Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка, хутчэй за ўсё, ня будзе выступаць па тэлебачаньні


Белтэлерадыёкампанія да паўдня 16 верасьня ня мела інфармацыі пра тое, ці адбудзецца выступ па тэлебачаньні Аляксандра Лукашэнка ў якасьці кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ў сераду ўвечары.

Пра гэта паведаміла агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на прэс-службу БТ.

Паводле рашэньня ЦВК Лукашэнку дадзены эфір 16 верасьня ў 19:30. Аднак у праграме перадач тэлеканалу «Беларусь 1» у гэты час пазначаны перадачы «Нашы» і «Зона Х».

«У адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам і рашэньнем Цэнтравыбаркаму Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь дае тэле- і радыёэфір усім зарэгістраваным кандыдатам у прэзыдэнты для іх выступаў. Рашэньне аб выкарыстаньні або невыкарыстаньні прадстаўленага эфірнага часу для звароту да выбаршчыкаў прымае непасрэдна сам кандыдат у прэзыдэнты», — адзначыла кіраўніца прэсавай службы «Белтэлерадыёкампаніі» Сьвятлана Смалонская-Краскоўская.

«Лягічна, што і пытаньне аб тым, ці будзе выступаць той ці іншы кандыдат, неабходна адрасаваць самому кандыдату», — дадала яна.

У прэс-службе Лукашэнкі заявілі, што «кіраўнік дзяржавы знаходзіцца ў замежнай камандзіроўцы» — увечары 15 верасьня ён прыбыў у Сочы, дзе возьме ўдзел у другім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які пройдзе 17–18 верасьня.

Выступы кандыдатаў у прэзыдэнты на тэлебачаньні разьмеркаваныя наступным чынам: Сяргей Гайдукевіч выступаў 15-га і выступіць яшчэ раз 25-га верасьня, Тацяна Караткевіч — 17 і 24 верасьня, Аляксандар Лукашэнка — 16 і 23 верасьня, Мікалай Улаховіч — 18 і 22 верасьня.

XS
SM
MD
LG