Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У польскім Сэйме прайшло абмеркаваньне прыёму ў краіну ўцекачоў


На адмысловай пазачарговай сэсіі польскага Сэйму ў Варшаве ў сераду абмяркоўваліся пытаньні, зьвязаныя з прыёмам у краіну ўцекачоў.

Выступленьні часткі дэпутатаў насілі надзвычай эмацыйны характар — настрой нядаўніх вулічных акцый за і супраць прыёму ўцекачоў, здавалася, перанёсься ў парлямэнт.

«У 90-я гады, калі Польшча была значна бяднейшая, чым цяпер, мы прынялі 86 тысяч чачэнцаў. І што, вы бачылі на кожным рагу тэрарыстаў? Падвысіўся ўзровень беспрацоўя? Што-небудзь пагражала бясьпецы палякаў?» — пыталася ў дэпутатаў прэм’ер-міністарка Эва Копач.

Яраслаў Качынскі, лідэр апазыцыйнай партыі «Права і справядлівасьць», перасьцярог перад ісламізацыяй Эўропы і заклікаў дапамагаць уцекачам за межамі Польшчы.

«Пытаньне ў тым, ці мае ўрад права пад ціскам звонку і бязь яснай згоды народу прымаць рашэньні, якія будуць нэгатыўна ўплываць на наша жыцьцё? Мы на гэта не пагодзімся», — сказаў Качынскі.

У адказ Эва Копач абвінаваціла апазыцыю ў ксэнафобіі і антыэўрапейскай палітыцы, а чарнаскуры дэпутат парлямэнту, пастар Джон Годсан даў свой рэцэпт, як пазбавіцца ад страху перад ісламізацыяй:

«Я скажу так. Баіцеся ісламізацыі Эўропы — пачніце па-сапраўднаму верыць у Ісуса Хрыста і быць яго вучнямі!»

Міністар унутраных спраў Тэрэза Пятроўска, у сваю чаргу, заявіла, што ў Польшчы ўжо быў распрацаваны мэханізм на выпадак масавага наплыву ўцекачоў з Украіны, які ў выпадку неабходнасьці можна выкарыстоўваць у паўднёвай частцы краіны.

Прадстаўнікі Саюзу левых дэмакратаў заклікалі ўрад супрацоўнічаць і з ЗША, і з Расеяй у пытаньні ўрэгуляваньня ўзброенага канфлікту ў Сырыі.

Экспэрты адзначаюць, што цяпер палітыкі актыўна выкарыстоўваюць тэму ўцекачоў у выбарчай кампаніі (парлямэнцкія выбары ў Польшчы пройдуць 25 кастрычніка), пазьбягаючы пры гэтым дыскусій на больш важныя для краіны тэмы — падатковай рэформы, тэхнічнага пераабсталяваньня войска або рэформы сыстэмы аховы здароўя.

У ліпені сёлета Польшча афіцыйна абавязалася прыняць 2000 уцекачоў, у той час як у Эўразьвязе чакаюць, што гэтая лічба складзе прынамсі 12 тысяч.

Характэрна, што за кожнага прынятага ўцекача Эўрапейскім Зьвязам для краіны прадугледжана кампэнсацыя памерам 10 тысяч эўра.

Паводле афіцыйных дадзеных, колькасьць імігрантаў у Польшчы складае на сёньняшні дзень 0,3 працэнта ад усяго насельніцтва краіны.

XS
SM
MD
LG