Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыдзька сабраўся прасіць прабачэньня ў футбольных фанатаў


Генадзь Давыдзька

Генадзь Давыдзька

Кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька сказаў, што назваў беларускіх заўзятараў, якія езьдзілі на матч зборных Беларусі і Ўкраіны ў Львоў, нацыстамі «згарача».

«Пра гэтых фанатаў, заўзятараў футбольных — мне непрыемна, што там непаразуменьні ёсьць. Нібыта пакрыўдзіліся на мяне, што я назваў іх нацыстамі... Ну, гэта я „згарача“, бадай што і прабачэньня трэба будзе папрасіць», — сказаў ён у эфіры Эўрарадыё.

У апошнім выпуску праграмы «Клюб рэдактараў» абмяркоўваўся футбольны матч зборных Украіны і Беларусі і паводзіны падчас яго беларускіх і ўкраінскіх заўзятараў. Генадзя Давыдзьку абурылі «антырасейскія крычалкі», якія гучалі падчас матчу, і тое, што беларускія заўзятары ахвотна іх падтрымлівалі. «Чаму нашу краіну на трыбунах у суседняй краіне прадстаўляюць юныя нацысты?» — абураўся кіраўнік БТ.

Адзін з заўзятараў зборнай Беларусі па футболе апублікаваў у «Нашай Ніве» адкрыты ліст кіраўніку БТ з нагоды гэтага яго выказваньня. Андрэй Валькоўскі патрабаваў, каб Генадзь Давыдзька прадставіў доказы свайму абвінавачаньню: «Цяжка сабе ўявіць і тое, што Вы маглі б назваць нацысцкім сфармуляваны Янкам Купалам лёзунг «Жыве Беларусь», — піша ён і дадае таксама, што «лёзунг „Слава Ўкраіне“ сягае вытокаў украінскай незалежнасьці ў новай гісторыі і зьвязваць яго з нацызмам могуць толькі прапагандысты тэндэнцыйных тэлеперадач. Яшчэ менш хочацца верыць у тое, што Вы ўсур’ёз можаце лічыць песьні беларускага гурту „Ляпіс Трубецкой“, „Тры чарапахi“ NRM, народную „Купалінку“ ці тыповыя беларускія фанацкія крычалкі ў падтрымку зборнай нацысцкай творчасьцю. Гэта было б ужо ўвогуле па-за межамі... Быў яшчэ банэр з простым, але адназначным салідарным зьместам „Трымайцеся, браты“. Хацелася б адзначыць, паважаны спадар Давыдзька, што беларускія аматары футболу выказалі сваю салідарнасьць украінскаму народу ў рэчышчы агульнага стаўленьня Беларусі да няпростай сытуацыі ва Ўкраіне», — пісаў Валькоўскі.

Пра гэта са спасылкай на Эўрарадыё піша «Наша Ніва».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG