Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перакупшчыкі квіткоў на Лігу Чэмпіёнаў: было 300, засталося 5, сьпяшайцеся!


Усе квіткі на хатнія гульні БАТЭ ў Лізе Чэмпіёнаў праз касы былі распрададзеныя 14 верасьня за 40 хвілін. Багата зь іх трапіла ў рукі перакупшчыкам.

Знайсьці квіткі на гульні БАТЭ — «Барсэлёна» (20 кастрычніка) ці БАТЭ — «Баер» (24 лістапада) няцяжка: іх прадаюць на шэрагу агульнавядомых форумаў. Цэны далёкія ад тых, што былі ў касах: самае таннае, што ўдалося знайсьці, — гэта 700 тысяч, але асноўная маса прапаноў — ад 2 млн. Часьцей за ўсё асабістыя нумары тэлефонаў на форумах не пакідаюць: «Пішыце ў прыват».

Але знаходзяцца і тыя, хто дае нумары. Па адной абвестцы нават даюць расейскі нумар і просяць зьвяртацца праз мэсэнджэры Viber ці WhatsApp. Прадаюць некалькі пакетаў (квіткі адразу на тры гульні групавога этапу) прынамсі на тры розныя сэктары, цэны ад 115 да 145 даляраў (2,042–2,575 млн). Месцаў дастаткова: на самыя танныя месцы гатовыя даць і чатыры квіткі побач. Нягледзячы на расейскі нумар, перадаць іх могуць асабіста ў рукі ў Менску.

Па іншым нумары, ужо беларускім, гатовыя прадаць квіткі на гульню БАТЭ — Барсэлёна. Чатыры квіткі разам таксама можна, ля самых лаваў запасных у другім радзе. А вось пяць разам ужо ня выйдзе. Але перакупшчык гатовы дапамагчы — даць яшчэ адно месца ў іншым сэктары. Перакупшчык кажа, што тыя чатыры месцы добрыя, ён ведае, бо сам з Барысава і часта ходзіць на гульні. Ці будуць яшчэ квіткі, пытаемся:

«У мяне на сувязі яшчэ некалькі чалавек, якія, ну... плянуюць адмовіцца. Можаце назвоньваць, але ня надта часта. Гадзіны празь дзьве патэлефануйце», — няўпэўнена кажа суразмоўца.

Крыху сарамліва перакупшчык пытае, ці бачылі мы цэны. Як высьветлілася, яны ўжо вырасьлі: чатыры квіткі на згаданыя месцы каля лаваў запасных ён ужо прадаў за два мільёны, яны «разыходзяцца як гарачыя піражкі». Цяпер даражэй: 2,3 млн, зьніжаць ня будзе. Куды ўжо даражэй, пытаемся:

«Слухайце, ну вы ж не адзін у мяне, ня хочаце — не бярыце!» — пераконвае ён і нагадвае, што новыя квіткі могуць зьявіцца, а могуць і не.

Яшчэ ў аднаго перакупшчыка зь беларускім нумарам засталося толькі пяць квіткоў на гульню БАТЭ зь левэркузэнскім «Баерам».

«Усё, больш ня зьявіцца, не! Трыста штук было, засталося пяць штук усяго!» — перакупшчык нібы хоча хутчэй пазбавіцца ад рэшты партыі тавару і нават зьбівае цану зь мільёна да 700 тысяч за квіток.

«Едзьце зараз на завулак Каржанеўскага і забірайце! — ён амаль выкрыквае кожнае слова. — Бо ахвочых цэлая куча, я ня буду чакаць вас да вечара. Увечары яшчэ будзе чалавек ехаць там».

Заўзятары наракаюць на немагчымасьць купіць квіткі па даступных цэнах. Адзін з заўзятароў БАТЭ нават накіраваў у клюб абураны ліст, які трапіў у СМІ. Але рэакцыі на той ліст пакуль няма.

XS
SM
MD
LG