягамі клюбаў, а як неабыякавыя грамадзяне.

«І я ведаю, што калі ўзьнікне хоць якая пагроза для нашай краіны, фанаты будуць першымі, хто пойдзе бараніць Беларусь, ваяваць за яе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG