Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька агітуе больш, чым зарэгістраваныя кандыдаты


Анатоль Лябедзька. Пікет Статкевіча ў Менску

Анатоль Лябедзька. Пікет Статкевіча ў Менску

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька заявіў Свабодзе, што бярэ на сябе пэрсанальную адказнасьць за менскі пікет 16 верасьня ў памяць Ганчара і Красоўскага.

«Мы ведаем, што адбылося рэальна, — гэта забойства. Але мы ставім пытаньне прыцягненьня да адказнасьці тых, хто гэта арганізоўваў і зьдзяйсьняў. У нашых умовах гэта сакрэт Палішынэля. Мы будзем гаварыць пра гэта і паспрабуем паказаць грамадзянам дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, што ёсьць падставы для судовай справы», — сказаў палітык у інтэрвію Свабодзе.

Ня здолеўшы сабраць неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты 100 тысяч подпісаў, Анатоль Лябедзька актыўна выкарыстоўвае пэрыяд агітацыі, ладзячы пікеты каля менскага ГУМу:

«Усё залежыць ад таго, як вы ставіцеся да падзеяў, якія разгортваюцца вакол вас. Мы ставімся да гэтых падзеяў як да палітычнай кампаніі. Таму тое, што мы робім, — лягічна, пасьлядоўна і прынцыпова. Мы яшчэ да пачатку кампаніі заяўлялі, што перад намі стаіць шэраг задач, якія мы вырашаем падчас кампаніі. Мы не гуляем па правілах улады. У нас ёсьць свой сцэнар. Таму для нас рэгістрацыя ня ёсьць фактарам, які ўплывае на нашу дзейнасьць. Мы робім тое, што агучылі да пачатку кампаніі».

Сёньня АГП ладзіць пікет памяці Ганчара і Красоўскага, якія зьніклі 16 год таму. Анатоль Лябедзька кажа, што прынцыпова не падаваў заявак на правядзеньне масавага мерапрыемства:

«Мы кіруемся існуючым заканадаўствам. Пікет пройдзе ў адпаведнасьці з артыкуламі 35 Канстытуцыі і 45 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Гэты артыкул дазваляе партыям і грамадзянам крытыкаваць праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты. Вось мы і крытыкуем усіх кандыдатаў, бо ў іхніх праграмах няма пункту пра расьсьледаваньне зьнікненьня палітыкаў і журналіста. Мы тлумачым гэты артыкул так, што падчас вядзеньня агітацыйнай кампаніі ёсьць права на пікеты ня толькі ў тых, хто мае пасьведчаньне кандыдата, але і ў любога грамадзяніна. Мы гэтым артыкулам і кіруемся. Так было падчас пікету за свабодныя і сумленныя выбары, які ініцыяваў Мікола Статкевіч, так будзе і сёньня. Мы лічым, што пасьля вызваленьня палітычных вязьняў самым балючым пытаньнем для Беларусі застаецца скраданьне і забойства палітыкаў і журналіста ў Беларусі. Пра гэта і будзем гаварыць на пікеце».

Лідэр АГП сказаў, што да канца тэрміну агітацыі партыя заплянавала яшчэ шэраг пікетаў. Некалькі зь іх будуць прысьвечаныя эканамічнай тэматыцы. Таксама АГП далучыцца да агучанага Ўладзімерам Някляевым пікету супраць вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі.

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, які таксама не сабраў 100 тысяч подпісаў, лічыць, што цяпер самае важнае — сканцэнтравацца на падрыхтоўцы назіральнікаў за выбарамі. Бо на падставе іхніх справаздачаў выбарчую кампанію будуць ацэньваць міжнародныя структуры:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Сёньня ўсе партыі, нават тыя, якія не вылучалі прэтэндэнта на ўдзел у выбарах, вядуць палітычную працу. Займаецца гэтым і наша партыя. Мы арганізуем назіраньне за выбарамі, аналізуем выбарчую кампанію ў рамках кампаніі „За справядлівыя выбары“. Мы рыхтуем і навучаем назіральнікаў, якія на прафэсійным узроўні будуць назіраць на выбарамі цягам 6 дзён датэрміновага галасаваньня, а таксама весьці масавае назіраньне ў дзень выбараў 11 кастрычніка. Найважнейшым пытаньнем гэтага назіраньня будзе адкрытасьць падліку галасоў».

XS
SM
MD
LG