Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску пройдзе пікет памяці Ганчара і Красоўскага


Акцыя салідарнасьці са зьніклымі палітыкам Віктарам Ганчаром і прадпрымальнікам Анатолем Красоўскім, архіўнае фота

Акцыя салідарнасьці са зьніклымі палітыкам Віктарам Ганчаром і прадпрымальнікам Анатолем Красоўскім, архіўнае фота

16 гадоў таму ў Менску пры нявысьветленых абставінах зьніклі апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Увечары 16 верасьня 1999 году Віктар Ганчар, які спачатку быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі і дапамог яму прыйсці да ўлады, а потым сышоў у апазыцыю, і ягоны сябар Анатоль Красоўскі прыехалі ў лазьню, разьмешчаную ў Менску па вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў «Джып-Чэрокі» Красоўскага.

Крымінальную справу па факце зьнікненьня Ганчара і Красоўскага завяла пракуратура Менску. Паводле сьледзтва, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя аскепкі плястмасавых расьсейвальнікаў сьветласыгнальных прыбораў аўтамабіля, сьляды тармажэньня аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сьляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспэртызы паказалі, што паходжаньне знойдзеных на месцы здарэньня сьлядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасьці вывадаў аб паходжаньні плямаў крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказаньняў сьведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі, — нагадвае БелаПАН.

Прадстаўнікі апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная грамадзкасьць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя паводле палітычных матываў, і падазраюць у датычнасьці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асобаў краіны.

Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла лічыць, што ўлады не зацікаўленыя ў расьсьледаваньні гэтай справы:

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

«Не сакрэт, што гэта было ня проста зьнікненьне, Ганчар і Красоўскі былі забітыя, — кажа ён. — Непрыняцьцем належных захадаў да расьсьледаваньня гэтай справы ўлады дэманструюць сваю датычнасьць да іх зьнікненьня».

На думку юрыста БХК, рэальнае расьсьледаваньне гэтай справы можа аднавіцца толькі ў выпадку зьмены існай улады.

Сёння ўвечары ў Менску каля ГУМа актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у якой быў Віктар Ганчар, плянуюць правесьці пікет памяці «16 гадоў без Ганчара і Красоўскага». «Заяўка на пікет не падавалася. Пікет пройдзе ў адпаведнасьці з артыкуламі 35 Канстытуцыі і 45 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь», — паведаміла прэсавая служба АГП.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG