Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буйны арышт беларускіх мытнікаў можа быць вынікам расейскіх санкцый


Справа аб карупцыі на Ашмянскай мытні можа быць як разавай «піяр-акцыяй», так і пачаткам сур’ёзнай барацьбы з хабарам на мяжы.

У сакавіку КДБ і іншыя праваахоўныя органы выкрылі карупцыйную схему на Ашмянскай мытні, тады затрымалі 19 чалавек, абвінавачаных у хабарніцтве. 15 верасьня кіраўніцтва Дзяржаўнага мытнага камітэту лічбу адкарэктавала — за кратамі ўжо чатыры дзясяткі супрацоўнікаў, ня чыстых на руку. У рамках адной з найбуйнейшых карупцыйных спраў канфіскавана больш за 2 мільёны 200 тысяч даляраў.

Выглядае, што ў злачынную дзейнасьць быў уцягнуты амаль увесь асабовы склад мытнага пасту «Каменны Лог».

Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

Грамадзянскі актывіст з Астравеччыны Мікалай Уласевіч у размове з Радыё Свабода выказаў думку, што чарговыя затрыманьні — звычайны «піяр-ход» напярэдадні выбараў. На яго думку, карупцыя на мяжы распаўсюджаная вельмі шырока, а для таго, каб паказаць, што барацьба зь ёй вядзецца, абралі адзін пераход, які перад нейкім «правініўся».

Алег Воўчак
Алег Воўчак

Іншай думкі трымаецца Алег Воўчак, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» — да яго спрабавалі зьвярнуцца па дапамогу некалькі чалавек, зьвязаных са справай мытнікаў.

Вялікае затрыманьне можа быць выгадным ня толькі Беларусі, а нават у большай ступені Расеі, ды мець наступствы для іншых памежных пераходаў, — патлумачыў ён Свабодзе. Спадар Воўчак зьвязвае затрыманьні з таварамі, якія празь Беларусь правозяцца ў Расею насуперак тамтэйшым санкцыям. А праходжаньне санкцыйных тавараў б’е па расейскіх вытворцах.

Праваабаронца згодны, што карупцыйныя схемы, хутчэй за ўсё, існуюць і на іншых участках мяжы і мытні: «Проста нешта выйшла за межы, што прыйшлося арыштоўваць усіх, — мяркуе ён. — Ня выключана, што расейскія спэцслужбы падкінулі інфармацыю нашым, а тыя ўжо былі вымушаныя рэагаваць. Бо такі паток прадукцыі ішоў, што трэба было Расеі неяк рэагаваць».

На думку праваабаронцы, затрыманыя могуць пайсьці на супрацу са сьледзтвам, каб зьменшыць сабе пакараньне: «Тады ня выключана, што могуць выйсьці і на іншыя рэгіёны, бо мытнікаў чаргуюць: Горадню — на Берасьце, на Літву, ёсьць такая практыка. Могуць усплыць і іншыя кантрабандныя шляхі праходжаньня гэтага тавару».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG