Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін: Сапраўдных кандыдатаў у прэзыдэнты ня бачу


Аляксандар Казулін

Аляксандар Казулін

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2006 Аляксандар Казулін у інтэрвію Свабодзе заявіў, што браць удзел у цяперашніх выбарах немагчыма, бо выбараў няма.

«Можна прымаць удзел толькі ў тым, што існуе на самай справе», — адказаў на пытаньне «ўдзел у выбарах ці байкот» Аляксандар Казулін, кандыдат на выбарах прэзыдэнта 2006 году, які «за арганізацыю масавых беспарадкаў» прасядзеў за кратамі два зь лішнім гады і быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам, хаця сваёй віны не прызнаў.

Яшчэ ўлетку Казулін казаў пра немагчымасьць удзелу ў выбарах, «якіх няма», ды нагадваў, што апазыцыя не зьбіралася браць удзел у выбарах, калі за кратамі знаходзіцца хоць адзін палітвязень. Цяпер, калі «зыходзячы з прынцыпаў гуманізму» былі адпушчаныя ўсе палітзьняволеныя, ён не зьмяніў свайго стаўленьня:

«Ведаеце, калі былі мінулыя парлямэнцкія выбары, то пасьля іх якія былі зьмены ў выбарчым заканадаўстве? — пытае Казулін. — Тады ж было такое паняцьце як байкот. І частка апазыцыі вельмі сур’ёзна над гэтым працавала, а частка яе крытыкавала. Ну, а на самай справе... Калі адбыўся байкот і калі ўлады ўбачылі, што гэта вельмі небясьпечна, то яны зрабілі зьмены ў выбарчым заканадаўстве, дзе паняцьце „байкот“ было забароненае. Таму рабіце высновы».

Што варта рабіць кандыдатам, якія ўжо бяруць удзел у выбарах-2015? Казулін ня можа даць параду: ён проста ня бачыць кандыдатаў.

«Сапраўдных кандыдатаў, — удакладняе ён. — Тых, якія... Калі вы разумееце, што такое кандыдат у прэзыдэнты, задайцеся пытаньнем, знайдзіце адказ, і станецца ўсё зноў вельмі ясна».

Аляксандар Казулін упэўнены, што ідэя байкоту ўжо дастаткова папулярная ў грамадзтве:

«Вы запытайце сваіх знаёмых, — кажа ён пра ацэнку колькасьці староньнікаў байкоту. — Будзе там хоць адзін там... з дваццаці, хто лічыць, што гэтае пытаньне сапраўднае і сумленнае? І самі тады сабе адкажыце на гэта».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG